Спаская вуліца (Гомель)

Спаская вуліца — вуліца ў старосцінскім і раннім румянцаўскім Гомелі. Вядомая па пісьмовых крыніцах з другой паловы XVII ст. Існавала прынамсі да канца XVIII ст., калі адбылася маштабная перабудова гістарычнага Гомеля.

Гісторыя правіць

Час узнікнення, як самой вуліцы, так і яе назвы застаецца нявысветленым. Першыя вядомыя на сёння пісьмовыя згадкі пра яе прыпадаюць на другую палову XVII ст. і звязаныя з «Інвентаром Гомельскага староства» 1681 года. На той час на ёй размяшчаліся парадку 16 падворкаў, два з якіх 2 значыліся за шляхціцам Красоўскім, па адным — за святарамі Траецкай і Спаскай цэркваў, а таксама знаходзіліся касцёл і царква[1][2]. Згодна з «Актам інвентара Гомельскага староства» 1738 года колькасць падворкаў тут складала 18, уключна з сядзібай святара Траецкай царквы («Piotr Pop Troiecki»)[3]. «Люстрацыя Гомельскага староства» 1765 года і «Інвентар Гомельскага староства» 1771 года зафіксавалі на Спаскай вуліцы 21 падворак, уключна з сядзібай святара Спаскай царквы («Wasil Pop Spaski»)[4][5].

Прозвішчы ўладальнікаў падворкаў даюць магчымасць уявіць прафесійную прыналежнасць жыхароў вуліцы: Каваль Дрозд, Кандрат Кушнер (1681 г.)[2]; Тамаш Жаўнер, Стэфан Драздоўскі Трубач (1738 г.)[3]; Місевіч Арганіста (1765 г.)[4].

Паходжанне назвы правіць

Назву атрымала па Спаскай царкве, якая станам на 1681 год знаходзілася ў самым пачатку вуліцы.

На пісьме па-польску назва падавалася як «Spaska»[3][4][5]. Прыкладаў напісання назвы па-старабеларуску пакуль не выяўлена.

Лакалізацыя правіць

Адносна іншых вуліц займала сярэдзіннае становішча. Знаходзілася паміж вуліцамі Траецкай і Дэканаўскай. Ішла ад замка да гарадскіх умацаванняў на захадзе, што прыблізна адпавядае сучаснаму адрэзку ад склепа-ледніка пры паўночным крыле палаца Румянцавых і Паскевічаў да сядзібы драматычнага тэатра[1][6]. Зафіксавана на плане Гомеля 1799 года без подпісу назвы[6].

Зноскі

  1. а б Макушников, О. А. Гомель с древнейших времён до конца XVIII в. Историко-краеведческий очерк / О. А. Макушников. — изд. 4-е, испр. и дополн.— Гомель : Барк, 2018. — С. 170.
  2. а б Перечень дворовладельцев в Гомеле по «Инвентарю староства Гомельского…» 1681 г. // Макушников, О. А. Гомель с древнейших времён до конца XVIII в. Историко-краеведческий очерк / О. А. Макушников. — изд. 4-е, испр. и дополн. — Гомель : Барк, 2018. — С. 237.
  3. а б в Akta Inwetarza Starostwa Homielskiego w Powiecie Rzeczeckim Lezącego, 1738 r. // Lietuvos valstybės istorijos archyvas. F. 11, ap. 1, b. 1058, l. 1290v.
  4. а б в Lustracya Starostwa Homelskiego, 1765 r. // Lietuvos Valstybes Istorijos Archyvas — katalog. SA 3787, l. 2—2v.
  5. а б Inwentarz Starostwa Homelskiego z 1771 r. // Львівська національна наукова бібліотека України імені Василя Стефаника. Відділ рукописів. Ф. 5, №5180/II, арк. 1—1 зв.
  6. а б План местечка Гомля, 1799 г. // Морозов, В. Ф. Гомель классический: эпоха, меценаты, архитектура / В. Ф. Морозов. — Минск : Четыре четверти, 1997. — С. 48-49.

Літаратура правіць

  • Макушников, О. А. Гомель с древнейших времён до конца XVIII в. Историко-краеведческий очерк / О. А. Макушников. — изд. 4-е, испр. и дополн.— Гомель : Барк, 2018. — С. 170.