Спораўская полька

Спораўская полька — парна-гуртавы побытавы танец, які склаўся і практыкуецца па сёння ў в. Спорава Бярозаўскага раёна Брэсцкай вобласці.

Апісанне

правіць

Спораўская полька мае больш чым стогадовую гісторыю і адметная шэрагам характэрных асаблівасцяў. Танец вылучаецца павольнасцю рухаў пар, якая, аднак, не ўплывае на яго рытмічнасць і гуллівы характар. У класічным разуменні полька надзелена шматлікімі скачковымі элементамі, але пры выкананні менавіта спораўскай полькі ўдзельнікі амаль не адрываюць ногі ад падлогі. Каманды (аб’явы), якія гучаць ад аднаго з танцораў ці ад вядучага, азначаюць розныя элементы полькі. Колькасць каманд неабмежаваная, але пачынаецца ад дванаццаці, што падкрэслівае шматфігурнасць танца. Пэўнага парадку, у якім ідуць гэтыя аб’явы, няма, гэта робіць спораўскую польку сапраўдным танцам-гульнёй. Ён заўсёды суправаджаецца жыццярадаснай музыкай. Ні адно свята ці ўрачыстая цырымонія ў Спораве не абыходзяць бокам выкананне мясцовай полькі, якая з’яўляецца адметнай рысай мерапрыемстваў.

Традыцыя сёння

правіць

Мясцовая танцавальная традыцыя «Спораўская полька» актыўна захоўваецца і перадаецца жыхарамі вёскі. Амаль усе вяскоўцы, у тым ліку моладзь, валодаюць майстэрствам яе выканання. Вялікую ролю ў папулярызацыі традыцыі выконвае фальклорна-этнаграфічны ансамбль «Жураўка» і дзіцячы гурт «Жаўручкі». Дзякуючы павазе да сваёй спадчыны з боку мясцовай супольнасці, спораўская полька не толькі існуе па сённяшні дзень, але і мае вялікі патэнцыял далейшай перадачы ад пакалення да пакалення.

Прызнанне традыцыі

правіць

У 2014 г. Спораўская полька па рашэнню Беларускай рэспубліканскай навукова-метадычнай рады па пытаннях гісторыка-культурнай спадчыны пры Міністэрстве культуры Рэспублікі Беларусь была ўнесена ў Дзяржаўны спіс гісторыка-культурных каштоўнасцей Рэспублікі Беларусь як нематэрыяльная гісторыка-культурная каштоўнасць (шыфр 13Б0000076).

Літаратура

правіць