Субатлантычны перыяд

Субатлантычны перыяд — апошні кліматычны перыяд галацэну, доўжыцца дагэтуль. Сярэднегадавая тэмпература ў субатлантычным перыядзе ў сярэднім знаходзілася ніжэй за ўзровень атлантычнага перыяду. У межах субатлантычнага перыяду адбываліся тэмпературныя ваганні, якія прыводзілі да экалагічных эфектаў, што аказвалі ўплыў на жыццё і дзейнасць людзей.

Рэканструкцыя тэмпературных ваганняў на зямлі на працягу апошніх 2000 гадоў.
Рост сярэднегадавой тэмпературы ў свеце з 1850 г.

Субатлантычны перыяд пачаўся з сярэдзіны 1 тыс. да н.э. завяршэннем пахаладання жалезнага веку і пачаткам рымскага кліматычнага оптымуму, які доўжыўся да пачатку 4 ст. н.э. Менавіта да гэтага часу адносіцца класічная антычнасць.

Наступны адносна кароткі і слаба выяўлены халодны перыяд — гэта кліматычны песімум ранняга Сярэднявечча, які супаў з Вялікім перасяленнем народаў. Лічыцца, што менавіта гэты пераход да больш сухога і халоднага клімату выклікаў міграцыю гунаў з Цэнтральнай Азіі ўдалячынь на захад, што ў сваю чаргу выклікала міграцыю германцаў. Адначасова на руінах Рымскай імперыі расквітае Візантыя, а хрысціянства становіцца пануючай манатэістычнай рэлігіяй у Еўропе.

Пасля гэтага кароткага песімуму клімат ізноў пацяплеў з 800 па 1200 гг., прычым сярэднегадавая тэмпература паднялася амаль да ўзроўню рымскага оптымуму. Гэты перыяд называецца сярэдневяковым пацяпленнем, паколькі храналагічна супадае з кульмінацыяй еўрапейскага Сярэднявечча. Пацяпленне дазволіла, у прыватнасці, вікінгам засяліць Ісландыю і Грэнландыю. У гэты час адбылася большая частка крыжовых паходаў, а тэрыторыя Візантыі скарачалася пад ударамі Асманскай імперыі.

Заканчэнне сярэдневяковага пацяплення датуецца пачаткам 14 стагоддзя. На гэты перыяд прыпадаюць многія задакументаваныя выпадкі масавага голаду і эпідэмій, у прыватнасці, чумы («чорная смерць»). У гэты час многія паселішчы спусцелі і былі закінуты. Мяркуецца, што насельніцтва Цэнтральнай Еўропы скарацілася амаль напалову.

Значна даўжэйшым і халодным быў наступны песімум, які дасягнуў кульмінацыі паміж 1550 і 1860  гадамі — ён вядомы пад назвай малы ледавіковы перыяд. У гэты час адбываюцца буйныя сацыяльныя ўзрушэнні (Трыццацігадовая вайна, Вялікая французская рэвалюцыя). Паралельна пасля позняга Рэнесансу пачынаецца Эпоха Асветы і індустрыялізацыя.

За малым ледавіковым перыядам ідзе сучасны кліматычны оптымум, узмоцнены антрапагеннымі фактарамі, такімі, як парніковы эфект.

Спасылкі правіць