Скалка (гарадзішча)

Скалка — гарадзішча каля в. Скалка Светлагорскага раёна. Знаходзіцца за 4 км на паўднёвы ўсход ад вёскі.

Славутасць
Скалка
52°46′18″ пн. ш. 29°31′30″ у. д.HGЯO
Краіна
Месцазнаходжанне
Map

Апісанне правіць

Рэшткі вялікага ўмацаванага паселішча зафіксаваны на адгор’і высокай (11—12 метраў над урэзам вады) тэрасы правага берага р. Бярэзіны ва ўрочышчы Варацень. Гарадзішча прадстаўлена пляцоўкай эліпсападобнай формы памерам 117×163 м. Гарадзішча займае найбольш умацаваны прыродны ўчастак мясцовасці, дадаткова абаронены цяжкапраходнай забалочанай поймай у радыусе 2,5—3 км. З усходу ля падножжа тэрасы працякае безыменны ручай. З напольнага боку пляцоўкі гарадзішча захаваліся рэшткі абарончага вала. Яго памеры: 1) паўночна-заходняя частка: шырыня ля заснавання — 13—14 м, вышыня — 0,5—1,2 м; 2) паўднёвая частка: шырыня ля заснавання — 12—13 м, вышыня — больш за 1 м. Рэшткі рвоў не назіраюцца, магчыма, што пры будаўніцтве лагера рвы былі засыпаны за кошт скарачэння вышыні валоў. Паўночна-заходні ўчастак рва спланаваны поўнасцю. Сучасная паверхня гарадзішча задзернавана. Некаторыя ўчасткі пакрыты бятонна-плітачным і асфальтавым пакрыццём. Каля усходняга краю тэрасы размешчаны акопы перыяду Другой сусветнай вайны. Пляцоўка гарадзішча занята будынкамі лагера «Космас».

Атрыманыя падчас археалагічнай разведкі матэрыялы папярэдне дазваляюць вызначыць час функцыяніравання гарадзішча ХVІІ—ХVІІІ стагоддзямі. Наяўнасць магутных фартыфікацыйных збудаванняў сведчыць аб выкарыстанні яго ў якасці астрога, які выконваў важную ролю ў кантролі ўчастка Бярэзіны паміж Бабруйскам і Горвалем.

Выяўлена і даследавана ў 1997 годзе. Раскопкі не праводзіліся.

Мясцовая назва правіць

Гарадзішча знаходзіцца ва ўрочышчы Варацень. Назву яго старажылы звязваюць з падзеямі руска-шведскай вайны. Па словах мясцовых жыхароў сэнс назвы Варацень (паварот, вярнуцца) звязаны з паходжаннем урочышча Скалецкі Прыхаб, якое знаходзіцца за 2 км на паўночны захад ля вытокаў ракі Рудзянкі. Легенда распавядае, што шведы, захапіўшы ўмацаванне (гарадзішча ва ўрочышчы Варацень), засталіся без фуражу і вымушаны былі павярнуць у адваротны бок. Яны пайшлі па адзінай сцежцы, што ішла ўздоўж ракі. Пасля гэтых падзей і пайшлі назвы Варацень і Скалецкі Прыхаб[1].

Зноскі

  1. Гарадзішча, в. Скалка(недаступная спасылка). Архівавана з першакрыніцы 28 студзеня 2022. Праверана 14 ліпеня 2021.

Спасылкі правіць