Асіповічы
Асіпо́вічы[3] (трансліт.: Asipovičy) — горад у Беларусі, на левым беразе ракі Сіняя (прыток Свіслачы)[4]. Адміністрацыйны цэнтр Асіповіцкага раёна Магілёўскай вобласці. Размешчаны за 136 км на паўднёвы захад ад Магілёва, 3 км ад аўтамабільнай дарогі Мінск — Гомель. Буйны чыгуначны вузел: лініі на Мінск, Гомель, Магілёў, Баранавічы.
Горад
Асіповічы
| ||||||||||||||||||||||||||||||||||||||
Заснаваны ў 1872 годзе як станцыя Лібава-Роменскай чыгункі. У 1900 годзе пасёлку Асіповічы, што паўстаў вакол станцыі, нададзены статус гарадскога паселішча. З 25 кастрычніка (7 лістапада) 1917 г. пад уладай бальшавікоў. Некаторы час у студзені-лютым 1918 г. паселішча знаходзілася пад акупацыяй польскіх легіянераў Доўбара-Мусніцкага, затым з 19 лютага па 4 снежня 1918 г. акупаванае нямецкай арміяй. З 20 жніўня 1919 года да 10 ліпеня 1920 года тэрыторыя Асіповічаў знаходзіцца пад акупацыяй Польшчай. Пасля — у складзе ССРБ. 15 ліпеня 1935 года Асіповічы атрымліваюць стан горада. У Другую сусветную вайну быў пад нямецкай акупацыяй, у горадзе дзейнічала савецкае падполле, дзеяч якога, Фёдар Крыловіч, ажыццявіў на чыгуначнай станцыі Асіповічы найбуйнейшую дыверсію Вялікай Айчыннай вайны. На перыяд 1966—1985 гг.[5] прыходзіцца найбуйнейшы рост вытворчасці горада, засноўваюцца шматлікія прамысловыя прадпрыемствы, актыўна будуецца жыллё. З 1991 г. — у складзе незалежнай Беларусі.
Гісторыя
правіцьДа заснавання
правіцьУ пачатку 1980-х гадоў настаўнік гісторыі В. П. Шчыглоў выявіў каля Асіповічаў стаянку эпохі неаліту. Былі знойдзены ножападобныя пласціны, скрабкі, адшчэпы, сабраныя ўзоры неалітычнай керамікі[5].
Акрамя таго, паблізу Асіповіч знойдзена каменная матыка (паводле меркаванняў вучоных-археолагаў, яна адносіцца да бронзавага веку), сведчанне развіцця земляробства ў гэты час[5].
Пасля заснавання
правіцьНа XVIII ст. прыпадае імаверны час узнікнення паселішча[6]. У 1777 годзе паводле тарыфа Слуцкай парафіі, у Асіповічах было 16 дымоў[6].
У 1793 годзе ў выніку другога падзелу Рэчы Паспалітай Абодвух Народаў Асіповічы апынуліся ў складзе Расійскай імперыі. Па падзеле ўвайшлі ў склад Бабруйскага павета Мінскай губерні. Паводле рэвізіі Бабруйскага павета гэтага ж года з’яўляліся ўласнасцю Дамініка Гераніма Радзівіла, размяшчаліся ў складзе заставы Ратынскага. Паводле гэтай жа рэвізіі, у тагачасных Асіповічах налічвалася 83 мужчынскія душы і 71 жаночая, існавала карчма[6].
У другой палове 1794 года падчас паўстання Тадэвуша Касцюшкі ў Мінскай губерні адбыўся рэйд 3-тысячнага атраду палкоўніка Стэфана Грабоўскага, які прайшоў у тым ліку і цераз Асіповічы, аднак 4 верасня быў разбіты пад Любанню[7].
Ураджайнасць на Асіповіччыне была адна з ніжэйшых па губерні. 3 паўночнага боку вёску Асіповічы падпірала вялікае балота, усю астатнюю прастору займалі лясы. Сяляне Асіповіч акрамя земляробства лавілі рыбу і баброў у рэчцы і вазілі ў Бабруйск на продаж, зараблялі на дарозе рамізніцтвам і сплаўлялі лес. У 1834 г. у вёсцы 26 двароў[5].
У пачатку 1870-х гадоў адбылася падзея, якая карэнным чынам змяніла жыццё на Асіповіччыне: была пабудавана і адкрыта Лібава-Роменская чыгунка. На пачатак будаўніцтва чыгункі ў вёсцы Асіповічы было ўжо ўсяго 4 двары і 20 жыхароў. Памяншэнне колькасці насельніцтва тлумачыцца даволі прымітыўнай тэхнікай земляробства, якая паволі збядняла глебу. Таму вёскі ў краі аж да пачатку XX ст. перакачоўвалі з месца на месца, асвойваючы новыя землі[5].
У 1872 годзе за 2 км ад Асіповічаў заснавалі аднайменную станцыю Лібава-Роменскай чыгункі, дзе існавала 5 двароў і пражывала сорак чалавек. Станцыя пушчана ў эксплуатацыю ў 1876 годзе. У 1889 годзе каля станцыі быў пабудаваны лесапільны завод. Праз пяць гадоў (у 1894 г.) паўсталі другі лесапільны завод, млын і некалькі жылых дамоў. Са спіленага лесу тут вырабляліся мачты, карабельны дубовы брус, розныя сарты клёпкі[8], якія карысталіся попытам на замежных рынках[4]. У 1895 г. (па некаторых звестках — у 1893[4]) адкрыта паштовае аддзяленне, якое карысталася тэлеграфам чыгункі[5][9].
Станам на 1890 год станцыя Асіповічы займала на Лібава-Роменскай чыгунцы трэцяе месца па звароце грузаў пасля Рудзенска і Беразіны. У гэты час даследчыкі казалі[10], што лясы края нішчацца па-драпежніцку[5]. 28 снежня 1896 году па ініцыятыве сям’і Дараганаў для вывазу лесу, спірту і сельскагаспадарчай прадукцыі была пракладзеная вузкакалейка Асіповічы — Дараганава, якая ў 1905 г. была прадоўжана да Старых Дарог, у 1907 г. — да Урэчча. Пракладанне вузкакалейкі значна павялічыла грузаабарот станцыі, спрыяла росту пасёлка. Пасля ўводу яе ў эксплуатацыю станцыя стала другой па грузаабароце на Лібава-Роменскай чыгунцы (пасля Беразіны)[11]. У 1897 г. быў здадзены новы мураваны будынак чыгуначнай станцыі і рамонтных майстэрань[5].
Перапіс насельніцтва Расійскай імперыі 1897 года засведчыў існаванне на месцы сучасных Асіповічаў трох асобных населеных пунктаў з назвай Асіповічы: вёскі з насельніцтвам у 526 жыхароў і ўтрыманнем 78 гаспадарак, чыгуначнай станцыі з насельніцтвам каля ста жыхароў і ўтрыманнем адзінаццаці гаспадарак, а таксама пасёлка насельніцтвам у прыкладна дзвесце чалавек з утрыманнем 3 гаспадарак і наяўнасцю заезнага двара і чатырох крамаў. Пазней гэтыя населеныя пункты зліліся і ўтварылі сучаснае адзінае паселішча[9]. У 1900 годзе кіраўніцтвам Лібава-Роменскай чыгункі на станцыі засноўваецца шпалапрапітны завод, што садзейнічала прытоку працоўнай сілы[11]. У гэтым жа годзе Асіповічам нададзены статус гарадскога паселішча[12]. Гэта прыцягнула да сябе яўрэйскае насельніцтва. Адпаведна стала разрастацца паўднёвая так званая «яўрэйская» палавіна горада[5].
Развіццё
правіцьСпрыяльныя ўмовы для развіцця вытворчасці і гандлю прыцягвалі ў мястэчка рамеснікаў і купцоў. У пачатку 1901 году ў паселішчы ўзнік шэраг майстэрняў і кузняў, у якіх рамантаваліся сельскагаспадарчыя інструменты, прадметы быту, акоўваліся падводы і сані. Адчынілася сапожная майстэрня, дзве цырульні, пякарня і некалькі бакалейных і мануфактурных крамаў. Мясцовае земства абсталявала невялікую бальніцу, якую абслугоўвалі фельчар і акушэрка[11].
Прыток насельніцтва выклікаў пашырэнне забудовы. Паселішча вылучалася правільнай планіроўкай — шырокімі вуліцамі і прамавугольнымі кварталамі. Аднак размяшчэнне яго па абодва бакі ад чыгункі ўскладняла рух гужавога транспарту ды пешаходаў[11].
