Рузаля (Разалія Казіміраўна) Асьмак (каля 1822—1877, Халопенічы) — беларуская казачніца і знахарка. Была важнаю крыніцаю звестак для свайго ўнука, фалькларыста Адама Багдановіча.

Рузаля Асьмак
Род дзейнасці расказчыца гісторый, знахарка, казачніца
Дата нараджэння каля 1822
Дата смерці 1877
Месца смерці
Дзеці Анэля Фаміна Асьмак[d]

Біяграфія

правіць

Пра жыццё Рузалі Асьмак вядома галоўным чынам з успамінаў Адама Багдановіча, пра асобныя даты і падзеі захаваліся таксама архіўныя звесткі. Нарадзілася яна каля 1822 ў сям’і халопеніцкіх сялян Казіміра Лісоўскага і Хрысціны з Парэцкіх. Дата вылічваецца прыблізна, зыходзячы з узросту ў інвентары Халопеніч 1844 года.[1]

У маладосці, па словах равеснікаў, яна была бойкаю і прадпрымальнаю; была здароваю, шырокакостнаю, моцнаю дзяўчынаю, так што на пакосе ішла з касою (рэдкасць у Беларусі: там бабы і дзеўкі ідуць з граблямі) і ўступала ў барацьбу з мужчынамі, нярэдка адольваючы іх.[2]

Увосень 1840 яна выйшла замуж за маладога краўца Тамаша Асьмака. У гэтым шлюбе нарадзілася трое дзяцей:

  • Мар’яна (нар. 1841);
  • Анэля (нар. 1843) — маці Адама Багдановіча, бабка Максіма Багдановіча;
  • Ануфры (нар. 1845).

Пасля ранняй смерці мужа Рузаля ўжо сама зарабляла на жыццё кравецкаю справаю. Памёрла яна падчас доўгай адсутнасці Адама Багдановіча ў Халопенічах, праз гэта дакладная дата яе смерці невядомая.

Паводле ўспамінаў Адама Багдановіча, Рузаля Асьмак з выключным умельствам расказвала казкі і паданні, так што яе ахвотна слухалі і дзеці, і дарослыя.

Бабуля цудоўная была расказчыца. Казала роўным і размераным голасам, часам рытмічна і спеўна, часам прыспыняючыся, часам паўтараючыся, часам вар’іруючы ўжо знаёмыя нам палажэнні, што надавала ім хараство навізны. <…> Тут бабуля бралася за легенды, якіх у яе быў ладны запас. Казала яна іх у асаблівым урачытым тоне, з рытмічнаю пабудоваю, якая не ведаю, ці была традыцыйнаю, ці бабулінаю ўласнаю асаблівасцю.[3]

 
Пачатак казкі «Марка Пякельны» ў выданні Паўла Шэйна.

Праз некалькі год пасля смерці Рузалі Асьмак Адам Багдановіч, на той час вучань Нясвіжскай настаўніцкай семінарыі, пачаў запісваць бабуліны казкі з памяці для фальклорнага збору Паўла Шэйна. У выданні Шэйна яе іменем пазначаныя чатыры тэксты: «Марка Пякельны», «Вялікі грэшнік», «Аддай мне, што ў доме невядома» і адзін з варыянтаў сюжэту «Чаму хлебны колас такі малы». З успамінаў Адама Багдановіча бачна, што многія іншыя яго запісы з Халопенічаў паходзяць з той жа крыніцы, у прыватнасці казкі «Сучкін сын» і «Бог, Юрый і Мікола».[1]

Зробленыя Адамам Багдановічам запісы казак былі першаю беларускаю чытанкаю для яго сына, паэта Максіма Багдановіча.

Зноскі

  1. а б А. Ф. Брыль. Казкі Рузалі Асьмак, запісаныя Адамам Багдановічам: незаўважаная беларуская літаратура XIX ст. // Роднае слова № 4/2019, с. 8—9.
  2. А. Богданович. Мои воспоминания. Минск, 2012. С. 79.
  3. А. Богданович. Мои воспоминания. Минск, 2012. С. 232—233.