Партал:Гродна/Добры артыкул/Студзень

Цэнтральная вуліца ў гістарычным цэнтры. Размешчана ад Старога замка да Савецкай плошчы.

Ву́ліца За́мкавая — адна з самых старых гарадскіх вуліц у цэнтры горада Гродна. З’яўляецца адным з сімвалаў горада. Працягласць каля 360 м, ад плошчы Савецкай да тэрыторыі Новага і Старога замкаў, ад якіх і пайшла назва вуліцы. З’яўляецца адзінай вуліцай у Беларусі, на якой знаходзяцца адразу два каралеўскія замкі.

На вуліцы размешчаны архітэктурныя помнікі розных эпох: пачынаючы ад Старажытнарускага перыяду і канчаючы пачаткам 20 стагодзя. Вуліца зведала на сабе ўсе выпрабаванні і ліхалецці, якія выпалі на долю горада, яе забудова шмат разоў разбуралася і аднаўлялася. У 17 стагоддзі адбыўся росквіт вуліцы, на ёй было не менш, чым 7 палацаў магнатаў тагачаснай Рэчы Паспалітай. Вуліца паспяхова перанесла дзве сусветныя вайны, аднак найбольшыя страты панесла ў мірны час, калі савецкімі ўладамі была знесена самая старая і каштоўная забудова цотнага боку вуліцы, а таксама ўзарваны самы высотны на той час будынак у горадзе — Фара Вітаўта.

Вуліца пачынаецца ад Савецкай плошчы, з абодвух бакоў месцяцца скверы. Далей да скрыжавання з вуліцай Давыда Гарадзенскага з абодвух бакоў ідзе шчыльная двух і трохпавярховая забудова 19 стагоддзя, большасць дамоў маюць уязныя аркі. Паміж дамамі № 5 і 7 праходзіць завулак, які раней меў назву «Цесны», а цяпер безназоўны. Скрыжаванне з вуліцай Давыда Гарадзенскага рэгулюецца светлафорам, на скрыжаванні стаіць будынак пажарнага дэпо. Далей шлях да Новага і Старога Замкаў толькі пешы, дазволены рух асабістага транспарту на з’ездзе да Нёмана. Вуліца заканчваецца высокім ярам над Нёманам, Стары замак злучаецца з вуліцай арачным мастом.

(далей…)