Па стане на 1904 г. у Асіповічах дзейнічаў шпалапрапітны завод з 3 рабочымі, 2 лесапільныя заводы, 13 рамесных майстэрань з 47 рабочымі, лясны склад, бойня жывёлы, млын, былі адкрыты рынак і мноства крамак. У пасёлку (акрамя в. Асіповічы, у якой пражывалі 526 чалавек) налічвалася 1178 жыхароў і 150 будынкаў[11], у ім была мяшчанская ўправа, амбулаторыя, пошта, тэлеграф і нават 100 метраў тратуара[5].
Існуюць звесткі пра існаванне ў тагачасных Асіповічах большай колькасці двароў (больш за трохсот), 41 вуліцы і аднаго завулку, пры гэтым насельніцтва мястэчка складала каля 1 500 чалавек[9].
Рэвалюцыйны перыяд
правіць1905—1917
правіцьУмовы працы на заводах Асіповічаў былі складанымі, заробак нізкім. У мужчын ён складаў 60 кап., жанчын — 30 кап. у дзень. Гэта быў самы нізкі заробак ва ўсёй Мінскай губерні. Шырока прымяняліся штрафы. Толькі на лесапільным заводзе іх было 19 відаў. Працягласць працоўнага дня даходзіла да 13-14 гадзін[13]. 1905 год быў адзначаны ў Асіповічах палітычнымі хваляваннямі на станцыі і сярод рабочых прыватных прадпрыемстваў[5]. У снежні 1905 года працоўнымі Асіповічаў была зладжана першая забастоўка, запыніла працу станцыя[13].
За перыяд рэакцыі ў 1905—1907 гг. рэпрэсіраваны многія актыўныя ўдзельнікі рэвалюцыйнага руху, быў арыштаваны, асуджаны і сасланы І. І. Ляховіч, член РСДРП, які ўзначальваў стачку на станцыі. Знізілася заработная плата на шпалапрапітным заводзе, у паравозным дэпо і ў іншых прадпрыемствах. Падоўжаны працоўны дзень, павялічаны штрафы. Працоўныя шпалапрапітнага завода, незадаволеныя чарговым паніжэннем аплаты, 17 сакавіка 1908 года арганізавалі эканамічную стачку з патрабаваннямі паляпшэння ўмоў працы і адмены штрафаў, якая, аднак, была задушана паліцыяй і салдатамі[13].
У 1906 г. пры станцыі адкрылася чыгуначная школа 2-й ступені, а ў наступным годзе пачынае працу царкоўнапрыходская школа[14]. У 1909 годзе ў Асіповічах засноўваецца смаляны завод, адкрываецца тэлеграфны пункт. У 1913 г. у параўнанні з 1900 г. паступленне грузаў на станцыю павялічылася ў 3 разы, а вываз у 1,2 раза. Участак чыгункі ад Асіповіч да Старых Дарог быў пераведзены на шырокую каляіну, а ў 1915 г. даведзены да Слуцка[5].
На 1913 г. прамысловасць мястэчка была прадстаўленая паравозным дэпо, шпалапрапітным заводам, 2 лесапільнымі заводамі, 2 млынамі, смаляным заводам, піўзаводам, шэрагам мелкіх вытворчых і гандлёвых прадпрыемстваў. У пасёлку налічвалася 246 двароў і 1244 жыхара[14].
З пачаткам Першай сусветнай вайны ва ўсіх губернях Паўночна-Заходняга краю было ўведзена ваеннае становішча. У мястэчку размясціліся рэзервовыя вайсковыя часці. Прамысловасць працавала на патрэбы фронту. Насельніцтва прыцягвалася да работ па рамонце чыгункі і дарог. У пасёлку знаходзілі сабе прыстанішча ўцекачы. Летам 1915 года адбыліся салдацкія хваляванні на чыгуначнай станцыі. У кастрычніку 1916 г. адбыліся хваляванні сярод салдат асіповіцкага гарнізону[15].
Пасля Лютаўскай рэвалюцыі на прамысловых прадпрыемствах пасёлка бальшавікамі пачалі стварацца «рабочыя камітэты» , якія з красавіка 1917 г. усталёўваюць на месцах скарочаны працоўны дзень. 17 красавіка адбываецца 1-ы з’езд салдацкіх і рабочых дэпутатаў пасёлка. Пачынаюць арганізоўвацца антываенныя прабальшавіцкія мітынгі і дэманстрацыі[16].
Кастрычніцкая рэвалюцыя
правіцьУ 1917 годзе перапіс насельніцтва засведчыў пражыванне ў Асіповічах прыкладна 4 200 чалавек[9].
Вестка аб пачатку Кастрычніцкай рэвалюцыі прыйшла на тэлеграф чыгуначнай станцыі Асіповічы 25 кастрычніка (7 лістапада) 1917 г. У гэты ж дзень аб пераходзе ўлады ў рукі бальшавікоў даведаліся жыхары Асіповіч і ўсёй Замошскай воласці, у якую яны тады ўваходзілі. Актывісты чыгуначнага вузла стварылі рэвалюцыйны камітэт, які абвясціў сваю ўладу не толькі непасрэдна на чыгуначным вузле, але і ў рабочым пасёлку Асіповічы. Улада ў аднайменнай вёсцы перайшла да Савету рабочых, салдацкіх і сялянскіх дэпутатаў Замошскай воласці. Пачаліся працэсы арганізацыі новага апарату кіраўніцтва, нацыяналізацыі зямлі, канфіскацыі памешчыцкай маёмасці. Такім чынам, па рэвалюцыі ў Расіі 1917 года ў Асіповічах былі ўсталяваны савецкія органы ўлады[9][5].
Польскія легіянеры Доўбара-Мусніцкага
правіцьУ гэты ж час у раёне Рагачова, Жлобіна і Бабруйска размяшчаўся 1-ы польскі корпус легіянераў генерала І. Р. Доўбар-Мусніцкага. У снежні 1917 г. галоўнакамандуючы Заходнім фронтам А. Ф. Мяснікоў загадаў Доўбар-Мусніцкаму падпарадкавацца рэвалюцыйнаму камандаванню. Але генерал адхіліў гэты загад. Легіянеры пачынаюць рух на захад. Асіповіцкі рэўком і бальшавіцкая ячэйка, выконваючы загады Ваенна-рэвалюцыйнага камітэта Заходняга фронту, пачалі работу па фарміраванні атрадаў Чырвонай гвардыі. На станцыі Асіповічы пры дапамозе Замошскага і Восаўскага валвыканкомаў быў сфарміраваны атрад колькасцю больш за 1000 чалавек. Многія жыхары Асіповіч увайшлі ва ўнутраныя войскі пад камандаваннем намесніка загадчыка і члена калегіі Усерасійскай надзвычайнай камісіі (ВЧК) В. В. Каменшчыкава[17]. Яны рыхтаваліся абараняць чыгуначную станцыю і пас. Асіповічы. Акрамя таго, супраць войскаў Доўбар-Мусніцкага ў асіповіцкім напрамку з Украіны былі накіраваныя 2500 чырвонагвардзейцаў 1-га Мінскага рэвалюцыйнага атраду пад камандаваннем Р. І. Берзіна[18] [5].
18 студзеня 1918 г. легіянеры пад камандаваннем капітана Юркевіча падышлі да Асіповіч. У ноч на 19 студзеня легіянеры адкрылі па Асіповічах моцны артылерыйскі і кулямётны агонь. Атрады Чырвонай гвардыі вымушаныя былі адступіць, прадстаўнікі бальшавіцкай улады сышлі ў партызаны. Акупацыя працягвалася 3 тыдні. 3 лютага пачалося агульнае наступленне атрадаў Чырвонай гвардыі, легіянерам быў нанесены ўдар, пасля якога 26 лютага 1918 г. у Бабруйску заключана пагадненне аб падпарадкаванні 1-га польскага корпуса немцам[5].
Германская акупацыя
правіць16 лютага германскае камандаванне паведаміла савецкай дэлегацыі аб тым, што 18 лютага заканчваецца тэрмін перамір'я і аднаўляецца вайна. У першы ж дзень наступлення кайзераўскіх войскаў мястэчка было акупаванае. Акупацыя працягвалася да 4 снежня 1918 года[9]. На захопленай тэрыторыі ўлада цалкам перайшла ў рукі германскіх акупацыйных войскаў. Акупацыйныя ўлады аднавілі прыватную ўласнасць, шырока выкарыстоўвалі дзеля сваіх патрэб чыгунку, прамысловыя прадпрыемствы пасёлка, вывозілі ў Германію лесаматэрыялы і харчаванне[5].
