Публіцыстычны стыль

У гэтай старонкі няма правераных версій, хутчэй за ўсё, яе якасць не ацэньвалася на адпаведнасць стандартам.

Публіцыстычны стыль - сістэма моўных сродкаў, прызначаная для абслугоўвання шырокай сферы грамадскіх зносін: палітыка-ідэалагічную, грамадска-эканамічную, культурную, спартыўную і г.д. Публіцыстычны стыль рэалізуецца ў пісьмовай і вуснай формах, якія цесна ўзаемадзейнічаюць і збліжаюцця (на радыё дыктары чытаюць надрукаваны тэкст). Асноўныя функцыі гэтага стылю - паведамленне і ўздзеянне.

Падстылі

правіць
  1. Газетна-публіцыстычны стыль;
  2. Агітацыйны;
  3. Масава-палітычны;
  4. Палітыка-ідэалагічны.

У газетна-публіцыстычным падстылі ўздзеянне, перакананне выступаюць як галоўная функцыя мовы, прычым уздзеянне мае канцэнтраваны, падкрэслена агітацыйны характар. Таму выкарыстанне моўных сродкаў у газеце вызначаецца ў значнай меры іх сацыяльна-ацэначнымі якасцямі і магчымасцямі з пункту гледжання эфектыўнага ўздзеяння на масавую аўдыторыю.

Асноўныя рысы

правіць
  1. Эканомія моўных сродкаў, лаканічнасць выкладання пры інфарматыўнай насычанасці.
  2. Адбор моўных сродкаў з устаноўкай на іх даходлівасць. Асновай лексікі з'яўляецца нейтральная і кніжная. Значную яе частку складае грамадска-палітычная, а таксама разнастайныя тэрміны, якія часта пераасэнсоўваюцца для патрэбнасцi публіцыстыкі (манеўры дыпламатыі, сяброўская атмасфера).
  3. Выкарыстанне моўных стэрэатыпаў, клішэ. Гэта спрыяе эканоміі намаганняў і часу, з'яўляецца палёгкай для камунікацыі. Аднак іншы раз клішэ пераўтвараюцца ў штампы і губляюць сваю першапачатковую вобразнасць (працаўнікі палёў, людзі ў белых халатах, белае золата). Асноўнай прычынай пераўтварэння сродкаў у клішэ з'яўляецца стандартызацыя, частая паўтараемасць вобразнага сродку з-за недастатковай маўленчай культуры журналістаў (пастаянная прапіска).
  4. Жанравая разнастайнасць і звязаная з гэтым разнастайнасць стылістычнага выкарыстання моўных сродкаў: мнагазначнасці слова, эмацыянальна-экспрэсіўнай лексікі, рэсурсаў словаўтварэння (аўтарскія неалагізмы).
  5. Сумяшчэнне рыс публіцыстычнага стылю з рысамі іншых стыляў (навуковым, афіцыйна-дзелавым, мастацкім, размоўным).
  6. Выкарыстанне вобразна-выяўленчых сродкаў мовы, у прыватнасці сродкаў стылістычнага сінтаксісу (рытарычнае пытанне, паралелізм будовы, паўторы, інверсія). Шырокае ўжыванне ў ім ацэначных слоў, прыказак, прымавак, афарызмаў.

Паколькі публіцыстычнае маўленне звернута да шматлікай аўдыторыі, яно павінна быць правільным, у ім не павінна быць дыялектызмаў, вузкаспецыяльных тэрмінаў, вялікай колькасці запазычаных слоў.

Марфалогія

правіць

Марфалогія публіцыстычнага стылю не дае яркіх узораў стылістычнай замацаванасці. У ім шырока выкарыстоўваюцца аддзеяслоўныя назоўнікі, іншамоўныя суфіксы. Прыватнай асаблівасцю публіцыстычнага стылю з'яўляецца выкарыстанне назоўнікаў у форме множнага ліку, якія не абазначаюць колькасць: пошукі, перагаворы, улады, часта выкарыстоўваюцца інфінітывы, дзеясловы загаднага ладу.

Сінтаксіс

правіць

У асноўным кніжны, са складанымі разгорнутымі канструкцыямі, іншы раз выкарыстоўваюцца элементы размоўнага сінтаксісу - эліпсіс - бездзеяслоўныя фразы:

Наш дэвіз - якасць.

Часта сустракаюцца намінатыўныя сказы, далучальныя канструкцыі, парцэляцыя, якая заключаецца ў чляненні сказаў, пры якой змест выказвання рэалізуецца не ў адной, а ў другой ці некалькіх інтанацыйна-сэнсавых маўленчых адзінках, размешчаных адна за другой пасля паўзы:

Пасля абеду прыйшлі госці. Нечаканыя. Незапрошаныя.

Гл. таксама

правіць