Мітынг-рэквіем «Дзяды» 30 кастрычніка 1988 года

акцыя пратэсту

Мітынг-рэквіем «Дзяды» адбыўся 30 кастрычніка 1988 года ў Мінску, быў разагнаны міліцыяй.

Мітынг-рэквіем «Дзяды»
Дата 30 кастрычніка 1988
Месца Мінск, Беларусь

Перадгісторыя

правіць

Ініцыятарамі мітынгу выступілі арганізацыі, якія тым часам называлі «нефармаламі». На хвалі Перабудовы яны займаліся пытаннямі рэстаўрацыі архітэктурных помнікаў, літаратуры, а таксама абароны навакольнага асяроддзя, паступова, аднак, пераходзячы да палітычных пытанняў.

Першая значная акцыя па адзначэнні Дзядоў у Беларусі адбылася ў 1987 годзе ў Мінску ў парку імя Янкі Купалы, ладзілі яе моладзевыя суполкі — «Тутэйшыя», «Талака». 29 кастрычніка 1987 года былі 50 угодкі расстрэлу вялікай групы беларускай інтэлігенцыі, разам з аднаўленнем народнай традыцыі арганізатары мелі на ўвазе антысталінскі і нават антысавецкі падтэкст[1].

Арганізацыю мітынгу-рэквіему ў 1988 годзе ўзяло на сябе таварыства маладых літаратараў «Тутэйшыя» пры Саюзе пісьменнікаў Беларусі на чале з Алесем Бяляцкім. 14-17 кастрычніка 1988 года Алесь Бяляцкі і Анатоль Сыс звярнуліся ў выканаўчыя камітэты раённых Саветаў народных дэпутатаў і ў Мінскі гарадскі выканаўчы камітэт, каб атрымаць дазвол на правядзенне шэсця і гістарычна-літаратурнага беларускага свята-мітынгу «Дзяды», на якім меліся ўшанаваць памяць продкаў.

Арганізацыяй мітынгу заняліся таксама новаствораныя 19 кастрычніка 1988 года «Мартыралог Беларусі» і аргкамітэт па стварэнні Беларускага Народнага Фронта пад кіраўніцтвам Зянона Пазняка. Падрыхтоўка адбываліся ў новай інфармацыйнай атмасферы, пасля публікацыі тэксту Зянона Пазняка і Яўгена Шмыгалёва «Курапаты — дарога смерці». Такім чынам асноўным акцэнтам гэтых Дзядоў мела стаць ушанаванне памяці і адкрыццё праўды пра рэпрэсіі.

 
Улёткі на Дзяды 1988 года.

24-25 кастрычніка ўладамі былі дадзены адмовы ў правядзенні мітынгу (афіцыйнае рашэнне Мінгарвыканкама надрукаваў «Вячэрні Мінск»). Ініцыятары мітынгу былі выкліканы 26 кастрычніка ў пракуратуру Мінска, дзе іх афіцыйна папярэдзілі аб магчымым парушэнні заканадаўства. Арганізатары тым часам наладзілі інфармаванне пра будучую акцыю, выкарыстоўваючы ў тым ліку распаўсюджванне ўлётак (28 кастрычніка за такое распаўсюджванне быў затрыманы Алесь Пушкін).

Падзеі 30 кастрычніка

правіць

Улады, кінулі вялікія сілы з мэтай недапушчэння правядзення мітынгу. Для нясення службы 30 кастрычніка былі задзейнічалі 600 міліцыянтаў не толькі Мінскага гарнізона, але і курсанты навучальных устаноў МУС СССР, 30 міліцэйскіх, а таксама 2 пажарныя машыны.

У дзень акцыі ўлады спынілі рух двух апошніх станцый метро, і яе ўдзельнікі мусілі гэтыя дзве станцыі ісці пехатой.

Кульмінацыя падзей 30 кастрычніка 1988 года здарылася пасля 14 гадзін у раёне сквера па вуліцы Каліноўскага (каля Маскоўскіх могілак). Грамадзяне, што крочылі каб адзначыць Дзень памяці продкаў ва ўрочышчы Курапаты, былі жорстка разагнаны міліцыянтамі, якія выкарыстоўвалі газ «чаромха», а таксама гумавыя дубінкі. Затрымалі 72 чалавекі. Разгон мітынгу непасрэдна курыраваў тагачасны міністр унутраных спраў БССР Віктар Піскароў.

Вынікі

правіць

Ініцыятары мітынгу ўсю віну за разгон узлажылі на ўлады, назваўшы гэта праявай сталінізму. Разгон акцыі быў негатыўна ўспрыняты многімі творчымі саюзамі, прадстаўнікамі інтэлігенцыі. Прававую ацэнку падзеям 30 кастрычніка 1988 г. дала адмыслова створаная камісія на чале са Старшынёй Прэзідыума Вярхоўнага Савета БССР Георгіем Таразевічам. Вынікам дзейнасці камісіі стала пастанова Прэзідыума ад 14 лістапада 1988 г., у якой арганізатары мітынгу вінаваціліся ў тым, што жадалі выкарыстоўваць шэсце ў мэтах, якія не маюць нічога агульнага з рытуалам памінання, нягледзячы на атрыманую забарону.

30 кастрычніка 1988 года прайшоў першы ў найноўшай гісторыі Беларусі масавы мітынг, арганізаваны «знізу». Аднак падзеі пацвердзілі, што кіраўніцтва КПСС не мела намеру занадта аслабляць кантроль над грамадствам. Адносіны паміж уладамі і нефармальным, альтэрнатыўным рухам у Беларусі перайшлі ў стадыю адкрытай варожасці.

У культуры

правіць

Падзеі 30 кастрычніка 1988 года ў Мінску апісаны ў вершы Рыгора Барадуліна «Дыктант 30 кастрычніка 1988 года»:

  У сшытку Мінска не месціўся сказ
Дыктант дыктаваў слёзацечны газ.
Па жывых спраўлялі памінкі,
Чакалі размінкі
Знакі прыпынку —
Дубінкі...[2]
 

Зноскі

  1. Студзінская, Іна. Алесь Бяляцкі пра Дзяды: «Мы паспрыялі адраджэньню народнага сьвята, актуалізаваўшы трагічныя падзеі 1930-х» . Радыё Свабода (31 кастрычніка 2015). Праверана 12 сакавіка 2025.
  2. Рыгор Барадулін. Міласэрнасць плахі. — Мінск: Маст. літ., 1992. — С. 110. — 302 с. — ISBN 5-340-00895-9.

Спасылкі

правіць