25 сакавіка 1918 года Радай БНР была прынятая Трэцяя Устаўная грамата, паводле ўмоў якой Бабруйскі павет склаў адну з заяўленых тэрыторый Беларускай Народнай Рэспублікі, але органы ўлады рэспублікі не разгарнулі ў мястэчку дзейнасць з прычыны агульнай неарганізаванасці сярод структур БНР і адмоўнага стаўлення нямецкага франтавога камандавання да ўтварэння БНР.
У час нямецкай акупацыі асіповіцкі Рэўком і бальшавікі Замошскай воласці сышлі ў брыцалавіцкія лясы. Здзяйсняліся актыўныя баявыя вылазкі супраць акупантаў. Партызаны выводзілі са строю сувязь паміж Асіповічамі і Старымі Дарогамі, разбіралі рэйкі, падпальвалі вагоны і склады з ваеннай маёмасцю. У валасцях былі арганізаваныя падпольныя рэвалюцыйныя камітэты і партыйныя ячэйкі, перад якімі ставілася мэта праводзіць арганізацыйную і палітычную работу сярод насельніцтва, а пры наступленні Чырвонай арміі ўзяць уладу ў свае рукі[5].
У пачатку лістапада 1918 г. грымнула рэвалюцыя ў Германіі. 13 лістапада УЦВК прыняў пастанову скасаваць Брэсцкі мірны дагавор. Усе ўключаныя ў яго абавязацельствы былі аб’яўлены несапраўднымі. 28 лістапада палкі Чырвонай арміі ўвайшлі ў Бабруйск, а 4 снежня атрад чырвонаармейцаў увайшоў у Асіповічы[5].
Польская акупацыя
правіць1 студзеня 1919 года Заходняя вобласць распускаецца, Бабруйскі павет фармальна перадаецца ў склад абвешчанай ССРБ, пасля чаго на кароткі час трапляе ў склад Бабруйскага павета Літоўска-Беларускай ССР. З 20 жніўня 1919 года да 10 ліпеня 1920 года тэрыторыя горада знаходзіцца пад акупацыяй Польшчай[9], дзе размяшчалася ў Бабруйскім павеце Грамадзянскага ўпраўлення Усходніх зямель. Палякі размясцілі штаб вайсковай часці ў маёнтку памешчыка В. Ф. Дарагана ў в. Смык-Слабада, контрразведку (дэфензіву) — у будынку, які зараз[19] займае леспрамгас, камендатуру і войскі — у паўночнай ад чыгункі частцы Асіповіч, створаны магістрат. Шпалапрапітны завод быў дэманціраваны, а яго абсталяванне вывезена ў Польшчу. У часы польскай акупацыі ў наваколлях горада дзейнічала партызанка агульным складам каля 200 чалавек[9], дзейнічалі асобныя атрады на чале з Я. Багдановічам і А. Каральком[20]. Байцы партызанскіх атрадаў арганізоўвалі дыверсіі на ўчастках чыгункі Асіповічы — Старыя Дарогі, разбіралі пуці, падарвалі чыгуначны мост цераз раку Пціч[5].
У пачатку чэрвеня 1920 г. крынкаўскія партызаны ажыццявілі напад на станцыю Дараганава і разграмілі гарнізон палякаў. Урэшце яны былі выкрытыя і расстраляныя ў кар’еры на ўсходняй ускраіне Асіповіч. У першыя дні ліпеня 1920 г. партызаны напалі на чыгуначную станцыю Асіповічы з мэтай захопу браняпоезда, які рыхтаваўся адправіцца на Мінск, і разам з разведчыкамі Чырвонай арміі і чыгуначнікамі захапілі яго[5].
10 ліпеня 1920 г. часці Чырвонай арміі ўвайшлі ў Асіповічы. Адступаючы, палякі спалілі некалькі гаспадарчых аб’ектаў, падарвалі чыгуначны мост цераз раку Сінюю. Зноў выбраны бальшавікамі рэвалюцыйны камітэт пачаў прымаць меры па аднаўленні гаспадаркі. 31 ліпеня 1920 года была распушчана ЛітБел з перадачай земляў цэнтральнай Беларусі ў склад новаўтворанай БССР[5].
Савецкі час
правіцьДа вайны
правіць17 чэрвеня 1924 г. у БССР была праведзена перабудова адміністрацыйнага падзелу. Замест паветаў былі ўтвораны акругі і раёны, у тым ліку Бабруйская акруга з шэрагам раёнаў. 17 лютага 1924 г. шляхам аб’яднання Асіповіцкай воласці[21], частак Гарадоцкай, Гарбацэвіцкай і Жыцінскай валасцей Бабруйскага павета, Кнорынскай і Пагарэльскай валасцей Ігуменскага павета быў утвораны Асіповіцкі раён з цэнтрам у Асіповічах[5]. З 1930 года, пасля скасавання акруговага падзелу, Асіповіцкі раён стаў непасрэдна ўваходзіць у склад БССР, 20 лютага 1938 года ўвайшоў у склад Магілёўскай вобласці.
У склад Асіповіцкага валкома партыі некаторы час уваходзілі не толькі члены партыі бальшавікоў, але і члены яўрэйскага рабочага саюза (Бунд). У кіраўніцтве воласцю, а пазней і раёнам утварылася двухпартыйнасць, якая існавала да 1924 г[5].
Правядзенне новай эканамічнай палітыкі прывяло да наладжвання гандлю. Ужо ў п. п. 1923 года ў Асіповічах працавалі 58 магазінаў і лавак, з якіх толькі адзін магазін быў дзяржаўным. Ствараліся прамысловыя арцелі[22].
У 1926 г. утварылася раённае таварыства краязнаўства, якое ўзначальваў завуч чыгуначнай школы А. Г. Немцаў[23]. У 1928 г. Цэнтральнае бюро краязнаўства Інстытута беларускай культуры выдала працу «Асіповіцкі раён Бабруйскай акругі: краязнаўчае апісанне»[24], падрыхтаваную А. Немцавым і М. Азбукіным. Таварыства праіснавала да 1938 г. У час масавых палітычных рэпрэсій у краіне А. Г. Немцаў быў рэпрэсіраваны, дзейнасць таварыства спынілася[5].
У 1928 г. пачалося будаўніцтва чыгункі Рослаўль — Магілёў — Асіповічы, якое было скончана ў 1931 г. Распачата будаўніцтва 2-га пуці на Слуцк, узведзены першыя мураваныя двухпавярховыя, трохпавярховыя жылыя дамы. У 1931 г. у Асіповічах пачала выходзіць раённая газета «Калгасная праца». Першы яе нумар пабачыў свет 10 ліпеня[25]. 3 1932 г., пасля здачы ў эксплуатацыю лініі Асіповічы — Рослаўль, станцыя, што дагэтуль з’яўлялася асобным населеным пунктам, стала буйным чыгуначным вузлом і злілася з мястэчкам[5].
2-я палова 1930-х гадоў у гісторыі савецкай краіны азнаменавана не толькі ростам вытворчасці і паляпшэннем дабрабыту насельніцтва горада. Шпіёнаманія, усеагульная падазронасць у «шкодніцтве» і ў арганізацыі контррэвалюцыйнай дзейнасці, якія прыкрываліся ўзмацненнем «палітычнай пільнасці» і «выкарчоўваннем ворагаў народу», ахапілі і раён. У Асіповічах многія былі арыштаваны. Гарадскія НКУС-аўцы дапускалі фальсіфікацыю крымінальных спраў, інкрымінавалі арыштаваным прыналежнасць да польскай арганізацыі вайсковай «ПАВ». Некаторыя з упаўнаважаных супрацоўнікаў НКУС пазней былі асуджаны[5].
25 сакавіка 1928 г. адбылася раённая нарада прадстаўнікоў беднаты, на якой разглядалася пытанне аб пачатку калектывізацыі. Непасрэдна ўтварэнне калектыўных гаспадарак пачыналася з восені, калі раённая партканферэнцыя 16 лістапада 1928 г. адзначала, што ў в. Вялікая Грава арганізавана арцель з 6 гаспадарак. Да красавіка 1938 г. у калгасы аб’ядналася пераважная большасць гаспадарак. Працавалі машынна-трактарныя станцыі[5].
