Новая Зямля

архіпелаг у Паўночным Ледавітым акіяне

Новая Зямля — архіпелаг у Паўночным Ледавітам акіяне паміж Баранцавым і Карскім марамі. Уваходзіць у склад Архангельскай вобласці Расіі.

Новая Зямля
руск.: Новая Земля
Характарыстыкі
Найбуйнейшы востраўПаўночны|востраў Паўночны, Новая Зямля|Паўночны 
Агульная плошча83 000 км²
Размяшчэнне
74°00′ пн. ш. 56°00′ у. д.HGЯO
АкваторыяБаранцава мора
Краіна
Новая Зямля (Расія)
Новая Зямля
Новая Зямля
Лагатып Вікісховішча Медыяфайлы на Вікісховішчы

Геаграфія

правіць

Складаецца з двух вялікіх астравоў — Паўночнага і Паўднёвага, падзеленых вузкім пралівам (2—3 км) Матачкін Шар, і шматлікіх дробных. З геалагічнага пункта погляду, астравы з’яўляюцца працягам Уральскіх гор. Паўночна-ўсходні ўскраек Паўночнага вострава — мыс Жадання — з’яўляецца самым усходнім пунктам Еўропы.

Цягнецца з паўднёвага захаду на паўночны ўсход на 925 км. Плошча ўсіх астравоў больш за 83 тыс. км²; шырыня Паўночнага вострава да 123 км, Паўднёвага — да 143 км. На поўдні пралівам Карскія Вароты (шырыня 50 км) аддзяляецца ад вострава Вайгач.

Каля паловы тэрыторыі вострава Паўночнага складаюць ледавікі. На востраве Паўднёвым знаходзяцца два населеных пункта — пасёлкі Бялуш’я Губа (адміністрацыйны цэнтр муніцыпальнага ўтварэння Новая Зямля Архангельскай вобласці) і Рагачова.

Геалогія і рэльеф

правіць

Астравы Новой Зямлі служаць працягам герцынскіх складкавых структур Урала. Метамарфізаваныя палеазойскія пароды двойчы вытрамалі складкаўтварэнне — у каледонскім і герцынскім цыклах. Інтэнсіўныя неатэктанічныя рухі паднялі іх на вышыню больш за 100 м, Новая Зямля выдзяляецца сярод арктычных астравоў сваімі вышынямі. Горы складзены з асадкавых (пясчанікі, сланцы, вапнякі) і вывергнутых парод.

У плейстацэне ўсе астравы былі пакрытыя мацерыковым ільдом. Тут знаходзіўся цэнтр зледзянення, адкуль ледавікі распаўсюджваліся на Усходне-Еўрапейскую і Заходне-Сібірскую раўніны.

Рэльеф Новой Зямлі гарысты, уяўляе сабой пенеплен, разбіты глыбокімі далінамі, ператворанымі ў скразныя трогі і фіёрды. Шматлікія фіёрды з заходняга схілу пранікаюць углыб Паўночнага вострава на 30—40 км, па іх да мора спускаюцца магутныя ледавікі. Па сутнасці фіёрдам з’яўляецца і праліў Матачкін Шар. На ўсходнім узбярэжжы фіёрдаў значна менш. На ўзбярэжжы сустракаюцца акумулятыўныя і акумулятыўна-абразійныя тэрасы.

Рэльеф Паўночнага вострава ў асноўным схаваны пад ільдом. Платападобная паверхня ледавіковага купала дасягае вышыні больш за 1000 м. З-пад ледавіковага покрыва выступаюць асобныя нунатакі, яны ствараюць ланцужок горных вяршынь вышынёю да 1547 м. Трогавыя даліны ўрэзаныя на глыбіню 700—800 м.

Герцынскія складкавыя структуры Паўднёвага вострава пенепленезаваныя і апрацаваныя экзарацыяй і часткова абразіяй. Узгорыста-градавы марэнна-карставы рэльеф на поўдні пераходзіць у горны на поўначы.

На ўзбярэжжы сустракаюцца марскія абразійныя і акумулятыўныя тэрасы. Месцамі бераг мае шхерны характар. Берагавымі валамі аддзяляюцца дробныя лагунныя азёры.

