Напад у саборы Святой Нядзелі

Напад у саборы Святой Нядзелі (балг.: Атентат в църквата «Света Неделя») — тэрарыстычная атака на праваслаўны Сабор Святой Нядзелі ў Сафіі (Балгарыя), якая адбылася 16 красавіка 1925. Храм быў узарваны групоўкай з ваеннага крыла Балгарскай камуністычнай партыі (БКП) з мэтай знішчыць ваенна-палітычную эліту цара Барыса III.

Напад у саборы Святой Нядзелі
Царква Святой Нядзелі пасля атакі. Паштовая картка
Царква Святой Нядзелі пасля атакі. Паштовая картка
Месца нападу Сабор Святой Нядзелі (Сафія)
Мэта нападу Ліквідацыя дзяржаўных і ваенных дзеячаў Балгарыі
Дата 16 красавіка 1925
15:20
Спосаб нападу Падрыў будынку
Зброя Бомба
Загінулыя 213
Параненыя каля 500
Колькасць тэрарыстаў 6
Арганізатары ВА БКП

Пры выбуху на месцы загінулі 150 чалавек, яшчэ каля 500 былі паранены[1]. Сярод загінулых былі мэр Сафіі, 11 генералаў, 25 вышэйшых афіцэраў, шэф паліцыі. Прэм’ер-міністр і прадстаўнікі ўраду ацалелі, а цар Барыс III на цырымоніі не прысутнічаў.

Пасля тэракту ў краіне было ўведзенае ваеннае становішча і разгарнуліся шырокія рэпрэсіі.

Падрыхтоўка

правіць

Пасля здушэння Вераснёўскага паўстання 1923 года і забароны БКП Вярхоўным касацыйным судом Балгарыі  (балг.) 2 красавіка 1924 Камуністычная партыя працягнула нелегальную дзейнасць. Шматлікія яе актывісты былі арыштаваны, і існаванне арганізацыі апынулася пад пагрозай. Кіраўнікі партыі Георгі Дзімітраў і Васіль Калараў паспелі з’ехаць у СССР. У гэтых умовах камуністы стварылі адмысловую карную групу ў складзе ЦК БКП, а ваеннае крыло партыі  (балг.) ладзіла індывідуальныя атакі з выкарыстаннем малых груп («шасцёрак»). Аднак і гэта не замінала паліцыі досыць лёгка выкрываць і знішчаць нелегальныя структуры.

Прадстаўнікі ваенізаванага крыла Дзімітр Хаджыдымітраў і Дзімітр Златараў  (балг.) прапанавалі здзейсніць забойства дырэктара паліцыі Уладзіміра Начава, а пры яго пахаванні знішчыць і вялікую колькасць ключавых фігур у паліцыі. Сакратар ЦК Станке Дзімітраў ухваліў іх ідэю, аднак яго не падтрымалі Георгі Дзімітраў і Васіль Калараў[2], генеральны сакратар Камінтэрна, якія лічылі, што пасля гэтага мусіць наступаваць шырокамаштабнае народнае паўстанне[3].

Тым часам становішча камуністаў усё пагаршалася. Пасля арышту і закатавання да смерці Вылча Іванава  (балг.) 11 лютага 1925 урад прыняў папраўку ў Закон пра абарону дзяржавы, паводле якое смерцю каралася не толькі членства ў БКП, але і дапамога і ўкрыццё яе членаў. 26 сакавіка быў забіты кіраўнік аператыўнага аддзела ВА Яка Даросіеў  (балг.). У такіх умовах кіраўніцтва ВА вырашае дзейнічаць нават без ухвалы Камінтэрну.

Выкананне

правіць
 
Сабор Святой Нядзелі пасля атакі

У снежні 1924 партыя завербавала рызнічага сабора Святой Нядзелі Пятра Задгорскага. З яго дапамогай група Ваеннай арганізацыі на чале з Петарам Абаджыевым пранесла на гарышча царквы 25 кг выбухоўкі на працягу некалькіх тыдняў. Яна была закладзена ў адну з калон асноўнага купалу ля паўднёвага ўваходу. Планавалася ўзарваць яе з дапамогай 15-метровага шнуру, што давала арганізатарам час на ўцёкі.

Аднак з-за ўзмоцненай аховы на пахаванні Уладзіміра Начава ВА вырашыла абраць іншую ахвяру — генерала Канстанціна Георгіева  (балг.), дэпутата правячай партыі «Дэмакратычная згода». 14 красавіка ён быў забіты перад Сафійскім саборам, куды накіроўваўся на службу са сваёй унучкай. Яго пахаванне было прызначана на 16 красавіка (Вялікі чацвер).