15 ліпеня 1935 года Асіповічы атрымліваюць стан горада. Паводле даваеннага перапісу насельніцтва, які праводзіўся ў 1939 годзе, у Асіповічах пражывала 1 694 яўрэяў, якія складалі 12,34 % ад агульнай колькасці жыхароў горада. У 1941 годзе ў Асіповічах працавалі дзве сярэднія школы, два дзіцячыя сады, дванаццаць прамысловых прадпрыемстваў з прыбліза дзвюма тысячамі працаўнікоў, у тым ліку паравознае дэпо, вагонарамонтны пункт, маторна-трактарная станцыя, маслазавод, прамысловы камбінат, лясная прамысловая гаспадарка і чатыры арцелі[9]. Сярод медыцынскіх устаноў у Асіповічах на 1941 год: бальніца, пункт хуткай дапамогі, паліклініка, дзіцячая кансультацыя, радзільны дом, чыгуначная амбулаторыя, процітуберкулёзны дыспансер[26]. На пачатак 1941 г. у Асіповічах жылі каля 13 тыс. чалавек[5], было ўзведзена каля 1000 будынкаў[26].
Вялікая Айчынная вайна
правіцьУначы з 22 на 23 чэрвеня 1941 года немцамі была здзейснена першая бамбардзіроўка Асіповічаў. 23—25 чэрвеня райваенкамат правёў мабілізацыю ваеннаабавязаных. Для правядзення эвакуацыі і барацьбы з варожымі парашутыстамі ў Асіповічах быў створаны штаб абароны горада і раёна, які ўзначаліў старшыня райвыканкома М. П. Каралёў. Штаб ажыццяўляў эвакуацыю людзей, матэрыяльных каштоўнасцей, дакументаў. Апошні эшалон пайшоў з Асіповіч на ўсход 25(26[27]) чэрвеня[5]. 28 чэрвеня прадстаўнікі раённага камітэту КП(б)Б і райвыканкаму выехалі ў пасёлак Градзянка, адкуль далей накіраваліся ў клічаўскія лясы[27].
За Асіповічы вялікіх баёў не было, таму што злучэнні 2-й танкавай групы Гудэрыяна абышлі горад і раён з поўдня і поўначы і імкліва рушылі на Бабруйск і Магілёў. Раніцай 28 чэрвеня яны ўвайшлі ў Бабруйск, а ў Асіповічах яшчэ працягвала існаваць савецкая ўлада. Горад гітлераўцы занялі 30 чэрвеня, а да 2 ліпеня быў акупіраваны ўвесь раён. Але яшчэ ў ліпені і нават у жніўні на тэрыторыі раёна вяліся баявыя дзеянні ў тыле варожых войскаў. Тэрыторыя Асіповічаў не знаходзілася ў складзе Генеральнай акругі Беларусь, а ўвайшла ў зону ваеннага тылу групы армій «Цэнтр»[5].
У пачатку ліпеня 1941 года на поўдні горада было створана яўрэйскае гета, куды нацыстамі была сагнана пераважная большасць пакінутых у горадзе яўрэяў. Для гэтага быў адведзены раён у паўднёвай частцы горада — ад вуліцы Р. Люксембург да вуліцы В. Харужай. Жыхароў яўрэйскай нацыянальнасці налічвалася прыкладна 430—450 чалавек. Кожную раніцу працаздольнае насельніцтва з гета накіроўвалі на цяжкую фізічную працу па разборцы разбураных казарм, дамоў, на чыгуначную станцыю і іншыя аб’екты. 11 кастрычніка 1941 г. пад выглядам адпраўкі на работы ўсё дарослае працаздольнае насельніцтва гета было загнана ў паўднёвы ваенны гарадок і там расстраляна. Жанчыны з малымі дзецьмі расстраляны 5 лютага 1942 г[5].
У ліпені 1941 года створаная падпольная суполка КП(б)Б, якой 14 кастрычніка 1942 года рушыла ўслед стварэнне суполкі ЛКСМБ, абедзве дзейнічалі да 2 ліпеня 1944 года. Пад кіраўніцтвам падпольнага райкома толькі за ліпень — верасень 1941 г. было створана ў раёне 6 дыверсійна-разведвальных груп. Дыверсійная група рабочых дэпо станцыі Асіповічы за жнівень — лістапад 1941 г. вывела са строю 12 паравозаў. Рашэннем ад 10 кастрычніка 1942 г. райком зацвердзіў падпольную арганізацыю на чыгуначным вузле станцыі Асіповічы (у якой удзельнічала больш за 90 чалавек), 6 ліпеня 1943 г. — падпольную арганізацыю ў г. Асіповічы. Яны не толькі займаліся дэзарганізацыяй работы чыгуначнага вузла, але і пытаннямі арганізацыі вываду людзей з горада ў партызанскія атрады, распаўсюджваннем газет і лістовак сярод жыхароў, інфармавалі партызан аб выніках дыверсій. У 1943 годзе было створана каля дваццаці падпольных камсамольскіх груп[5].
Ф. А. Крыловічу ў ноч з 29 на 30 ліпеня 1943 г.[28] удалося прымацаваць міны да цыстэрнаў эшалона з палівам, каля якога стаялі яшчэ тры воінскія эталоны. Каля 2 гадзін ночы 30 ліпеня міны ўзарваліся. Пажарам знішчаны эшалон з палівам, 2 эшалоны з боепрыпасамі, у т. л. з авіябомбамі, і адзін з тэхнікай, сярод якой былі бронемашыны і танкі «тыгр». Дыверсія Ф. А. Крыловіча лічыцца адной з найбуйнейшых у часы Другой сусветнай вайны[29]. Асіповіцкія падпольшчыкі правялі і шмат іншых дыверсій. Наогул падчас падпольнай дзейнасці ў Асіповічах было знішчана трыццаць эшалёнаў і пашкоджана 70 паравозаў, рабіліся рэйды на адміністрацыйныя будынкі, знішчаліся прадпрыемствы[30][5].
Першая партызанская групоўка была ўтвораная 30 чэрвеня 1941 года з прадстаўнікоў партыйнага актыву і супрацоўнікаў НКДБ, пакінутых у тыле[27]. У пачатку 1942 года ў раёне дзейнічалі ўжо 10 партызанскіх груп, у сакавіку 1942 г. арганізаваны першы атрад (210-ы партызанскі атрад ім. Сталіна)[31]. Да восені 1942 г. на тэрыторыі Асіповіцкага раёна дзейнічалі таксама і дробныя, па 6—10 чалавек, партызанскія групы, якія часта займаліся марадзёрствам і незаконнымі расстрэламі мірных жыхароў, што выклікала незадаволенасць у мясцовага насельніцтва. Улічваючы ўсё гэта, падпольны райком КП(б)Б сваёй пастановай ад 13 кастрычніка 1942 г. абавязаў С. С. Сумчанку[32] далучыць усе існаваўшыя невялікія партызанскія групы да 210-га партызанскага атраду. У лютым 1943 г. арганізаваная 1-я Асіповіцкая партызанская брыгада, першая з утвораных на тэрыторыі Асіповіцкага раёну[33]. Агулам на тэрыторыі раёну дзейнічалі партызанскія брыгады: першая Асіповіцкая, першая Бабруйская, 161-я імя Р. І. Катоўскага, з ліпеня 1943 года — Асіповіцкая ваенна-аперацыйная група[5].
23 чэрвеня 1944 г. пачынаецца аперацыя «Баграціён». 27 чэрвеня 1944 г. у 17 гадзін да Асіповіч падышоў першы атрад Чырвонай арміі. Цераз 30 хвілін байцы далажылі, што імі захоплены тры немцы, якія паказалі, што ў горадзе войскаў няма, акрамя аховы складоў, чыгуначнай станцыі і дробных гаспадарчых груп. Камандзір перадавога атрада падпалкоўнік Люлькоў вырашыў сходу авалодаць горадам. 28 чэрвеня 1944 года горад Асіповічы быў цалкам вызвалены ад акупантаў. Раніцай пачаліся жорсткія баі з праціўнікам, што адступаў з бабруйскага «катла». Да канца дня 30 чэрвеня 1944 года групоўка нямецка-фашысцкіх войскаў, якая прарвалася з бабруйскага «катла», была ліквідавана. 1 ліпеня 1944 г.[34] у горадзе былі адноўленыя органы савецкай улады. Насельніцтва раёна пачало работы па аднаўленні разбуранай гаспадаркі. Большасць партызан пайшлі ў Чырвоную армію[5].
