Гарадзішча

тып помніка археалогіі, рэшткі колішняга ўмацаванага паселішча

Гарадзі́шча — тып помніка археалогіі, рэшткі колішняга ўмацаванага паселішча. Звычайна ўзвышаюцца над навакольнай мясцовасцю і захаваліся ў выглядзе валоў і рвоў. Адносяцца да часоў першабытнаабшчыннага ладу (бронзавы, жалезны век) і Сярэдніх вякоў. Назва ўжывалася яшчэ ў сярэднявечных летапісах.

Гарадзішча ранняга Сярэднявечча ля г. п. Гарадзішча. Баранавіцкі раён, Брэсцкая вобласць.

Асноўныя звесткі

правіць

Гарадзішчы ўзніклі ў перыяд распаду першабытнаабшчыннага ладу, калі ад збіральніцтва, рыбалоўства і палявання людзі пераходзілі да земляробства і жывёлагадоўлі. На тэрыторыі Беларусі будаўніцтва гарадзішчаў пачалося ў бронзавым веку. Асабліва важнае значэнне яны мелі ў жалезным веку.

Умацаванае паселішча будавалі на беразе ракі з высокімі адхіламі — паміж двума ярамі, якія выходзілі да ракі; альбо ў іншым прыдатным для абароны месцы. Пры будаўніцтве адхілы рабілі яшчэ больш крутымі, а знятую зямлю выкарыстоўвалі для насыпкі валоў. Па краях пляцоўкі насыпалі валы, на якіх узводзілі сцены і іншыя абарончыя збудаванні. На месцы яроў і паміж імі (з напольнага боку) выкопвалі роў, які запаўнялі вадой. Уезд на паселішча праз вароты размяшчаўся з напольнага боку.

 
Пляцоўка і абарончы вал гарадзішча Замэчак, г. Заслаўе. Помнік у гонар 1000-годдзя хрысціянства ў Беларусі. Мінскі р-н, Мінская вобл.

На многіх гарадзішчах спачатку існавалі паселішчы першабытнага часу, а затым — ранняга Сярэднявечча (звычайна гарады). Познія гарадзішчы — гэта ўмацаваныя часткі сярэднявечных гарадоў. Па меры роста гораду на гарадзішчы маглі пабудаваць замак. Такія гарадзішчы адначасова з'яўляюцца замчышчамі.

Часта гарадзішчы маюць мясцовыя назвы, напр.: Гарадзішча, Гарадок, Замкавая гара, Замэчак. Шэраг гарадзішчаў далі назву пазнейшым паселішчам, размешчаным каля іх (напр., г. п. Гарадзішча Баранавіцкага раёна).

Існавалі таксама неўмацаваныя паселішчы, рэшткі якіх называюць селішчамі.

Тыпы гарадзішчаў

правіць
 
Мысавае гарадзішча з рэканструкцыяй умацаванняў ля в. Грос-Радэн. Раён Людвігслуст-Пархім, зямля Мекленбург — Пярэдняя Памеранія, Германія.
  • Мысавыя гарадзішчы. Размяшчаліся на мысах на берагах рэк, азёр і ўмацоўваліся валамі і равамі. Часцей за ўсё мелі трох- і чатырохвугольную ў плане форму.
  • Узгоркавыя гарадзішчы. Размяшчаліся на ўзгорках, узвышшах.
  • Балотныя гарадзішчы. Размяшчаліся сярод балот у лясістай мясцовасці, на нізкіх берагах азёр і рэк. Умацоўваліся валамі і равамі. Часцей за ўсё мелі круглую або прамавугольную форму. Выкарыстоўваліся як сховішчы на час небяспекі.

Форт-пагорак

правіць
 
Мэйдэн-Касл  (руск.)

«Форт-пагорак» (англ.: hill fort) — збудаванне часоў старажытнасці, відавочна, жалезнага веку каля пачатку новай эры. Складаецца са сцяны або валу, якімі цалкам акружаны пагорак. Адрозніваецца ў брытанскай і ірландскай літаратуры.

Абвядзенне сцяной ці валам пагорку цалкам утварае галоўную розніцу паміж такімі «фартамі» і дунамі, якія маглі будавацца на версе пагорку. Памеры «фартоў» часта бываюць надзвычай вялікімі, што, відаць, рабіла іх непрыдатнымі для абарончых мэтаў, і што прымушае дапускаць для іх нейкую іншую функцыю, магчыма, культавую або грамадскую.

