Планавая мова — міжнародная штучная сацыялізаваная мова, ці мова, якая створана для міжнародных зносін і ўжываецца на практыцы.

Узнікненне тэрміна планавая мова звязана са спробамі пазбегнуць эпітэта «штучная», які, па-першае, недастаткова дакладны (паколькі элементы штучнасці маюць і нацыянальныя мовы, якія развіваюцца стыхійна) і, па-другое, вельмі часта выклікае негатыўныя эмоцыі. Розныя інтэрлінгвісты прапаноўвалі іншыя варыянты, напрыклад:

  • міжнародная мова (г. зн. праз мэту мовы, яе прызначэнне), а таксама варыянты гэтай назвы (interlingua і іншыя);
  • сканструяваная мова (англ.: constructed language, ням.: konstruierte Sprache, эспер.: konstruita lingvo);
  • планавая мова (англ.: planned language, ням.: Plansprache, эспер.: planlingvo);
  • дапаможная мова (англ.: auxiliary language, фр.: langue auxiliaire, эспер.: helplingvo).

Паступова першыя тры варыянты набылі больш вузкі і спецыфічны сэнс, а менавіта:

  • міжнародная мова — мова, якая ўжываецца для зносін паміж людзьмі з розных краін (натуральная ці штучная);
  • cканструяваная мова — любая штучная мова, прызначаная для зносін паміж людзьмі (міжнародная ці не);
  • планавая мова — штучная міжнародная мова (г. зн. уваходзячая адначасова ў абедзве папярэднія групы).

У англамоўных крыніцах сустракаецца таксама тэрмін занальна сканструяваная мова (англ.: zonal constructed language) — міжнародная сканструяваная мова, створаная для пэўнай групы моў ці пэўнага рэгіёна, напрыклад, для славян, для носьбітаў моў германскай групы, для еўрапейцаў, для поўначы Еўропы і г. д. Што тычыцца тэрміна «дапаможны», то ён стаў выкарыстоўвацца для больш дакладнага вызначэння ролі міжнароднай мовы як дадатковага сродку зносін, не прызначанага для замены нацыянальных моў.

Літаратура

правіць
  • С. Н. Кузнецов. Краткий словарь интерлингвистических терминов // Проблемы международного вспомогательного языка. — М.: Наука, 1991. — С. 171—228.
  • Д. Бланке. Проекты плановых языков и плановый язык // Там же. С. 63—69.