Акупацыя горада доўжылася 1093 дні[35]. За гады вайны ў Асіповіцкім раёне фашыстамі было расстраляна, павешана, закатавана 3829 мірных жыхароў, спалена 50 вёсак, у тым ліку 12 цалкам разам з усімі жыхарамі. Гітлераўцам удалося вывезці ў Германію з г. Асіповічы і раёна 3884 чалавекі. Горад быў спалены напалову. Знішчаны ўсе прамысловыя прадпрыемствы[35], амаль усе ўстановы культуры раёна, увесь кніжны фонд спалены. 3-за недахопу жылля большасць жыхароў тулілася ў часовых пабудовах і зямлянках[5].
Быў на нашым шляху горад Асіповічы. Ён быў асноўным цэнтрам канцлагераў і астрогаў. Лагер васемнаццацігадовых. Лагер для ваеннапалонных. Лагер для старых. Жаночы лагер. Лагер для дзяцей васьмі — пятнаццаці гадоў. Жыхары расказвалі нам, што тут фашысты спецыяльна адбіралі блізнят і адпраўлялі іх кудысьці. Потым, ужо ў Польшчы, даведаўся я працяг гэтай страшэннай гісторыі… Я. А. Далматоўскі[36], «Палкі ідуць на захад»[5]
Пасля вайны
правіць25 верасня 1944 года Асіповічы застаюцца раённым цэнтрам, пераходзячы ў падначаленне Бабруйскай вобласці[9]. Пачынае аднаўляцца разбураная гаспадарка. Колькасць насельніцтва ў горадзе на 1.9.1944 г. складала 10 820 чалавек. Востра адчуваўся недахоп будаўнічых матэрыялаў, транспартных сродкаў, кваліфікаваных рабочых. Насельніцтва мела вялікую патрэбу ў прадуктах харчавання і прамысловых таварах. Да канца года аднавілі работу каля дзясятка прадпремстваў, адкрыліся магазіны. Паступова аднаўлялася жыллё. Да канца 1944 г. у Асіповічах было пабудавана 119 жылых дамоў, да 1950 г. — адноўлена і пабудавана 845 будынкаў. Да 1951 г. прамысловыя прадпрыемствы горада дасягнулі даваеннага ўзроўню вытворчасці[37]. З 1 студзеня 1945 году аднавіла працу раённая газета «Калгасная праўда»[38]. Восенню 1953 г. Асіповіцкая ГЭС дала ток. Каля яе ўтварылася вадасховішча, якое стала і месцам адпачынку гараджан. У 1953 г. уступіў у строй хлебазавод, што дало магчымасць ліквідаваць цяжкасці ў забеспячэнні насельніцтва хлебам. З 8 студзеня 1954 года Асіповічы зноў у складзе Магілёўскай вобласці. У 1956 г. закончана будаўніцтва новага будынка чыгуначнага вакзала[9][5].
У 1946 годзе на вуліцу Кастрычніцкую (паўднёвы ўсход Асіповічаў) з вёскі Зборск Асіповіцкага раёна пераносяць праваслаўную Царкву Узвышэння Святога Крыжа, якая была пабудавана ў 1826 годзе ў гэтай вёсцы ў стылі народнага дойлідства на сродкі графа Завішы і раней звалася Свята-Казьмадзям’янаўская. Як сведчаць жыхары горада, набажэнствы ладзіліся кожныя выходныя без перапынкаў не зважаючы на адмоўнае стаўленне савецкай улады да праяваў рэлігійнага жыцця вернікаў[39].
Станам на 1959 год у горадзе пражывала 15,8 тыс. чал. З 25 снежня 1962 года Асіповічы пераходзяць у склад Бабруйскага раёна[9]. Прамысловасць горада папоўнілася ў 1963 г. цэхам тэхналагічнай аснасткі[40] Мінскага аўтазавода, прызначаным для вырабу вузлоў і нестандартнага абсталявання. За перыяд з 1959 г. па 1965 г. у Асіповічах было пабудавана 549 жылых дамоў. Адноўлены горад пашыраў свае межы, і вёска Асіповічы, якая дала калісьці назву чыгуначнай станцыі і вырасшаму каля яе пасёлку, злілася з раённым цэнтрам. 7 сакавіка 1963 г. Асіповічы былі аднесены да гарадоў абласнога падпарадкавання. Колькасць жыхароў перавысіла даваенны ўзровень. 6 студзеня 1965 года горад выходзіць са складу Бабруйскага раёна[9][5].
У сувязі з прыняццем рашэння аб прамысловым будаўніцтве пераважна ў сярэдніх і невялікіх гарадах краіны было вырашана размясціць у Асіповічах шэраг прадпрыемстваў саюзна-рэспубліканскага значэння. На развіццё гарадской гаспадаркі накіроўвалася сродкаў у 5 разоў больш, чым у папярэднія 5 гадоў. Інстытутам «Белдзяржпраект» быў распрацаваны і ў 1966 г. зацверджаны праект планіроўкі і забудовы горада да 1985 г. Узводзіліся кардонна-руберойдавы завод, завод жалеза-бетонных канструкцый, кансервавы цэх кансервава-харчовага камбіната. Была завершана электрыфікацыя ўчастка чыгункі ад станцыі Талька да станцыі Асіповічы, і 3 лістапада 1972 г. сюды прыбыў з Мінска першы электрапоезд. У 1973 г. горад пашырыў межы, уключыўшы ў сябе в. Перамога[5].
У 1977 г. выканком гарадскога Савета прыняў рашэнне аб устанаўленні звання «Ганаровы грамадзянін горада Асіповічы». Першым яго атрымаў Р. Ф. Люлькоў — былы камандзір 120-га стралковага палка 69-й стралковай дывізіі. У 1978 г. камбінат малочных прадуктаў замяніў стары маслазавод. У другой палове 1970-ых гг. змянілася спецыялізацыя горада. Калі раней ён быў вядомы толькі як транспартны вузел, то цяпер стаў і адным з найбольш значных прамысловых цэнтраў вобласці. У значных аб’ёмах вырабляліся руберойд і кардон, лесаматэрыялы, шклопалатно, крупы і гатунковая мука, масла, сухое абястлушчанае малако і інш.[5]
Сучаснасць
правіцьЗ 25 жніўня 1991 года — у складзе незалежнай Беларусі. Складаныя працэсы, якія пачаліся ў савецкім грамадстве ў канцы 1980 — пачатку 1990-х гадоў, пачалі адбівацца на ўсіх галінах эканомікі, культурна-бытавым і сацыяльным становішчы насельніцтва краіны. Не абышло гэта і Асіповіцкі раён. У перыяд з 1993 г. па 1996 г. адбывалася моцнае скарачэнне аб’ёмаў вытворчасці на прамысловых прадпрыемствах, распаўсюджаны былі скарачэнні персаналаў і затрымкі ў выплатах, адчуваўся востры недахоп бюджэтных сродкаў. Запаволілася жыллёвае будаўніцтва[5].
У 1990-я гады, нягледзячы на складанасць таго часу, пачалася рэканструкцыя будынка пад гісторыка-краязнаўчы музей, адкрылася другая дзіцячая музычная школа. У 1996 г. у раёне быў праведзены першы ў рэспубліцы фестываль аўтэнтычнага фальклору Беларускага Падняпроўя. Адным з новых відаў навучальных устаноў з’явілася беларуская гімназія. У 1993 г. гімназія пачала працаваць як самастойная адукацыйная ўстанова (у 1994 г. перайшла ў новы будынак)[5].
У 2002 годзе на вуліцы Інтэрнацыянальнай, што ў цэнтры горада, быў усталяваны помнік у выглядзе раней дзеючага паравоза Эм726-23, перад якім усталяваная памятная шыльда (варта адзначыць, што на шыльдзе змешчаны надпіс, дзе сцвярджаецца пра заснаванне горада ў 1872 годзе; гл. фота ніжэй). 3 студзеня 2005 года былі зацверджаны два ўказы прэзідэнта Рэспублікі Беларусь, якія рэгулююць выкарыстанне сцяга і герба Асіповічаў[41]. З гэтага ж перыяду вядзецца пабудова новых шматкватэрных дамоў на паўночным усходзе горада, здзейсненая рэканструкцыя пешаходнага мосту над чыгуначнымі шляхамі станцыі Асіповічы. З лета 2013 года з чыгуначнай станцыі Асіповічы ў бок Бабруйску працягнутыя кантактныя лініі, якія дагэтуль заканчваліся ў Асіповічах, што дазволіла фарміраванне цягнікоў па маршрутах Мінск — Бабруйск і Мінск — Жлобін на аснове электрычнай цягі.
