Партал:Тэатр/Уводзіны
Тэатр (грэч. θέατρον — «месца для відовішчаў», потым — «відовішча», ад грэч. θεάομαι — гляджу, бачу) — род мастацтва, спецыфічным сродкам выражэння якога з'яўляецца сцэнічнае дзеянне, што ўзнікае ў працэсе гульні акцёра перад публікай.
Тэатр гарманічна аб'ядноўвае ў сабе розныя віды мастацтва — літаратуру (у форме драмы), музыку, харэаграфію, дэкаратыўнае мастацтва. Твор сучаснага тэатра — спектакль — ствараецца на аснове драматычнага ці музычна-сцэнічнага твора ў адпаведнасці з задумай рэжысёра і пад яго кіраўніцтвам сумеснымі намаганнямі акцёраў, мастакоў, дэкаратараў, сцэнографаў і інш. Спецыфіка тэатра патрабуе эмацыянальна-духоўнага адзінства акцёраў і гледачоў, наяўнасці агульных інтарэсаў паміж стваральнікамі спектакля і публікай.