Стапа (адзінка даўжыні)

адзінка даўжыні
(Пасля перасылкі з Стапа, адзінка даўжыні)

Стапа — састарэлая адзінка вымярэння даўжыні: «другого теды дн? приехали к? Ѡдной рецҍ, на которих берегах полно было тростины велми толстои, ?ко сосны на шест дес?т стопъ высоки»[1]; «Были там дерева высокии на сто стопъ, а были подобны бобковому и Ѡливному дереву»[2].

Гэта слова выяўлена толькі ў «Александрыі», але ўскосныя факты сведчаць, што ў старабеларускай мове яно павінна было ўжывацца часцей, чым гэта засведчана ў помніках. Пацверджаннем такой думкі можа быць тое, што стопа — гэта адзінка дзяржаўнай сістэмы мер Вялікага Княства Літоўскага, яе даўжыня — 12 цаляў (прыблізна 32,5 см)[3].

Слова «стопа» ёсць у многіх славянскіх мовах. Ва ўкраінскай яно ўжываецца з двума значэннямі — ступня, след нагі і адзінка даўжыні (фут)[4], у рускай — ступня, мера ў вершаскладанні, груд, складзены парадкам; след у выразе «по стопам», у славенскай — след і фут, у чэшскай — ступня і след, польскай — ступня, падэшва (гары) і фут[5]. У старабеларускай мове яно мела таксама значэнне ступня: «До стоп у ног витого королевского маестату упадаемъ»[6].

Гэта слова набыло метрычнае значэнне, відаць, таму што стопа (ступня нагі) ужывалася пры вымярэнні даўжыні. У далейшым за ім замацавалася пастаяннае метрычнае значэнне, якое прыблізна адпавядала англійскаму футу.

У сучаснай беларускай дыялектнай мове стапой называецца ступня нагі. Слова гэта можа ўжывацца са значэннем меры: «Доску добра стапой мераць. Станеш на канец і йдзеш па досцы стапа да стапы»[7].

Зноскі

  1. Александрыя / АН БССР, Інстытут мовазнаўства; Склад. У. В. Анічэнка; Рэд. В. І. Баркоўскі. — Мн.: Выд-ва АН БССР, 1962. — 365 с. — 82.
  2. Александрыя / АН БССР, Інстытут мовазнаўства; Склад. У. В. Анічэнка; Рэд. В. І. Баркоўскі. — Мн.: Выд-ва АН БССР, 1962. — 365 с. — 106.
  3. Гольдштейн, С. Польско-литовские древности: Лекции, читанные в Императорском Археологическом институте. — Санкт-Петербург: Тип. П. П. Сойкина, 1913. — [4], 229 с. — С. 137.
  4. Словарь української мови. Т. 4. — С. 210.
  5. Преображенский, А. Г. Этимологический словарь русского языка: В 2 т. Т. 2: П—Я. — М.: ГИС, 1959. — 719—1284 с. — С. 342.
  6. Носович, И. Алфавитный указатель старинных белорусских слов, извлеченных из Актов, относящихся к истории Западной России, изданных в 1853 г. // Сектар гісторыі беларускай мовы Інстытута мовазнаўства імя Я. Коласа НАН Беларусі. — С. 460 адв.
  7. Морач, Матэрыялы картатэкі дыялекталагічных экспедыцый Мінскага педінстытута імя А. М. Горкага.

Літаратура правіць