Каб павялічыць колькасць ахвяр, арганізатары тэракту разаслалі падробныя запрашэнні ад імя Асацыяцыі афіцэраў рэзерву. А 7-й гадзіне раніцы 16 красавіка Задгорскі правёў на дах Міколу Петрава, які меў узарваць бомбу па сігнале Задгорскага. А 3-й гадзіне дня пахавальная працэсія ўвайшла ў храм. Службу вёў мітрапаліт Стэфан  (балг.) (будучы экзарх Балгарыі). Труну спярша змясцілі ля калоны з выбухоўкай, аднак пазней з-за вялікай колькасці прысутных перанеслі наперад. Так найбольш высокапастаўленыя асобы апынуліся далей ад эпіцэнтру выбуху.

Паводле плану ВА, з пачаткам набажэнства Задгорскі падаў сігнал Петраву, і а 15:20 абодва пакінулі будынак. Ад выбуху галоўны купал сабору рухнуў на прысутных; на месцы загінулі 150 чалавек, а разам за сканалымі пасля ад раненняў — 213; яшчэ каля 500 атрымалі параненні. Усе члены ўраду ацалелі. Цар Барыс III ў гэты час знаходзіўся ў іншым месцы, на пахаванні загіблых ад замаху на яго жыццё. Сярод ахвяр былі 12 генералаў Калін Найдзенаў  (балг.) (ваенны міністр падчас I сусветнай вайны), Стэфан Неразаў, камандуючы балгарскай арміяй у Дойране, Крысцю Златараў  (балг.), Іван Стойкаў, Павел Паўлаў, Станча Радойкаў, Іван Табакоў, Стоян Пушкараў, Рыгор Куркчыеў, Аляксандр Давідаў, Пётр Лолаў), мэр Сафіі Паскаль Паскалеў, шэф паліцыі і тры дэпутаты. Таксама загінулі 25 жанчын і дзяцей.

Наступствы

правіць
 
Памятная дошка ахвярам тэракту ў царкве Святой Нядзелі

Увечары таго ж дню было ўведзенае ваеннае становішча. Па краіне з маўклівай згоды ўраду пракацілася хваля рэпрэсій. Адным з першых быў арыштаваны Пётр Задгорскі, якога камуністы не паспелі ліквідаваць; ён выдаў усіх, з кім меў кантакт. Цягам двух наступных тыдняў без суда і следства былі пакараны смерцю каля 450 чалавек, у тым ліку паэт Геа Мілеў і журналіст Іосіф Гербст (у 1950-я гады пры пабудове плаціны было адкрытае масавае пахаванне, труп Мілева быў ідэнтыфікаваны па яго шкляным воку — ён страціў вока ў Першую сусветную вайну). Кіраўнікі ВА БКП Коста Янкаў і Іван Мінкаў таксама былі забіты. Некаторыя з арганізатараў тэракту: Дзімітр Златараў, Петар Абаджыеў і Мікола Петраў — здолелі ўцячы праз Югаславію ў Савецкі Саюз, астатнія былі арыштаваны.

Суд над арганізатарамі адбыўся 1-11 мая 1925 года. Пётр Задгорскі, лейтэнант-палкоўнік Георгі Коеў (спрабаваў схаваць Івана Мінкава) і кіраўнік аддзелу ВА Марка Фрыдман былі прыгавораны да смерці. Станке Дзімітраў, Петар Абаджыеў, Дзімітр Гранчараў, Мікалай Петрыні і Хрыста Косаўскі былі прыгавораны да смяротнага пакарання завочна (апошнія тры ўжо былі забіты колькі тыдняў таму). Марка Фрыдман, самы высокапастаўлены партыец з усіх абвінавачаных, засведчыў, што арганізацыя тэракту была фінансавана і падтрыманая зброяй з СССР, аднак ускладаў непасрэдную адказнасць на Янкава і Мінкава, якія, паводле яго, дзейнічалі бяз згоды кіраўніцтва БКП[4]. Савецкі бок адмежаваўся ад датычнасці да тэракту.

Ваеннае становішча было скасавана толькі 24 кастрычніка 1925 года.

Крыніцы

правіць
  1. Sofia Church Terror Attack Vie for Bulgaria Top Event (англ.). The Free library (9 кастрычніка 2010). Праверана 19 лютага 2016.
  2. Елена Стателова и Стойчо Грънчаров. История новой Болгарии, 1878—1944. — С., 1999. — Т. III. — С. 421.
  3. Марков 2003, с. 223.
  4. Марков 2003, с. 227.

Літаратура

правіць
  • Марков, Георги Георгиев. Покушения, насилие и политика в България 1878—1947. — 2. прераб. изд. — София: Воен. изд., 2003. — ISBN 954-509-239-4.
  • Пешев, Петър Иванов. Историческите събития и деятели от навечерието на Освобождението ни до днес : С бел. за живота ми : Чуто, видяно, преживяно. — София: БАН, 1993. — (Минало и личности). — ISBN 954-430-155-0.

Спасылкі

правіць