Клімат

правіць

Клімат вызначаеца становішчам архіпелага паміж адносна цёплым Баранцавым і вельмі халодным Карскім морамі, актыўнай цыкланічнай дзейнасцю і радыяцыйным рэжымам. Зімой на астравы распаўсюджваецца ўсходняя ўскраіна лажбіны паніжанага ціску, якая ідзе ад Ісландскага мінімуму. Уздоўж яе праходзіць арктычны фронт з шырокім развіццём цыкланічнай дзейнасці, што вядзе да пранікнення на Новую Зямлю адносна цёплых атлантычных паветраных мас. Таму зіма тут адрозніваецца параўнальна невялікімі марозамі, асабліва на заходнім узбярэжжы. Сярэдняя тэмпература сакавіка (самага халоднага месяца) складае −14 °C на захадзе і −20…-21 °C на паўночным усходзе. Зімой часта назіраюцца працяглыя і вельмі моцныя вятры. Вялікая іх сіла звязана і з уплывам горнага рэльефу, што стварае на заходнім узбярэжжы вятры падобныя да наварасійскай бары. Пры праходжанні франтальных раздзелаў, цыклонаў і антыцыклонаў штармавыя вятры дасягаюць хуткасці 40 м/с, а часам і 60 м/с. З рухам цыклонаў, якія прыносяць атлантычнае паветра, звязаныя адлігі і галалёд.

Лета халоднае, ветранае, з рэзкімі і частымі зменамі надвор’я, морассю, дажджамі і туманамі, з высокай адноснай вільготнасцю паветра. Сярэдняя тэмпература жніўня (самага цёплага месяца) з поўначы на поўдзень змяняецца ад 2,5 да 6,5 °C. Клімат узбярэжжа Карскага мора больш халодны і кантынентальны, снегавое покрова меншай вышыні і шчыльнасці. Ападкаў на ўзбярэжжы выпадае каля 300 мм, у вобласці жыўлення ледавікоў гадавая сума ападкаў павялічваецца і складае каля 700 мм.

На паўднёвым захадзе Паўднёвага вострава клімат мяккі, марскі, зімою здараюцца адлігі, вегетацыйны перыяд працягваецца да 140 дзён. У той жа час на паверхні ледавіковага купала пануе клімат вечнага марозу, нулявая ізатэрма жніўня на поўначы архіпелага праходзіць на вышыні 300 м.

Ледавікі, рэкі і азёры

правіць

Каля 25 % плошчы ўкрыта ледзяным покрывам. Развіццё магутнага зледзянення абумоўлена асаблівасцямі геаграфічнага становішча архіпелага і яго вышынёй. Большая частка Паўночнага вострава (каля 20 тыс. км²) занятая ледавіковым покровам з вываднымі ледавікамі. На поўначы Паўднёвага вострава распаўсюджаны горнадалінныя ледавікі і снежнікі. А ўсяго на архіпелагу больш за 680 ледавікоў.

Рачная сетка развітая слаба, даўжыня самых парцяглых рэк не перавашае некалькі дзясяткаў кіламетраў. Даліны большасці рэк вузкія, з крутымі, часта абрывістмі схіламі, сустракаюцца парогі і вадаспады.

Глебы, расліннасць і жывёльны свет

правіць

Архіпелаг у асноўным уваходзіць у зону арктычных пустынь, частка Паўднёвага вострава — у зону арктычных тундраў. Галоўная роля ў фарміраванні фітацэнозаў належыць імхам, лішайнікам і арктычным травяністым шматгадовым раслінам. Вялікія плошчы займаюць каменныя россыпы амаль пазбаўленыя расліннасці.

На поўначы арктычныя глебы сустракаюцца на схілах гор, плато, градах, на марскіх тэрасах. Арктычныя пустыні прадстаўленыя разрэджанымі мохавымі групоўкамі з лішайнікамі і асобнымі кветкавымі раслінамі (фіпсіяй, палярным макам, каменяломнікам). Лішайнікі і імхі (каля 450 відаў) дасягаюць вышыні не больш за некалькі сантыметраў.

Арктычныя тундры Паўднёвага вострава Новай Зямлі звычайна маюць два ярусы: мохава-лішайнікавы і кусцікава-травяны (дрыяда, палярныя вербы, асокі). Вялікія плошчы тут займаюць паліганальныя гіпнавыя балоты (з падвеем, асокамі, імхамі). Па далінах і паўднёвых схілах сустракаюцца карлікавыя вербы (палярная, паўзучая) і бяроза, разнатраўе (падвей, вострыца, метлюжок, асокі). Вышэй за 300 м паўсюль голыя скалы і каменныя россыпы. Вобласць жыўлення ледавікоў знаходзіцца на вышыні больш за 700 м.

Сярод прадстаўнікоў жывёльнага свету Новай Зямлі белы мядзведзь, паўночны алень, пясец, лемінг, белая курапатка і інш. На скалістых узбярэжжах птушыныя кірмашы, дзе селяцца кайры, чайкі, чысцікі. У прыбярэжнай зоне сустракаюцца цюлені і маржы.

Спасылкі

правіць