У 2018 годзе з вёскі Цэль у Асіповічы перадыслакавана 465-я ракетная брыгада. У 2023 годзе Міністэрства абароны Рэспублікі Беларусь 1 лютага паведаміла, што брыгада атрымала для самастойнай эксплуатацыі аператыўна-тактычны ракетны комплекс «Іскандэр».
Кожны год, пачынаючы з 1983 г., у 2-ю суботу красавіка ў Асіповічах праходзіць Асіповіцкі міжнародны марафон. Статус мінжароднага асіповіцкі марафон атрымаў у 1995 годзе[5].
Насельніцтва
правіцьНа тэрыторыі Асіповічаў станам на 2024 год пражывае каля 29,1 тыс. чалавек. Нягледзячы на тое, што ўрбанізацыя СССР была выканана паспяхова і па сённяшні дзень у горад мігруюць патокі насельніцтва як з Асіповіцкага раёна, так і з суседніх раёнаў, аднак моладзь часцей выязджае на пастойнае жыхарства і заробкі ў Мінск.

- XVIII стагоддзе: 1793 год — 154 чал. (82 муж. і 71 жан.).[6]
- XIX стагоддзе: 1897 год — 526 чал. у вёсцы Асіповічы, 200 чал. у селішчы Асіповічы, 100 чал. у станцыі Асіповічы.[42].
- XX стагоддзе: 1904 год — 1 178 чал.; 1913 год — 1 244 чал.; 1917 год — 4 200 чал.[9]; 1939 год — 13,7 тыс. чал.[9]; 1959 год — 15,8 тыс. чал.[9]; 1974 год — 23 тыс. чал.[43]; 1991 год — 34,6 тыс. чал.[44]
- XXI стагоддзе: 2006 год — 34,3 тыс. чал.; 2009 год — 32 543 чал.[45]; 2013 год — 32,3 тыс. чал.; 2016 год — 31 498 чал.[46]; 2017 год — 31 298 чал.[47]
Г. Рыдзеўскім разглядаецца Асіповіцкая гарадская агламерацыя[48] рэгіянальнага значэння[49] з цэнтрам у Асіповічах, якая ўваходзіць у Бабруйскі сацыльна-эколага-эканамічны рэгіён і ў Бабруйскую гарадскую канурбацыю. Яна складаецца з дзвюх сельска-гарадскіх кантынуумаў: Асіповіцкага і Татаркаўскага. Па функцыянальна-іерархічным тыпе належыць да гарадскіх агламерацый субрэгіянальных цэнтраў разам з Ваўкавыскай і Светлагорскай агламерацыямі. Колькасць насельніцтва Асіповіцкай агламерацыі на 2019 г. складала 35 577 чал[5]. Асіповіцкая ГА належыць да гарадскіх агламерацый са спадам колькасці насельніцтва пераважна з-за міграцыйнага адтоку, што з’яўляецца асноўнай прычынай дэпапуляцыі і ва ўсёй Магілёўскай вобласці. Па ступені дэпапуляцыі належыць (па дадзеных перапісу 2019 г.) да «слаба дэпапулюючых» (з тэмпамі росту ад 90,1 % да 100 %)[5].
Эканоміка
правіцьУ Асіповічах працуюць прадпрыемствы па вытворчасці будаўнічых матэрыялаў, перапрацоўцы драўніны, лёгкай і харчовай прамысловасці.
Працуюць РУП «Асіповіцкі завод аўтамабільных агрэгатаў», СП ААТ «Дах», ААТ «Асіповіцкі малочны камбінат», Асіповіцкі завод жалезабетонных канструкцый, РУП «Асіповіцкі завод камунальнага машынабудавання», ААТ «Асіповіцкі камбінат хлебапрадуктаў», Парфумерна-касметычная фабрыка «Сонца», ЗАТ «Алтимед», ТАА «Кубокстрой».
Паблізу ад горада (на поўнач) на рацэ Свіслач размяшчаецца Асіповіцкая ГЭС.
Інфраструктура
правіцьПрацуе рынак, існуе дзве гасцініцы, два кінатэатры, рэстараны («Радзіма»), клубы, вялікая колькасць дробных прадуктовых крамаў, некалькі ўніверсамаў, некалькі банкавых і паштовых аддзяленняў. Вагоннае і лакаматыўнае дэпо.
-
Будынак адміністрацыі
-
Аўтобусны вакзал
-
Паліклініка
-
Чыгуначны вакзал
Культура
правіцьПрацуюць гісторыка-краязнаўчы музей, Асіповіцкі раённы цэнтр культуры і клуб дзіцячага і юнацкага турызму і краязнаўства. Дзейнічаюць чатыры бібліятэкі: адна дзіцячая і тры агульнага карыстання.
Адукацыя
правіцьУ Асіповічах дзейнічаюць 5[50] сярэдніх агульнаадукацыйных школ, Асіповіцкая беларуская гімназія, Асіповіцкі дзяржаўны прафесійна-тэхнічны каледж, 1 спецыяльная школа — інтэрнат, спартыўная школа, школа мастацтваў, дзве музычныя школы.
Спорт
правіцьУ горадзе працуюць стадыёны «Юнацтва», «Лакаматыў», «Алімпіец», фізкультурна-аздараўленчыя комплексы на АЗАА і Асіповіцкім заводзе «Камаш». Папулярнасцю ў гараджан карыстаюцца клубы «Юны дэсантнік», прыхільнікаў цяжкай атлетыкі «Мускул», аэробікі, валейбола, «Бадзёрасць», мотавеласпорту, шахматна-шашачны «Дэбют».
У чэрвені 2003 года прайшла рэгістрацыя дзяржаўнай установы — фізкультурна-спартыўнага футбольнага клуба «Асіповічы».
Планіроўка
правіцьДамінуючым кампанентам у планіроўцы горада з’яўляецца лінія Лібава-Роменскай чыгункі, якая праходзіць цераз Асіповічы, гэтая лінія падраздзяляе мястэчка на дзве прыкладна роўныя часткі, паўднёва-заходнюю і паўночна-ўсходнюю. Большая частка вуліц спланаваная перпендыкулярна. На захадзе горада, паміж вуліцамі Гарбатава і Сташкевіча, праходзіць аўтамабільны мост над чыгункай, які дублюе іншы аўтамабільны пераезд на ўсходзе горада, паміж вуліцамі Якуба Коласа і Крыловіча.
Крайнюю поўнач і паўночны ўсход мястэчка займаюць кварталы сучаснай забудовы. Агулам большая частка забудовы (асабліва ў паўднёва-заходняй палове горада) прыватная, існуе некалькі кварталаў «сталінскай» забудовы і некалькі спальных раёнаў са шматпавярховых жылых дамоў. На захадзе горада чыгуначныя магістралі падзяляюцца на два рукавы — пасажырскі (на поўначы) і таварны (на поўдні), між імі забудова адсутнічае за выняткам невялікага кварталу на крайнім усходзе Асіповічаў.
У цэнтральнай частцы горада, пры вуліцы Інтэрнацыянальная, размяшчаецца чыгуначная пасажырская станцыя Асіповічы, поруч з якой размешчаная аўтастанцыя. На крайнім захадзе Асіповічаў таксама дзейнічае станцыя Юбілейны.
Рэкрэацыйныя зоны
правіць- Парк 50 гадоў Кастрычніка (вул. Абрасімава)
- Гарадскі парк (вул. Юбілейная)
- Асіповіцкае вадасховішча
Славутасці
правіць- Крыжаўзвіжанская царква (пабудаваная ў 1826 годзе ў в. Зборск, у 1946 годзе перавезеная ў Асіповічы)
- Царква Увядзення ў храм Прасвятой Багародзіцы (2000)
- Каталіцкі касцёл (2005)
- Пратэстанцкі храм
- Асабняк «Дом Жукава»
- Могілкі яўрэйскія.
