Славечанска-Оўруцкі краж

(Пасля перасылкі з Оўруцкі краж)

Славечанска-Оўруцкі краж (укр.: Словечансько-Овруцький кряж) — узвышша на поўначы Жытомірскай вобласці Украіны.

Цягнецца на 60 км у субшыротным напрамку, шырыня ад 5 км на ўсходзе да 14—20 км на захадзе. Максімальныя абсалютныя вышыні 300—316 м, перавышэнні над паверхняю прылеглай Палескай нізіны — 50—80 м.

Геалагічную аснову кража ўтварае Оўруцкі грабен, складзены метамарфізаванымі верхнепратэразойскімі вулканагенна-тэрыгеннымі пародамі, што запаўняюць лакальную грабен-сінкліналь уздоўж паўночнай мяжы Украінскага шчыта. Сярод парод пераважаюць кварцыты і пескавікі, маюцца пірафілітавыя сланцы (распрацоўваецца радовішча), дыябазы, трахіандэзіты. У заходняй частцы яны выходзяць на паверхню, а ў цэнтральнай і ўсходняй старажытныя пароды перакрытыя тоўшчай лёсу і дэлювіяльнымі адкладамі. Па краях кража залягаюць валунныя суглінкі і пяскі ледавіковага паходжання. Краж разбіты на асобныя блокі ў выніку нераўнамерных неатэктанічных рухаў, што адбілася на рэльефе. Добра выяўлены геамарфалагічныя адрозненні. Паўночна-заходняй частцы ўласцівы тыпова дэнудацыйны ўвалісты рэльеф, які развіваецца на паверхні асадкава-метамарфічных і элювіяльна-дэлювіяльных парод, паўночны схіл невысокі. У паўднёва-ўсходняй частцы рэльеф эразійны, з густою сеткай яроў і балак (максімальная даўжыня яроў да 5 км, глыбіня да 35—40 м), паўднёвы схіл круты і абрывісты.

Славечанска-Оўруцкі краж укрыты пераважна шыракалістымі і хвойнымі лясамі (пераважае хвоя звычайная), тут сустракаюцца рэліктавыя расліны: дуб скальны, рададэндран жоўты і інш. Разараны шэрыя лясныя глебы на лёсавых астравах.

Літаратура

правіць
  • Кошик Ю. Словечансько-Овруцький кряж // Географічна енциклопедія України: В 3-х т. / Редкол.: О. М. Маринич (відп. ред.) та ін. Т. 3: П—Я. — К.: «Українська енциклопедія» ім. М. П. Бажана, 1993. — 480 с. ISBN 5-88500-020-4