Пікцкая хроніка (англ.: Pictish Chronicle) — умоўная назва некалькіх дакументаў, якія з'яўляюцца адной з найкаштоўных крыніц па гісторыі старажытнай Шатландыі.

Арыгінал хронікі не захаваўся. Вядома некалькі рукапісаў, якія дайшлі да нашага часу. Найбольш поўны з іх захаваўся ў так званым манускрыпце Попелтана[1], які ўяўляе сабой кодэкс дакументаў XIV стагоддзя, якія сабраў разам Роберт Попелтан — манах кармеліцкага ордэна, абат манастыра ў Хульне (Нартумберленд). У наш час гэты манускрыпт знаходзіцца ў Нацыянальнай бібліятэцы Францыі (Парыж).

«Пікцкая хроніка» змяшчае найкаштоўныя і большай часткай унікальныя звесткі па гісторыі піктаў. Дакладны час стварэння хронікі невядомы, але тое, што адзін з дакументаў, якія ўваходзяць у яе, даведзены да кіравання караля Кенета II, працягласць кіравання якога не названа, дало гісторыкам падставы выказаць здагадку, што яна была створана ў часы яго кіравання.

Самая ранняя і найбольш поўная версія «Пікцкай хронікі» (так званая версія «A») змяшчае найменшую колькасць недакладнасцей. Яна складаецца з трох частак.

  • «Паходжанне старажытных піктаў» (лац.: Cronica de origine antiquorum Pictorum). Гэты дакумент быў створаны на латыні і ўяўляе сабой кампіляцыю звестак пра старажытных піктаў, вынятых з розных дакументаў, у першую чаргу з «Этымалогіі» Ісідара Севільскага і «Гісторыі Брытаніі» Ненія.
  • «Спіс пікцкіх каралёў». Першапачаткова быў напісаны на гэльскай мове[2], пазней быў перакладзены на латынь. Гэты дакумент змяшчае пералік пікцкіх каралёў, у тым ліку і легендарных, заканчваючы каралямі, якія кіравалі ў Піктавіі ў X стагоддзі. Захавалася некалькі спісаў.
  • «Хроніка каралёў Альбы», або «Спіс каралёў аб'яднанага каралеўства піктаў і скотаў». Гэты дакумент, які часам вылучаецца ў асобную хроніку, змяшчае звесткі пра каралёў Шатландыі, пачынаючы з Кенета I (пам. 858) і заканчваючы Кенетам II (X стагоддзе). Гэты дакумент захаваўся ў адзіным спісе. Першапачаткова ён быў напісаны на гэльскай мове, пазней быў перакладзены на латынь.

Публікацыі правіць

Хроніка ўпершыню была апублікавана ў 1867 годзе Вільямам Скінам у складзе іншых дакументаў па гісторыі Шатландыі[3]. Існуе таксама пераклад хронікі на англійскую мову, выкананы Т. Н. Уіксам[4].

Зноскі

  1. MS. COLB. BIB. IMP. PARIS, 4126
  2. На карысць гэтага сведчыць той факт, што некалькі слоў у дакуменце засталося на гэльскай мове.
  3. William Forbes Skene. Chronicles of the Picts, chronicles of the Scots, and other early memorials of Scottish history. — Edinburg: H.M. General Register House, 1867.
  4. Translation by T.H. Weeks, commentary by A. Weeks. The Pictish Chronicle. Архівавана з першакрыніцы 5 снежня 2004. Праверана 14 верасня 2010.

Літаратура правіць

  • Anderson A.O. Early Sources of Scottish History, Vol. I. — 1922.
  • Anderson M.O. Kings & Kingship in Early Scotland. — 1973. — ISBN 0-7011-1930-6.
  • Chadwick H.M. Early Scotland. — 1949.
  • Hudson B.T. Kings of Celtic Scotland. — 1994. — ISBN 0-313-29087-3.