Пулапяйскі крызіс

Пулапяйскі крызіс — падзеі 1993 года ў Эстоніі, якія адзначыліся ўзброеным паўстаннем, злоўжываннем уладай, стральбой і звальненнем двух сілавых міністраў.

Храналогія правіць

6 ліпеня 1993 валанцёрскае фарміраванне эстонскага войска Егерскі валанцёрскі аддзел Ляэнемаа пад камандаваннем Аса Комера атрымала загад перадыслякавацца з Хаапсалу ў Палдыскі. Комер з прычыны кепскіх умоў пражывання ў Палдысках ад імя свайго аддзела адмовіўся выканаць загад. За гэта ён быў вызвалены ад пасады галоўнакамандуючым Аляксандрам Айнзэльнам, але адмовіўся падпарадкавацца і гэтаму рашэнню. 25 ліпеня валанцёры выказалі сваю падтрымку камандзіру і абвясцілі пра выхад з падпарадкавання эстонскіх узброеных сіл.

27 ліпеня эстонскі ўрад абвясціў раззбраенне аддзелу, аднак егеры адмовіліся падпарадкавацца і гэтаму загаду. Наступным днём аддзел пакінуў Палдыскі і накіраваўся ў Пулапяю. Эстонскія ваенныя перакінулі батальён Купяр'янава ў поўнай боегатоўнасці ў Ягалу і падрыхтаваліся да ўзброенага супрацьстаяння, аднак да гэтага не дайшло. Аддзел Комера таксама быў рыхтаваўся да бітвы, атрымаўшы чуткі пра тое, што прэзідэнт Эстоніі Ленарт Мэры аддаў загад пачаць наступ 31 ліпеня а 16:00. Да Комера ў гэты час далучыліся таксама асобныя члены Саюза абароны Эстоніі і жанчыны. Крыніцу чутак высветліць не атрымалася.

2 жніўня Эстонская абарончая паліцыя арыштавала Яака Мосіна, камандзіра звяна ў аддзеле Комера. Пасля гэтага Егерскі валанцёрскі аддзел Ляэнемаа скасаваў сваю заяву 25 ліпеня. 3 жніўня падаў у адстаўку міністр абароны Хайн Рэбас. Узброенае супрацьстаянне болей не пагражала, і далей крызіс перайшоў у крымінальную фазу. 12 жніўня супраць Аса Комера і Яаак Мосіна была ўзбуджана крымінальная справа па падазрэнні ў злоўжыванні ўладай.

4 верасня Аса Комер з яшчэ двума людзьмі выкралі ў Таліне бізнесмена Паўла Калмыкава і звезлі яго на ўласнай машыне. 12 верасня Яак Мосіна, які быў адпушчаны на волю на час расследавання, папрасіў палітычнага прытулку ў Швецыі.

26 лістапада падчас страляніны Комер параніў двух паліцыянтаў, Койта Пікару і Арга Аўнапуу. Пазней у гэты дзень ён быў затрыманы. Наступнага дня ў адстаўку падала міністр унутраных спраў Лагле Парэк.

26 лістапада 1993 года Аса Комер па некалькіх абвінавачаннях быў прыгавораны да 6,5 гадоў турэмнага зняволення. 9 снежня ён паказаў следзту месца пахавання цела скрадзенага бізнесмены Паўла Калмыкава.

Аналіз правіць

Падобныя інцыдэнты з ваенным непадпарадкаваннем у прыкладна той самы час адбыліся ў Латвіі і Літве. Гэта дало падставу эстонскаму генералу Іаганесу Керту заключыць, што яны былі арганізаваны агульным знешнім агентам, аднак ніякіх доказаў датычнасці аніякіх дзяржаў у гэтым інцыдэнце знойдзена не было.

Найбольш часта прычынай крызісу называюць няздольнасць эстонскай ваеннай адміністрацыі арганізаваць прымальныя ўмовы для пражывання, а таксама значны бюракратызм і дзёрзкасць у перапісцы між камандаваннем і тымі, хто звяртаўся да іх з запытамі. Прынамсі дзве пэтыцыі Егерскага валанцёрскага аддзела Ляэнемаа засталіся без адказу, а на трэцюю прыйшоў адказ пра неабходнасць выканання субардынацыі замест спробы вырашэння апісаных праблем.

Паліцыя раней ужо падазравала членаў Егерскага валанцёрскага аддзела Ляэнемаа ў забойстве прыкладна 30 этнічных рускіх, звязаных з пермскай мафіёзнай групоўкай. Валанцёры такім чынам намагаліся супрацьстаяць прыходу арганізаванай злачыннасці з Расіі, аднак фактычна яны сталі памочнікамі іншае мафіёзнае групоўкі, г. зв. «птушкафабрыкі», якая складалася з этнічных эстонцаў. Пермская і птушкафабрычная групоўкі ў той час удзельнічалі ў г. зв. «металічнай вайне» ў сферы валодання каляровымі металамі, у прыватнасці, дастаўкай кобальту.

Літаратура правіць