Міхаэль Штыфель (ням.: Michael Stifel, каля 1487, Эслінген-на-Некары — 19 красавіка 1567, Ена) — нямецкі матэматык, адзін з вынаходнікаў лагарыфмаў, актыўны дзеяч пратэстанцкай Рэфармацыі.

Міхаэль Штыфель
ням.: Michael Stifel
Род дзейнасці матэматык, выкладчык універсітэта, пісьменнік, манах, багаслоў
Дата нараджэння 1487[1]
Месца нараджэння
Дата смерці 19 красавіка 1567[1]
Месца смерці
Грамадзянства
Веравызнанне лютэранства
Месца працы
Альма-матар
  • Вітэнбергскі ўніверсітэт[d][2][3]
Лагатып Вікісховішча Медыяфайлы на Вікісховішчы

Біяграфія

правіць

Штыфель вырас у багатай сям’і. Ён вучыўся ў Вітэнбергскім універсітэце, дзе атрымаў званне магістра. У 1511 годзе Штыфель пастрыгся ў манахі, пражываў у аўгустынскім Эслінгенскім манастыры. Неўзабаве пачалася Рэфармацыя, і Штыфель стаў на бок Лютэра. Яго паэма Von der christfermigen rechtgegründeten leer Doctoris Martini Lutheri (1522) выклікала скандал, і Штыфель вымушаны быў бегчы ў Франкфурт-на-Майне. Лютэр дапамог яму ўладкавацца пастарам.

У гэты перыяд Штыфель заняўся нумаралагічным даследаваннем Бібліі, спрабуючы знайсці ў ёй утоены лікавы сэнс. У яго кнізе «Пра канец свету» ён заявіў, што імя незадоўга да таго памерлага рымскага Папы Льва X (LEO DECIMVS) супадае з Лікам Звера, і таму канец свету надыдзе 19 кастрычніка 1533 года а 8-й гадзіне раніцы. Калі яго прадказанне не спраўдзілася, яго арыштавалі і заключылі на 4 тыдні ў турму. У далейшым ён не спрабаваў рабіць якія-небудзь прадказанні.

З 1535 па 1547 год Штыфель быў пратэстанцкім пастарам у Хольцдорфе. Да гэтага перыяду адносяцца яго галоўныя працы ў галіне матэматыкі. Затым пачалася Шмалькальдэнская вайна, і Штыфелю зноў прыйшлося бегчы (у Кёнігсберг). У 1559 годзе ён пераехаў у Ену, дзе стаў першым прафесарам матэматыкі ва ўніверсітэце горада.

Навуковая дзейнасць

правіць

Штыфель пакінуў прыкметны след у развіцці алгебры. У яго галоўнай працы Arithmetica integra (Нюрнберг, 1544) ён даў змястоўную тэорыю адмоўных лікаў, узвядзення ў ступень, розных прагрэсій і іншых паслядоўнасцяў. Штыфель упершыню выкарыстаў паняцці «корань» і «паказчык ступені» (лац. exponens), прычым падрабязна аналізаваў і цэлыя, і дробавыя паказчыкі. Апублікаваў правіла ўтварэння бінаміальных каэфіцыентаў і склаў іх табліцы да 18-й ступені. Штыфель перапрацаваў (фактычна напісаў нанова) кнігу алгебраіста (касіста) Крыстафа Рудольфа, і скарыстаныя там сучасныя пазначэнні арыфметычных аперацый з гэтага моманту ўкараніліся ў матэматыцы (1553).

Зноскі

  1. а б MacTutor History of Mathematics archive — 1994. Праверана 22 жніўня 2017.
  2. а б в г д MacTutor History of Mathematics archive — 1994.
  3. The Galileo Project