Невельская наступальная аперацыя

Невельская наступальная аперацыя — ваенная аперацыя РСЧА падчас Вялікай Айчыннай вайны, праведзеная ў кастрычніку 1943 года.

Невельская аперацыя
Асноўны канфлікт: Вялікая Айчынная вайна
Дата 6—10 кастрычніка 1943
Месца Невельскі раён РСФСР, часткова Гарадоцкі раён БССР
Вынік перамога СССР
Праціўнікі
 СССР  Трэці рэйх
Камандуючыя
Кузьма Галіцкі,
Васіль Швецоў
Карл фон Офен
Сілы бакоў
3-я і 4-я ўдарныя арміі 43-і армейскі корпус
Страты
2 000 беззваротных і санітарных[1] 7400 страчаных

Сітуацыя правіць

Пасля страты Смаленска важным стратэгічным пунктам на паўночна-заходнім напрамку для нямецкіх войск стаў горад Невель, размешчаны на стыку груп армій «Поўнач» і «Цэнтр». Ён гуляў выключна важную ролю ў сістэме ваенна-транспартных камунікацый. Вызваляць горад і чыгуначную станцыю Невель трэба было праваму флангу Калінінскага фронту. Захоп горада павінен быў парушыць камунікацыі немцаў на паўночна-заходнім тэатры ваенных дзеянняў, а таксама адцягнуць праціўніка з Віцебскага напрамку.

Значнасць Невеля выдатна ўсведамляла і нямецкае камандаванне. На працягу двухгадовай акупацыі, абарончыя збудаванні вакол горада бесперапынна ўмацоўваліся і ўдасканальваліся. Да восені 1943 года Невельскі транспартны вузел ператварыўся ў сапраўдны ўмацаваны раён. Глыбіня абарончых пазіцый складала ад 6 да 10 км. Была пабудавана развітая сістэма акопаў з вялікай колькасцю дотаў і дзотаў.

Баявыя дзеянні правіць

Падрыхтоўка да наступлення вялася два месяцы. У войсках разгарнулася работа па навучанні баявым дзеянням у лясіста-балоцістай мясцовасці. Фарміраваліся штурмавыя атрады. З мэтай адцягнення ўвагі праціўніка, прыкладна за суткі да наступлення, партызанскімі атрадамі Пскоўскай вобласці была праведзена серыя дыверсій і нападаў. Ноччу перад атакай сапёры перарэзалі калючы дрот і абясшкодзілі міны.

Невельская наступальная аперацыя пачалася ў 5 гадзін раніцы 6 кастрычніка 1943 года. Асноўны ўдар па варожых пазіцыях наносілі 3-я і 4-я ўдарныя арміі. У 8:40 раніцы разгарнулася масіраваная артпадрыхтоўка. На асобных участках артылерыстам удалося цалкам здушыць агнявыя кропкі праціўніка. Крыху пазней задзейнічана штурмавая авіяцыя. У 10 гадзін раніцы ў бой пайшла пяхота. 3-я ўдарная армія атакавала на вузкім чатырохкіламетровым участку, наступаючы непасрэдна на Невель. 4-я ўдарная армія прыкрывала паўднёвы фланг савецкіх сіл і перарэзала шашэйную дарогу на Гарадок.

Прайшоўшы па глыбокіх тылах праціўніка больш за 30 кіламетраў, у 16 гадзін пасля кароткай сутычкі на подступах да горада, у Невель уварваліся савецкія танкі з дэсантам аўтаматчыкаў. Падчас імклівага наступлення чырвонаармейцам удалося захапіць у поўнай захаванасці ўсе дзесяць мастоў у горадзе і прыгарадах, а таксама шмат складоў, машын і іншай маёмасці. Нямецкіх салдат і афіцэраў бралі ў палон прама ў крамах, рэстаранах, на кватэрах і нават у лазні. Пасля таго як танкісты і дэсантнікі занялі чыгуначную станцыю, там было захоплена 2 эшалоны з мясцовымі жыхарамі. Тым самым 1 600 невяльчан былі выратаваны ад нацысцкіх канцлагераў. Да вечара населены пункт быў цалкам ачышчаны ад нямецкіх войскаў.

8 кастрычніка нямецкія войскі паспрабавалі контратакаваць праціўніка, падцягваючы рэзервы. Да 11 кастрычніка групоўка гітлераўцаў значна ўзмацнілася за кошт падмацавання, і колькасная перавага перайшла на бок вермахта. Далейшае прасоўванне Чырвонай Арміі было спынена.

Наступствы правіць

Са стратай Невеля вермахт пазбавіўся буйнога вузла дарог, што ў корані парушыла ўсю яго сістэму камунікацый на гэтым участку фронту і абцяжарыла магчымасць манеўравання рэзервамі. Пралом у нямецкай абароне даставіў турботы германскаму камандаванню. Адольф Гітлер неаднаразова патрабаваў ліквідаваць прарыў, аднак усе спробы выканаць яго загад скончыліся няўдачай[2].

Літаратура правіць

  • Невельская операция 1943 // Линия адаптивной радиосвязи — Объектовая противовоздушная оборона / [под общ. ред. Н. В. Огаркова]. — М. : Военное изд-во М-ва обороны СССР, 1978. — (Советская военная энциклопедия : [в 8 т.] ; 1976—1980, т. 5).

Заўвагі правіць

Спасылкі правіць