Славянская царква Святога Духа

Славянская царква Святога Духа, Пакутнікі — рэлігійны рух ва Украіне, узнік у выніку адкола ад Украінскай грэка-каталіцкай царквы ў 1950-х гадах.

Каля 1954 г. падпольны святар УГКЦ Ігнат Солтыс абвясціў узыходжанне антыхрыста ў асобе савецкай улады. За групай паслядоўнікаў, якая згуртавалася вакол яго, замацавалася назва «пакутнікі» (ад укр.: покута — пакаянне). Пакутнікі адмаўлялі савецкую ўладу і яе атрыбуты — пашпарты, працоўныя кніжкі, а таксама службу ў арміі. На пэўным этапе яны перасталі нават карыстацца сваімі прозвішчамі, называючы толькі імя і дадаючы да яго слова «Пакутнік».

У той жа час паміж Солтысам і падпольнымі епіскапамі УГКЦ узніклі багаслоўскія рознагалоссі, у выніку чаго царкоўныя зносіны паміж імі былі спынены. Пасля Солтыс заявіў, што Папа Ян XXIII, які пайшоў на пэўнае збліжэнне з камуністычнымі рэжымамі і Рускай праваслаўнай царквой, адпаў ад веры. Ён распаўсюдзіў паведамленне, паводле якога папярэдні Папа Пій XII нібы прызначыў яго, Солтыса, сваім пераемнікам — Пятром Другім, апошнім Папам Рымскім.

Пасля арышту Солтыса ў 1962 годзе кіраўніцтва рухам пераняў святар Антон Патачняк, які вучыў, што ва Украіне адбываецца таемная бітва паміж сіламі цемры і святла. Цэнтр сусветнага каталіцызму, па яго словах, перамясціўся з Рыма на гару каля вёскі Сярэдняе на Станіславаўшчыне; вада з ручая, які цячэ з гэтай гары, выкарыстоўвалася пакутнікамі замест прычасця.

Да моманту свайго новага арышту напачатку 1981 г. Ігнат Солтыс ужо лічыўся сярод пакутнікаў новым прышэсцем Ісуса Хрыста на зямлю[1].

Пасля распаду СССР былі афіцыйна зарэгістраваны ва Украіне. Невялікую колькасць паслядоўнікаў маюць у заходніх абласцях краіны.

Зноскі