Пераклад Бібліі пад рэдакцыяй Кулаковых

Пераклад Бібліі пад рэдакцыяй Кулаковых (таксама Заокская Біблія, Заокскі пераклад) — трэці поўны пераклад Бібліі на рускую мову пасля Сінадальнага перакладу і перакладу Бібліі Расійскага біблейскага таварыства, выкананы ў Расіі. Выкананы Інстытутам перакладу Бібліі імя М. П. Кулакова у супрацоўніцтве з запрошанымі спецыялістамі — А. С. Дзясніцкім, Л. В. Маневічам, М. В. Апіяр, Я. Б. Рашкоўскім, С. А. Рамашка, А. Б. Смагінай і інш., пад агульнай рэдакцыяй М. П. і М. М. Кулаковых. Стваральнікі Заокскай Бібліі пазіцыянуюць свой пераклад у якасці пазаканфесійнага.

Пераклад Бібліі пад рэдакцыяй Кулаковых
Поўная назва

Библия: Книги Священного Писания Ветхого и Нового Завета в современном русском переводе

Іншыя назвы Заокская Біблія
Мова руская
НЗ выдадзены 2000
Поўная Біблія апублікавана 2015
Перакладзена з Biblia Hebraica Stuttgartensia, The Greek New Testament
Вэб-старонка http://bible.zau.ru/translation/text

Праца над перакладам пачалася ў 1993 годзе. З 1993 па 1999 год былі апублікаваныя два лісты апостала Паўла і Евангеллі. Пераклад усяго Новага Запавету ўбачыў свет у 2000 годзе. З 2002 па 2011 год былі апублікаваныя 19 з 39 кананічных старазапаветных кніг. Поўны пераклад Бібліі выйшаў у 2015 годзе ў выдавецтве Біблейска-багаслоўскага інстытута св. апостала Андрэя; далей рушылі ўслед выданні 2018, 2021 і 2024 гадоў.

Стары Запавет перакладаўся са старажытнаяўрэйскай мовы (з пятага выдання Biblia Hebraica Stuttgartensia, 1997), гэта значыць з масарэцкага тэксту як ён прадстаўлены ў Ленінградскім кодэксе, што з’яўляецца нормай для сучаснай перакладчыцкай практыкі, у тым ліку для пратэстанцкіх перакладаў. Пры гэтым, як адзначаецца ў прадмове, у тых выпадках, калі старажытнаяўрэйскі тэкст быў незразумелы, перакладчыкі, «агаворыўшы гэта ў зносках, перадавалі словы ці фразы, звяртаючыся да старажытных перакладаў», у тым ліку да Септуагінты або да «найбольш дакладных і апраўданых рэканструкцый, напрацаваных сучаснай тэксталогіяй Старога Запавету».

Пераклад Новага Запавету быў выкананы «ў асноўным» са старажытнагрэцкага арыгінала па выданні The Greek New Testament (4-е выд., Deutsche Bibelgesellschaft, Stuttgart, 1994). У склад Заокскай Бібліі ўвайшлі ўсе 27 кніг новазапаветнага канону, парадак іх размяшчэння адпавядае парадку, прынятаму ў Лізавецінскай Бібліі і Сінадальным перакладзе.

Літаратура

правіць
  • Десницкий А. С. Современный библейский перевод: теория и методология. — М.: Изд-во ПСТГУ, 2015. — 432 с. — ISBN 978-5-7429-0972-9.
  • Кашкин А. С. Рецензия на: Библия. Книги Священного Писания Ветхого и Нового Завета в современном русском переводе под ред. М. П. Кулакова, М. М. Кулакова. — М.: Изд. ББИ, 2021. (Современная библеистика). — 1312 с.: илл. — ISBN 978‑5‑89647‑411-1 // Библия и христианская древность : журнал. — 2023. — Т. 2, № 18. — С. 287—298. — ISSN 2713—1122. — doi:10.31802/BCA.2023.2.18.009.
  • Лобанов И. В. Постигая Библию: от простого к сложному. — Заокский: Источник жизни, 2018. — 192 с. — ISBN 978-5-00-126026-4.
  • Суворова О. А. Мы только стоим на берегу… — М.: Эксмо, 2012. — 304 с. — (Книги жизни). — ISBN 978-5-699-56364-7.

Спасылкі

правіць