Свята-Петра-Паўлаўская царква (Галынка)
Свята-Петра-Паўлаўская царква знаходзіцца на паўночны захад ад вёскі Галынка Клецкага раёна, на могілках.
Праваслаўны храм | |
Свята-Петра-Паўлаўская царква | |
---|---|
52°53′53,30″ пн. ш. 26°31′55,52″ у. д.HGЯO | |
Краіна | Беларусь |
Вёска | Галынка |
Канфесія | Беларуская праваслаўная царква |
Епархія | Слуцкая епархія |
Статус | Гісторыка-культурная каштоўнасць Беларусі, шыфр 612Г000197 |
Медыяфайлы на Вікісховішчы |
Гісторыя
правіцьПабудавана ў 1-й палове 19 ст. з дрэва ў маёнтку Вендорфаў на сродкі памешчыка Чыжа. У царкоўным архіве захоўваліся візітныя кнігі з 1745 г. У 1863 г. адрамантавана на ўрадавыя сродкі (2 тыс. руб.). У 1909 г. збудавана 1-павярховая драўляная царкоўнапрыходская школа. Адчынена пасля заняпаду ў 1990-я гг.
Архітэктура
правіцьПомнік народнага дойлідства з рысамі архітэктуры класіцызму. У сіметрычна-восевай аб'ёмнай кампазіцыі храма пануе цэнтрычны 8-гранны асноўны аб'ём, да якога па падоўжнай восі прымыкаюць рознавялікія прамавугольныя ў плане бабінец і апсіда з бакавымі рызніцамі. Над асноўным аб'ёмам, што падзелены вялікім карнізам з адлівам на 2 ярусы, гранёны паўсферычны купал, над якім 8-гранны барабан з шатровым завяршэннем і макаўкай наверсе. Усе аб'ёмы аб'яднаны адзіным бутавым цокалем і гарызантальнай шалёўкай фасадаў. Сцены прарэзаны прамавугольнымі рознавялікімі аконнымі праёмамі ў простых ліштвах. Галоўны ўваход у храм вылучаны высокім 4-слуповым ганкам з трохвугольным франтонам.
Інтэр'ер
правіцьУ арганізацыі ўнутранай прасторы паўтараецца агульная ступенчатая кампазіцыя царквы. Адносна нізкія прылеглыя памяшканні пераходзяць у высокую цэнтральную гранёную залу, перакрытую паўцыркульным скляпеннем на светлавым барабане. Над уваходам хоры з балюстраднай агароджай, што пераходзяць у 2-ярусныя абходныя галерэі цэнтральнай залы. У апсідзе ў 1863 г. ўстаноўлены новы драўляны 2-ярусны іканастас, архітэктоніка якога заснована на чляненні канеліраванымі пілястрамі з пазалочанымі капітэлямі, што падтрымліваюць прафіляваны антаблемент. Царскія вароты разныя, у арнаментальныя звівы ўкампанаваны медальёны з выявамі евангелістаў. Іканастас упрыгожаны жывапісам мясцовых майстроў, накладной арнаментальнай разьбой, мае шэра-белае каляровае вырашэнне з пазалотай.
Званіца
правіцьАдзіны ансамбль з царквою складае брама-званіца, размешчаная перад галоўным уваходам. Уяўляе сабой квадратнае ў плане двух'яруснае збудаванне з шатровым верхам на нізкім васьмігранным барабане, завершаным макаўкай. Каркасная канструкцыя запоўнена драўляным брусам. Праёмы першага і другога ярусаў вырашаны ў выглядзе трапецападобных арак.
Літаратура
правіць- Збор помнікаў гісторыі і культуры Беларусі. Мінская вобласць. Кніга 1. / рэдкал.: С. В. Марцэлеў [і інш.]. — Мн., 1984, стар. 213—214.
- Праваслаўныя храмы Беларусі : энцыклапедычны даведнік / А. М. Кулагін; [рэдакцыйны савет: Г. П. Пашкоў, Л. В. Календа]. — Мінск: Беларуская Энцыклапедыя, 2007. — 653 с. 2000 экз. ISBN 978-985-11-0389-4
Спасылкі
правіцьСвята-Петра-Паўлаўская царква (Галынка) на Вікісховішчы |
- Свята-Петра-Паўлаўская царква (Галынка) на сайце Праваслаўная архітэктура Беларусі (бел.)
- Свята-Петра-Паўлаўская царква (Галынка) на сайце Radzima.org
- Свята-Петра-Паўлаўская царква (Галынка) на сайце Глобус Беларусі (руск.)
- Свята-Петра-Паўлаўская царква (Галынка) на сайце «Архіварта»