Штат Секвоя (англ.: State of Sequoyah) — штат ЗША, прапанаваны для стварэння ў 1905 г. на тэрыторыі ўсходняй Аклахомы.

Карта прапанаванага штата Секвоя

З 1830 г. Аклахома з'яўлялася адным з галоўных месцаў перасялення паўночнаамерыканскіх індзейцаў з усходніх штатаў ЗША. У 1900 г. прадстаўнікі так званых пяці цывілізаваных плямён займалі ўсю ўсходнюю частку Аклахомы і складалі каля 10% ад усяго насельніцтва тэрыторыі. Яны з прахалодай сустрэлі імкненне ўладаў стварыць асобны штат Аклахома, паколькі асцерагаліся згубы аўтаномнай палітычнай улады.

21 жніўня 1905 г. на зямлі маскогі адбыўся канвент, на якім было прынята рашэнне аб стварэнні асобнага індзейскага штата Секвоя. Прапанаваная назва давалася ў гонар правадыра Секвоі, стваральніка пісьма народа чэрокі. Удзельнікі канвента распрацавалі асновы Канстытуцыі будучага штата і прынцыпы фарміравання яго ўрада. 7 лістапада 1905 г. выбаршчыкі індзейскіх тэрыторый Аклахомы ўхвалілі Канстытуцыю штата Секвоя.

Прапанова канвента не знайшла падтрымкі сярод чальцоў Рэспубліканскай партыі ЗША. Яны ў той час складалі большасць у Кангрэсе. Для задавальнення інтарэсаў правадыроў індзейскіх плямён Прэзідэнт Тэадор Рузвельт прапанаваў індзейскім тэрыторыям заключыць саюз са штатам Аклахома, які будзе рэгуляваць іх адносіны. У выніку 16 чэрвеня 1906 г. было абвешчана аб стварэнні штата Аклахома. Да лістапада 1907 г. прадстаўнікі плямён і штата заключылі саюзныя дагаворы, што давалі права індзейцам на ўнутраную аўтаномію. 16 лістапада 1907 г. Аклахома стала сорак шостым штатам ЗША.

Прапанаваная Канстытуцыя штата Секвоя аказала значнае ўздзеянне на фарміраванне заканадаўства Аклахомы.

Спасылкі правіць