Пухавіцкі строй
Пухавіцкі строй — традыцыйны комплекс беларускага народнага адзення цэнтральнай Беларусі. Бытаваў у XIX - пач. XX ст.на тэрыторыі паміж гарадамі Слуцк і Асіповічы абапал р. Пціч. Яму ўласцівы строгасць форм і ў той жа час іх разнастайнасць у жаночым і мужчынскім адзенні, тонкае ўмеркаванае аздабленне.
Жаночы гарнітур
правіцьАснова летняга жаночага гарнітура складалася з двух варыянтаў: кашулі, спадніцы, фартуха; кашулі, спадніцы, фартуха, гарсэта. Кашулю кроілі з прамымі плечавымі ўстаўкамі і адносна вузкім рукавом, адкладным ці стаячым каўняром. Аздаблялі рознай шырыні ўзорыстымі папярочнымі палосамі натыкання ці вышыўкі з акцэнтам на прыплечавой частцы. Чырвоны ці чырвона-чорны графічны выразны арнамент палос утвараўся з ромбаў, квадратаў, трохвугольнікаў, гладкіх і зубчатых ліній. Арнамент 2-полкавага (радзей - 1-полкавага) фартуха, стылістычны і каларыстычна блізкіда аздыблення кашулі, размяшчаўся палосамі паводле прынцыпу згушчэння, да нізу; па краях нашывалі мохрыкі ці карункі. Спадніцу (андарак) шылі з 4 (кроёных па аснове) або 2 (краёных па ўтку) полак, натыканых у сакавітыя (малінавыя, васільковыя, бурачковыя, фіялетавыя, стрыманыя чорныя, белыя) гарызантальныя палосы і клеткі. Гарсэт меў 2 варыянты крою: у выглядзе кароткага ліфа з глыбокімі выразамі ў пройме іна грудзях і ў выглядзе доўгай безрукаўкі з баскай-чатырохклінкай. Шылі гарчэт з шарсцянкі ці аксаміту высільковага, чорнага колераў, аздаблялі нашыўкамі залацістага галуна, парчовай тасьмы, каляровай аблямоўкай. Касцюм завяршала намітка ці скіндачка[1] .
Мужчынскі гарнітур
правіцьМужчынскі гарнітур складалі кашуля, нагавіцы, пояс і камізэлька. Кашулю (тунікападобную ці з прамымі плечавымі ўстаўкамі) аздаблялі чырвоным геаметрычным арнаментам на плечавых ўстаўках, каўняры, каўнерцах, падоле; адкладны каўнер завязвалі тасёмкай або зашпівалі меднай спражкай. Кашулю навыпуск падпяразвалі тканым ці скураным поясам, на якім часта насілі кайстру, ножык, шабету. Камізэльку з прываленага сукна ці карычнева-белай клятчастай даматканкі апраналі паверх кашулі. Традыцыйным галаўным уборам былі суконныя магеркі, аздобленыя блакітнымі, чырвонымі, зялёнымі матузкамі, саламяныя капелюшы, аўчынныя футраванкі.
Зноскі
- ↑ Раманюк М. Ф. Пухавіцкі строй // Энцыклапедыя літаратуры і мастацтва Беларусі. — Мн.: БелЭн, 1987. — Т. 4. — С. 418. — 742 с.
Літаратура
правіць- Памяць : Пухавіцкі раён: гісторыка-дакументальныя хронікі гарадоў і раёнаў Беларусі / [укладальнік А. А.Прановіч; рэдкалегія: А. М. Карлюкевіч і інш.]. - Мінск : Беларусь, 2003. - 748, [1] с. - 3000 экз. ISBN 985-01-0251-9
- Беларускі народны касцюм / Л. І. Маленка; [маст. Э. Э. Жакевіч]. — Мінск : Ураджай, 2001.
- Бялявіна, В. М. Жаночы касцюм на Беларусі / В. М. Бялявіна, Л. В. Ракава. — Мінск : Беларусь, 2007. — 350 с.
- Бялявіна, В. М. Мужчынскі касцюм на Беларусі / В. М. Бялявіна, Л. В. Ракава. — Мінск : Беларусь, 2007. — 303 с.
Спасылкі
правіць- Беларускія народныя строі Архівавана 23 лютага 2017. // Sonca.org