- Гарадская забудова пачатку ХХ стагоддзя:
- Воданапорная вежа
- Службовыя карпусы на чыгуначнай станцыі
- Чыгуначная бальніца
- Чыгуначная школа
- Помнік Крыловічу
- Брацкая магіла (1944), вул. Абросімава, у парку — Гісторыка-культурная каштоўнасць Беларусі, шыфр 513Д000049
- Стаянка (3—2-е тысячагоддзі да н.э.), на паўночна-ўсходняй ускраіне горада, за 0,5 км на поўдзень ад шашы Бабруйск — Мінск, на левым беразе р. Сіняя — Гісторыка-культурная каштоўнасць Беларусі, шыфр 513В000662
-
Свята-Крыжаўзвіжанская царква
-
Царква Увядзення ў храм Прасвятой Багародзіцы
-
Асабняк «Дом Жукава»
-
Пратэстанцкі храм
-
Чыгуначная школа
-
Чыгуначная бальніца
-
Помнік лакаматыву ЭМ 726-23, пастаўлены з нагоды 130-годдзя горада
-
Яўрэйскія могілкі
-
Помнік асіповіцкім яўрэям-ахвярам Халакосту, поўдзень горада, ля скрыжавання вуліц Працоўна-Сялянскай і Казлоўскай
Вядомыя асобы
правіць- Генадзь Яфімавіч Булдаў (нар. 1928) — беларускі архітэктар.
- Зіновій Самуілавіч Гарэлік (1904—1968) — камандзір роты, Герой Савецкага Саюза.
- Юрый Альфрэдавіч Дарашкевіч (нар. 1962) — беларускі жывапісец.
- Ніна Васілеўна Каменская (1913—1986) — беларускі гісторык. Член-карэспандэнт АН Беларусі (1959). Доктар гістарычных навук (1959), прафесар (1961).
- Яфім Якаўлевіч Клапер (нар. 1937) — беларускі архітэктар.
- Уладзімір Крукоўскі (нар. 1937) — беларускі мастак-плакатыст.
- Фёдар Андрэевіч Крыловіч (1916—1959) — кіраўнік партызанскай дыверсійнай групы ў гады вайны. Яго імем названая вуліца ў Асіповічах.
- Барыс Аляксандравіч Майстрэнка (1924—1945) — камандзір танка, Герой Савецкага Саюза. Яго імем названая вуліца ў Асіповічах.
- Эма Віталеўна Новікава (нар. 1946) — беларускі архітэктар.
- Тамара Рыгораўна Раеўская — беларуская спявачка.
- Георгій Іванавіч Шпак (нар. 1943) — расійскі ваенны і дзяржаўны дзеяч, генерал-палкоўнік, камандуючы паветрана-дэсантнымі войскамі ў 1996—2003 гадах, 5-ы губернатар Разанскай вобласці (2004—2008)
- Аляксей Рыгоравіч Шчэрба (нар. 1937) — беларускі архітэктар.
Крыніцы
правіць- ↑ https://osipovichi.gov.by/vlast/ispolnitelnaya-vlast/administratsiya-rayispolkoma/
- ↑ Численность населения на 1 января 2024 г. и среднегодовая численность населения за 2023 год по Республике Беларусь в разрезе областей, районов, городов, поселков городского типа — Белстат, 2024.
- ↑ Назвы населеных пунктаў Рэспублікі Беларусь: Магілёўская вобласць: нарматыўны даведнік / І. А. Гапоненка і інш.; пад рэд. В. П. Лемцюговай. — Мн.: Тэхналогія, 2007. — 406 с. — ISBN 978-985-458-159-0. (DJVU)
- ↑ а б в Зорин В. П., Ершова Г. Н. Листая страницы истории // Осиповичи: Историко-экономический очерк (руск.). — 2-е выд. — Мн.: Выдавецтва "Беларусь", 1982. — С. 3. — 96 с.
- ↑ а б в г д е ё ж з і к л м н о п р с т у ф х ц ч ш э ю я аа аб ав аг ад ае аё аж аз аі ак ал ам ан ао ап ар ас П. С. Качановіч, В. У. Хурсік; маст. Э. Э. Жакевіч. Памяць: Асіповіцкі раён : Гісторыка-дакументальная хроніка гарадоў і раёнаў Беларусі / рэдкал.: Г. К. Кісялёў (гал. рэд.) і інш. — Мн.: БЕЛТА, 2002. — 718 с. Памылка ў зносках: памылковы тэг
<ref>
; імя ":0" вызначана некалькі разоў з розным зместам - ↑ а б в г ЭнцВКЛ 2005, с. 257
- ↑ Грыцкевіч А. Паўстанне 1794 // Вялікае княства Літоўскае: Энцыклапедыя. У 3 т. / Рэдкал.: Г. П. Пашкоў (гал. рэд.) і інш.; маст. З. Э. Герасімовіч. — Мн.: Беларуская Энцыклапедыя, 2005. — Т. 2: Кадэцкі корпус — Яцкевіч. — 792 с. — ISBN 985-11-0378-0 (т. 2), ISBN 985-11-0315-2.
- ↑ Клёпка — кожная асобная дошчачка, з якіх складаюць бочку, дзежку, кадушку і пад. Тлумачальны слоўнік беларускай мовы: У 5-ці т.
- ↑ а б в г д е ё ж з і к л м н о п ЭГБ 1993
- ↑ Завитневичъ, В. Археологическія розысканія в бассейне рѣки Березины // Отчетъ Императорской Археологической комиссии за 1892 год (руск.). — СПб., 1894. — С. 125.
- ↑ а б в г д Зорин В. П., Ершова Г. Н. Листая страницы истории // Осиповичи: Историко-экономический очерк (руск.). — 2-е выд. — Мн.: Выдавецтва "Беларусь", 1982. — С. 4. — 96 с.
- ↑ Собрание узаконений и распоряжений Правительства, издаваемое при Правительствующем сенате. — СПб.: Сенат. тип., 1900. — С. 5116—5117
- ↑ а б в Зорин В. П., Ершова Г. Н. Листая страницы истории // Осиповичи: Историко-экономический очерк (руск.). — 2-е выд. — Мн.: Выдавецтва "Беларусь", 1982. — С. 5. — 96 с.
- ↑ а б Зорин В. П., Ершова Г. Н. Листая страницы истории // Осиповичи: Историко-экономический очерк (руск.). — 2-е выд. — Мн.: Выдавецтва "Беларусь", 1982. — С. 6. — 96 с.
- ↑ Зорин В. П., Ершова Г. Н. Листая страницы истории // Осиповичи: Историко-экономический очерк (руск.). — 2-е выд. — Мн.: Выдавецтва "Беларусь", 1982. — С. 7. — 96 с.
- ↑ Зорин В. П., Ершова Г. Н. Листая страницы истории // Осиповичи: Историко-экономический очерк (руск.). — 2-е выд. — Мн.: Выдавецтва "Беларусь", 1982. — С. 7–8. — 96 с.
- ↑ Каменшчыкаў, Васіль Віктаравіч (1879—1959) . Дзяржаўная ўстанова "Нацыянальная бібліятэка Беларусі".
- ↑ Черушев, Н. С. Против Довбор-Мусницкого // Вацетис — Главком Республики (руск.). — М.: Вече, 2015. — 384 с. — ISBN 978-5-4444-1176-6.
- ↑ На сённяшні дзень гэта будынак па адрасе вул. Сацыялістычная, 14. Леспрамгас ліквідаваны як прадпрыемства ў 1996 годзе.
- ↑ Ладысеў, У. Ф. Беларусь на пераломе эпох // Гісторыя Беларусі. Курс лекцый: у 2 ч. / П. І. Брыгадзін [і інш.]. — Мінск: РІВШ БДУ, 2002. — Т. 2. XIX—XX стст. — С. 318. — 655 с.
- ↑ Со 140-летием тебя, родные Осиповичи! (руск.). osipovichi-region.by Информационный портал Осиповичского района (3 жніўня 2012). — «1 января 1922 года центр Замошской волости перенесли в Осиповичи, и волость стала именоваться Осиповичской»
- ↑ Зорин В. П., Ершова Г. Н. В годы социалистического строительства // Осиповичи: Историко-экономический очерк (руск.). — 2-е выд.. — Мн.: Выдавецтва "Беларусь", 1982. — С. 19–21. — 96 с.
- ↑ а б Немцаў (Нямцоў) Аляксандр (Алесь) Гаўрылавіч . Беларусь у асобах і падзеях.
- ↑ Асіповіцкі раён Бабруйскай акругі: краязнаўчае апісанне : зборнік артыкулаў / Інстытут беларускай культуры, Кафедра геаграфіі і Цэнтральнае бюро краязнаўства. Вып. 2 . Электронны каталог Нацыянальнай бібліяэтэкі Беларусі.
