Нацыянальны музей эсперанта

Нацыянальны музей эсперанта (фр.: Musée national de l'espéranto, эспер.: Nacia Esperanto-Muzeo) — музей у Грэ, Францыя. Быў заснаваны ў 1977 годзе Жоржам Жунье, таксама вядомым як Жэа Жунье. Афіцыйнае адкрыццё музея адбылося ў 1987 годзе ў прысутнасці польскага консула, праз сто гадоў пасля стварэння эсперанта. Музей размешчаны на другім паверсе Дома моладзі і культуры (фр.: Maison Pour Tous), адрэстаўраванага будынка старажытнага каледжа. У музеі знаходзяцца калекцыі разнастайных рэчаў, якія маюць сувязь з эсперанта: кнігі, плакаты, газеты, маркі, публікацыі і гэтак далей. Каля музея Жэа Жунье ўсталяваў аналематычны сонечны гадзіннік, які нагадвае аб праекце Заменгофа па аб’яднанню ўсіх людзей з дапамогай эсперанта.

Нацыянальны музей эсперанта
Заснаваны 1977
Адкрыты 1977
Месцазнаходжанне Maison Pour Tous 19, rue Victor Hugo 70100 Gray
Адкрыты 1987
naciaesperantomuzeo.fr
Лагатып Вікісховішча Медыяфайлы на Вікісховішчы

Гісторыя правіць

Жорж Жунье пазнаёміўся з эсперанта ў 1932 годзе[1]. Натхнёны перспектывамі гэтай мовы, ён пачаў збіраць разнастайныя аб’екты, якія маглі б мець адносіны да гэтай мовы[2]. У 1945 годзе Жунье заснаваў «Культурны цэнтр „Эсперанта“ рэгіёна Грэ» (фр.: Centre culturel Espéranto de la Région de Gray), мэта якога — навучаць мове і яе практычнаму прымяненню. Да 1973 года, калі Жунье завяршыў сваю кар’еру чыгуначніка, ужо было сабрана шмат рэчаў, якія адносяцца да эсперанта, а культурны цэнтр актыўна развіваўся; менавіта тады пры падтрымцы французскіх эсперанта-арганізацый было прынята рашэнне заснаваць музей[2][3]. Праекту аказалі падтрымку некалькі муніцыпалітэтаў, дзякуючы дапамозе галоўнага магістрата горада ў 1977 годзе калекцыя была перанесена ў будынак былога каледжа, які выкарыстоўваўся як Дом моладзі і культуры[1][3][4]. Каля дзесяці гадоў Жэа Жунье абсталёўваў музей, і 16 мая 1987 года, роўна праз сто гадоў пасля стварэння эсперанта, адбылося ўрачыстае адкрыццё музея ў прысутнасці генеральнага консула Польшчы Чэслава Тужаньскага[1][3][4].

Калекцыі правіць

Музей складаецца з 10 залаў[5] агульнай плошчай 230 м²[6].

Калекцыя ўключае ў сябе каля 6000 кніг і брашур аб эсперанта ці на эсперанта, 1400 старых і сучасных часопісаў і газет. З цягам часу фонд музея павялічваўся за кошт атрымання ў дар архіваў эсперанта-асацыяцый і асабістых калекцый вядомых эсперантыстаў[7].

У музеі таксама выстаўлены калекцыі розных рэчаў (паштовых марак, паштовак, рэкламных рэчаў, тэхнічных брашур), звязаных з эсперанта[8].

Аналематычны сонечны гадзіннік правіць

У пачатку XX стагоддзя астраном і матэматык Луі Жуль Груэ зацікавіўся аналематычнымі сонечнымі гадзіннікамі, у першую чаргу тым, што знаходзіцца ў Дыжоне[9]. Разам са сваім калегам Шарлем Мерэ ён вывучыў гісторыю гэтага гадзінніка і ў 1902 годзе апублікаваў твор пад назвай «Дыжонскі сонечны гадзіннік» (фр.: Le cadran solaire de Dijon, эспер.: La Sunhorloĝo en Dijon)[10]. Груэ і Мерэ былі эсперантыстамі, таму гэты твор быў апублікаваны на французскай мове і эсперанта, што робіць яго адным з першых тэхнічных артыкулаў з выкарыстаннем матэматычных формул, напісаных на штучнай мове (не з’яўляецца выпадковым, што Заменгоф размясціў яго ў сваёй «Фундаментальнай граматыке мовы эсперанта»)[9]. У наступным годзе ў Расіі выйшаў артыкул С. Палянскага, таксама на эсперанта, у якім ён, адштурхоўваючыся ад публікацыі Груэ, прапанаваў свой спосаб стварэння аналематычнага гадзінніка і ў тым ліку выказаў думку аб тым, што гэты гадзіннік мог бы аднойчы стаць помнікам мове эсперанта[9].

Таму ў 1986 годзе, калі ўзнікла пытанне аб добраўпарадкаванні тэрыторыі, якая прылягае да музея, Жэа Жунье прапанаваў размясціць на ёй менавіта аналематычны сонечны гадзіннік[11]. Яго цыферблат прадстаўляе сабой эліпс, які ахоплівае планісферу, што сімвалізуе жаданне Заменгофа аб’яднаць людзей з дапамогай адной мовы. Афіцыйнае адкрыццё сонечнага гадзінніка адбылося 25 верасня 1988 года[11].

Зноскі

  1. а б в Picardat 1987, p. 125.
  2. а б Roland Cuenot. Géo JUNIER mortis la 17-an de februaro 2000 (эсп.).(недаступная спасылка)
  3. а б в Gray : reflets de son histoire 1991, p. 125.
  4. а б Historio EFE 2000 (эсп.). Архівавана з першакрыніцы 15 ліпеня 2021. Праверана 19 верасня 2021.
  5. Muzeo (эсп.)(недаступная спасылка). Архівавана з першакрыніцы 3 сакавіка 2016. Праверана 19 верасня 2021.
  6. La Nacia Esperanto Muzeo (эсп.).
  7. Découvrir et se cultiver (фр.)(недаступная спасылка). Архівавана з першакрыніцы 17 чэрвеня 2012. Праверана 19 верасня 2021.
  8. Destination70.
  9. а б в Massé 2008, p. 34.
  10. Gruey 1902.
  11. а б Massé 2008, p. 35.

Гл. таксама правіць

Літаратура правіць

Спасылкі правіць