Справа татарскай арганізацыі

Справа татарскай арганізацыі — сфабрыкаваная ДПУ БССР справа, частка сталінскіх рэпрэсій у БССР.

У сакавіку 1933 г. у Менску органамі АДПУ была арыштавана група татарскіх і беларускіх інтэлігентаў, якія абвінавачваліся па артыкулах 72 і 76 Крымінальнага кодэксу БССР за «антысавецкую агітацыю і прапаганду» і «ўдзел у контррэвалюцыйных органах»[1].

У абвінаваўчым заключэнні па справе № 35137 «Аб контррэвалюцыйнай татарскай арганізацыі ў Менску» адзначалася[2][1]:

" Асабовым аддзелам ППАДПУ БССР ліквідавана контррэвалюцыйная нацыяналістычная татарская групоўка, якой кіраваў былы падпалкоўнік царскай арміі Гембіцкі Іван Канстанцінавіч (Ях’я Хасеневіч). У склад групоўкі ўваходзілі Мурза-Мурзіч Ібрагім Халільевіч, былы банкаўскі работнік г. Кіева, які працаваў кантралёрам Менскай канторы дзяржбанка, Рызвановіч Хасень Іосіфавіч, былы судовы следчы, які працаваў у Галоўміліцыі БССР, Дашкевіч Іосіф Сямёнавіч, бухгалтар Сацзембанка, Даўгяла Дзмітрый Іванавіч, навуковы работнік, Мухля Ібрагім Аляксандравіч, бухгалтар аб’яднання татарскіх органаў, у мінулым — чыноўнік казённай палаты (у момант арыштаў яму ўдалося выехаць у Кіеў). Былі таксама арыштаваны па справе № 35137 «Аб контррэвалюцыйнай татарскай арганізацыі ў Менску» Біцютка Сулейман Якаўлевіч, былы палкоўнік царскай арміі, а таксама браты Якуб і Аляксандр Багдановічы, але апошнія ў ходзе следства былі апраўданы. "

Арыштаваныя І. Х. Мураза-Мурзіч і Х. І. Рызвановіч прызналі сябе вінаватымі ў прад’яўленым ім абвінавачванні. Я. Х. Гембіцкі і І. С. Дашкевіч не прызнавалі сябе вінаватымі, але як сказана ў абвінаваўчым заключэнні «дастатова выкрываюцца сведчаннямі І. Х. Мурзы-Мурзіча, Х. І. Рызвановіча і сведкі С. М. Хацяновіча, якія цалкам пацвердзілі сведчанні Мурзы-Мурзіча і Рызвановіча»[3][1].

У адносінах да гісторыка Д. І. Даўгялы матэрыял крымінальнай справы быў вылучаны асобна. Матэрыял на І. А. Мухлю быў накіраваны ў Кіеўскі абласны аддзел АДПУ. 11 траўня 1933 г. усім арыштаваным было даведзена абвінаваўчае заключэнне. Я. Гембіцкі і І. Х. Мурза-Мурзіч абвінавачваліся ў тым, што «шляхам сістэматычнай контррэвалюцыйнай агітацыі стварылі контррэвалюцыйную нацыяналістычную татарскую групоўку з наступным размеркаваннем свайго ўплыву на татарскую калонію г. Мінска, для стварэння контррэвалюцыйнай нацыяналістычнай арганізацыі ставячы за сваю мэту звяржэнне Савецкай улады і ўсталяванне рэспубліканска-дэмакратычнага ладу»[1].

Х. І. Рызвановіч і І. С. Дашкевіч абвінавачваліся ў тым, што «былі ў контррэвалюцыйнай нацыяналістычнай татарскай групоўцы, якая ставіла за сваю мэту звяржэнне Савецкай улады і ўсталяванне рэспубліканска-дэмакратычнага ладу»[4]. Іх крымінальная справа была накіравана для «пазасудовага разгляду» тройкай ППАДПУ БССР. Паводле рашэння тройкі ад 13 траўня 1933 г. усе яны былі асуджаны на тры гады высылкі ў Казахстан[5][1].

Рашэннем Пракуратуры БССР ад 10 кастрычніка 1989 г. Я. Х. Гембіцкі, І. Х. Мурза-Мурзіч, Х. І. Рызвановіч былі рэабілітаваны[1].

Зноскі

  1. а б в г д е Pawet: Я. Гямбіцкі-лідар адраджэння беларускіх татараў. pawet.net. Праверана 21 студзеня 2024.
  2. Архіў КДБ, спр. 31371-с, арк. 63-69.
  3. Архіў КДБ спр. 31371, арк. 126—129.
  4. Архіў КДБ спр. 31371, арк. 63-69.
  5. Архіў КДБ спр. 31371, арк. 126—129.