- ↑ Кнарус, Людміла. Из истории районной газеты. Архивная справка (руск.). osipovichi-region.by Информационный портал Осиповичского района (9 чэрвеня 2011). — «В частично сохранившихся документах за довоенный период имеются сведения, что Осиповичская районная газета “Калгасная праца” была основана в июне 1931 года.»
- ↑ а б Зорин В. П., Ершова Г. Н. В годы социалистического строительства // Осиповичи: Историко-экономический очерк (руск.). — 2-е выд. — Мн.: Выдавецтва "Беларусь", 1982. — С. 26. — 96 с.
- ↑ а б в Зорин В. П., Ершова Г. Н. Шла война народная // Осиповичи: Историко-экономический очерк (руск.). — 2-е выд. — Мн.: Выдавецтва "Беларусь", 1982. — С. 27. — 96 с.
- ↑ Огненная ночь Храбрецов (руск.). Партизаны Беларуси.
- ↑ Зорин В. П., Ершова Г. Н. Шла война народная // Осиповичи: Историко-экономический очерк (руск.). — 2-е выд. — Мн.: Выдавецтва "Беларусь", 1982. — С. 41. — 96 с.
- ↑ Літвін А. М. Асіповіцкае патрыятычнае падполле // Энцыклапедыя гісторыі Беларусі. У 6 т. Т. 1: А — Беліца / Рэдкал.: М. В. Біч і інш.; Прадм. М. Ткачова; Маст. Э. Э. Жакевіч. — Мн. : БелЭн, 1993. — 494 с. — 20 000 экз. — ISBN 5-85700-074-2.
- ↑ Зорин В. П., Ершова Г. Н. Шла война народная // Осиповичи: Историко-экономический очерк (руск.). — 2-е выд. — Мн.: Выдавецтва "Беларусь", 1982. — С. 31—32. — 96 с.
- ↑ Cумчанка С. С. на сайце unicat.nlb.by . Зводны электронны каталог бібліятэк Беларусі.
- ↑ Зорин В. П., Ершова Г. Н. Шла война народная // Осиповичи: Историко-экономический очерк (руск.). — 2-е выд. — Мн.: Выдавецтва "Беларусь", 1982. — С. 38. — 96 с.
- ↑ Зорин В. П., Ершова Г. Н. Шла война народная // Осиповичи: Историко-экономический очерк (руск.). — 2-е выд. — Мн.: Выдавецтва "Беларусь", 1982. — С. 52. — 96 с.
- ↑ а б Зорин В. П., Ершова Г. Н. Из пепла и руин // Осиповичи: Историко-экономический очерк (руск.). — 2-е выд. — Мн.: Выдавецтва "Беларусь", 1982. — С. 53. — 96 с.
- ↑ Далматоўскі Яўген Аронавіч – Беларусь у асобах і падзеях . Нацыянальная бібліятэка Беларусі.
- ↑ Зорин В. П., Ершова Г. Н. Из пепла и руин // Осиповичи: Историко-экономический очерк (руск.). — 2-е выд. — Мн.: Выдавецтва "Беларусь", 1982. — С. 56—57. — 96 с.
- ↑ Сёння газета «Асіповіцкі край».
- ↑ Мордаунт, Юрий. Царква Узвышэння Святога Крыжа. Крестовоздвиженская церковь (руск.). Radzima.org (8 лютага 2009). Праверана 27 жніўня 2014.
- ↑ Цяпер — Асіповіцкі завод аўтамабільных агрэгатаў
- ↑ Геральдические символы (руск.). Афіцыйны партал Асіповіцкага раённага выканаўчага камітэта. Прэзідэнт Рэспублікі Беларусь. Праверана 27 жніўня 2014.
- ↑ Исторические хроники Осиповичского района Архівавана 4 снежня 2009. на Могилевский областной исполнительный комитет Архівавана 4 снежня 2009.
- ↑ Осиповичи // Большая советская энциклопедия : ([в 30 т.]) / гл. ред. А. М. Прохоров. — 3-е изд.. — М. : Советская энциклопедия, 1969—1978. (руск.)
- ↑ Осиповичи // Большой энциклопедический словарь (руск.) / Гл. ред. В. П. Шишков. — М.: НИ «Большая Российская энциклопедия», 1998. — 640 с.: ил. — ISBN 5-85270-262-5.
- ↑ Перапіс насельніцтва Беларусі 2009 года Архівавана 18 верасня 2010. // Белстат (руск.)
- ↑ Колькасць насельніцтва на 1 студзеня 2016 г. і сярэднегадавая колькасць насельніцтва за 2015 год па Рэспубліцы Беларусь у разрэзе абласцей, раёнаў, гарадоў і пасёлкаў гарадскога тыпу (руск.). Нацыянальны статыстычны камітэт Рэспублікі Беларусь (30 сакавіка 2016). Праверана 3 красавіка 2017.
- ↑ Колькасць насельніцтва на 1 студзеня 2017 г. і сярэднегадавая колькасць насельніцтва за 2016 год па Рэспубліцы Беларусь у разрэзе абласцей, раёнаў, гарадоў і пасёлкаў гарадскога тыпу (руск.). Нацыянальны статыстычны камітэт Рэспублікі Беларусь (29 сакавіка 2017). Праверана 3 красавіка 2017.
- ↑ Ридевский Г. В. Пространственные структуры современной Беларуси: новая социально-экономическая география страны (руск.). — Мн.: БелНИИТ «Транстехника», 2022. — 244 с. — ISBN 978-985-7110-67-4.
- ↑ Гарадская агламерацыя «рэгіянальнага значэння» — такая ГА, горад-ядро якой адыгрывае важную ролю ў развіцці СЭЭР, у склад якой уваходзіць
- ↑ История, традиции, достижения учреждения образования (руск.). Средняя школа №5 г. Осиповичи имени Ф. А. Крыловича. — «...в 2024 году завершено возведение объекта.»
Памылка ў зносках: тэг <ref>
з імем "HSKP", вызначаны ў <references>
, не згадваецца ў папярэднім тэксце.
Памылка ў зносках: тэг <ref>
з імем "archives", вызначаны ў <references>
, не згадваецца ў папярэднім тэксце.
Літаратура
правіць- Памяць: Гіст.-дакум. хроніка Асіповіцкага раёна. — Мн., 2002.
- Анішчанка Я. Асіповічы // Вялікае княства Літоўскае: Энцыклапедыя. У 3 т. / Рэдкал.: Г. П. Пашкоў (гал. рэд.) і інш.; маст. З. Э. Герасімовіч. — Мн.: Беларуская Энцыклапедыя, 2005. — Т. 1: Абаленскі — Кадэнцыя. — С. 257. — 688 с. — ISBN 985-11-0314-4 (т. 1), ISBN 985-11-0315-2.
- Валахановіч А. І., Дулеба Г. І. Асіповічы // Энцыклапедыя гісторыі Беларусі. У 6 т. Т. 1: А — Беліца / Рэдкал.: М. В. Біч і інш.; Прадм. М. Ткачова; Маст. Э. Э. Жакевіч. — Мн. : БелЭн, 1993. — 494 с. — 20 000 экз. — ISBN 5-85700-074-2.
- Асіповічы Архівавана 19 ліпеня 2010. // Нашы гарады: грамадска-палітычнае даведачнае выданне / У. А. Малішэўскі, П. М. Пабока. — Мн.: Народная асвета, 1991. — 303 с.: фота. — ISBN 5-341-00240-7.
- A. Jelski. Osipowicze (2) // Słownik geograficzny Królestwa Polskiego i innych krajów słowiańskich. Tom VII: Netrebka — Perepiat (польск.). — Warszawa, 1886. — S. 640.
- Осиповичи // Туристская энциклопедия Беларуси / редкол. Г. П. Пашков [и др.]; под общ. ред. И. И. Пирожника. — Мн.: Беларуская Энцыклапедыя, 2007. — 648 с. — ISBN 978-985-11-0384-9.
- Зорин В. П. Осиповичи. Историко-экономический очерк. ― Мн. Беларусь, 1982. с. 94. 20000 экз.
- Осиповичи: история и современность (посвящается 140-летию города). Сост. А. Землянухина и др. ― Мн.: Белстан, 2012. с. 255.
Спасылкі
правіць- На Вікісховішчы ёсць медыяфайлы па тэме Асіповічы
- Геаграфічныя звесткі па тэме Асіповічы на OpenStreetMap
- Асіповічы на сайце Radzima.org
- Надвор’е ў горадзе Асіповічы