Стаксель (гал.: stagzeil; ням.: Stagsegel; англ.: staysail) — асноўны з пярэдніх косых парусоў; ставіцца на штазе (адсюль назва).

Размяшчэнне стакселя на судне

У яхтавых парусных аснашчэннях цягавыя характарыстыкі стакселя лепшыя за грот, бо ён не мае тоўстага рангоўта па пярэдняй шкатарыне. Гэта, між іншым, у значнай ступені тлумачыць і лепшыя цягавыя якасці шлюпаў у пар. з кечамі.[1]

Стаксель мае значэнне не толькі на лавіроўцы, але і як сталы, на ўсіх курсах, сродак павелічэння пад'ёмнай сілы пастаўленага за ім грота. Апроч уласнай цягі, стаксель дапамагае і лепшай працы пастаўленага за ім грота. Павелічэнне пад'ёмнай сілы грота дасягаецца за кошт памяншэння завіхрэнняў паветра за ім, і можа дасягаць, пры правільна пастаўленым стакселі (калі канцы стакселя кіруюць паток паветра ўздоўж контура падветранага боку грота), 10—15% на курсе бейдэвінд, 20—25% — на курсе галфвінд і блізкіх да яго. Уздзеянне прыкметнае нават на курсе бакштаг. З іншага боку, дрэнна пастаўлены або няправільна пашыты стаксель, асабліва такі, які моцна заходзіць за машту (генуэзскі), можа значна пагоршыць працу грота. Дзеля павелічэння карыснага эфекту стакселя дамагаюцца яго максімальна магчымай вышыні, у параўнанні з гротам.[2]

Зноскі

  1. Школа яхтенного капитана. М.:Физк. и спорт, 1968. С.75.
  2. Школа яхтенного капитана. М.:Физк. и спорт, 1968. С.73 —75.