Плошча Рэспублікі (Парыж)
Плошча Рэспублікі (фр. Place de la République) — плошча ў Парыжы, размешчаная на мяжы 3, 10 і 11-й акруг. Памеры плошчы складаюць прыкладна 340 x 100 м.
Раней на месцы плошчы праходзіла збудаваная ў часы праўлення Карла V у XIV стагоддзі гарадская сцяна. Тут знаходзіліся вароты, умацаваныя бастыёнам, Porte du Temple (названыя ад імя рэзідэнцыі тампліераў). У 1811 г. Напалеон загадаў упрыгожыць плошчу фантанам Fontaine du Château d'Eau.
Сваю характэрную прамавугольную форму плошча атрымала ў 1854 годзе па распараджэнні прэфекта і горадабудаўніка барона Асмана з мэтай выкарыстоўваць яе для заняткаў страявой падрыхтоўкай. Цяперашнія бульвары Мажэнта і Вальтэр выходзілі па прамой лініі на плошчу Рэспублікі, што не супярэчыла класічнаму абліччу горада, але разам з тым і дазваляла забяспечваць лепшую артылерыйскую абарону, чым звыклыя крывыя вуліцы.
У цэнтры плошчы ўзвышаецца Статуя Рэспублікі, збудаваная братамі Морыс у 1880 годзе — мажная жаночая фігура ў лаўровым вянку з аліўкавай галінкай міра ў паднятай руцэ, ля ног якой, вакол п'едэстала, размясціліся жаночыя фігуры з паходнямі і сцягамі ў руках, якія сімвалізуюць Свабоду, Роўнасць і Братэрства, а ўнізе — бронзавы леў, у асяроддзі барэльефаў, якія адлюстроўваюць падзеі з гісторыі Францыі.