Грод (або горад у раннефеадальны час) — умацаванае паселішча ва Усходняй Еўропе часу ранняга феадалізму. Паходзіць ад слова «гарадзіць», што значыць умацоўваць драўлянымі сценамі, парканам ці тынам.

У VIII—ІХ стст. побач з вясковымі ва Усходняй Еўропе пачалі паўставаць першыя ўмацаваныя паселішчы — гроды, якія выконвалі адміністрацыйную, ваенную і рэлігійную функцыі. Азначэнне грод роднаснае і характэрнае для ўсіх усходне- і заходнеславянскіх моў. Па сваіх ваенных і адміністрацыйных функцыях яно набліжаецца да замка, аднак у дасярэднявечны перыяд не магло з'яўляцца прыватнай уласнасцю і ў дафеадальным грамадстве займала іншае месца, чым замак.

 
Гарадзішча раннефеадальнага горада з археалагічным музеем, г. Тураў. Жыткавіцкі р-н, Гомельская вобл.

Ва ўсходнеславянскіх мовах галоўнай характарыстыкай гроду быў яго абарончы характар у адрозненні ад неўмацаваных сяла ці весі. Таму горадам называлі любое ўмацаванае месца — як горад у сацыяльна-эканамічным значэнні гэтага слова, так і менавіта крэпасць, феадальны замак ці ўмацаваную сядзібу феадала. Словам горад называлі да ХVII ст. нават самі сцены.

У далейшым ва ўсходніх славянаў само паняцце грод ці горад прыняла значэнне рамесна-гандлёвага гораду, у той час, як прыкладам у чэхаў, гродамі сталі называць замкі.

Захоўванне і выкарыстанне

правіць
 
Музей на гарадзішчы ў г. Тураў. Жыткавіцкі р-н, Гомельская вобл.

Гарадзішчы — месцы археалагічных даследаванняў, а таксама выкарыстоўваемыя альбо патэнцыйныя аб'екты турызму і экскурсій. На некаторых гарадзішчах дзейнічаюць музеі-павільёны з раскапанымі рэшткамі старадаўніх пабудоў (археалагічны музей «Бярэсце» ў г. Брэсце, гісторыка-археалагічны комплекс «Старажытны Тураў» у г. Тураве Жыткавіцкага раёна Гомельскай вобласці і інш.).

Як і іншыя помнікі археалогіі, гарадзішчы ахоўваюцца дзяржавай. На кожным помніку павінен быць усталяваны ахоўны знак; таксама складаецца пашпарт і заключаецца дамова аб ахоўных абавязках з землекарыстальнікам, на тэрыторыі якога знаходзіцца помнік. У Беларусі за арганізацыю аховы помнікаў адказваюць аддзелы і ўпраўленні культуры органаў мясцовага і абласнога кіравання; а ў цэлым па краіне — Упраўленне па ахове гісторыка-культурнай спадчыны і рэстаўрацыі Міністэрства культуры Рэспублікі Беларусь. Пашкоджанне альбо знішчэнне помнікаў цягне адміністрацыйную ці крымінальную адказнасць.

Навуковую працу ў гэтай галіне ажыццяўляе аддзел захавання і выкарыстання археалагічнай спадчыны дзяржаўнай навуковай установы «Інстытут гісторыі Нацыянальнай акадэміі навук Беларусі» (г. Мінск).

Галерэя

правіць

Гл.таксама

правіць

Літаратура

правіць
  • Гарадзі́шча // Беларусь: энцыклапедычны даведнік / Рэдкал. Б. І. Сачанка (гал. рэд.) і інш.; Маст. М. В. Драко, А. М. Хількевіч. — Мн.: БелЭн, 1995. — С. 208. — 800 с. — 5 000 экз. — ISBN 985-11-0026-9.
  • Побаль, Л. Д. Гарадзішча // Беларуская ССР: кароткая энцыклапедыя. У 5 т. / Рэдкал.: П. У. Броўка і інш.. — Мінск.: БелСЭ, 1978. — Т. 1. — 15 000 экз.
  • Гарадзішча // Энцыклапедыя літаратуры і мастацтва Беларусі. У 5 т. / Рэдкал.: І. П. Шамякін (гал. рэд.) і інш.. — Мінск.: БелСЭ, 1985. — Т. 2. — С. 37. — 9 500 экз.

Спасылкі

правіць