Суддзя Сапліца — персанаж з эпічнай паэмы Адама Міцкевіча «Пан Тадэвуш».

І бачыць дзіва! Робак і Суддзя стаялі
У абдымках на каленях у слязах і ў жалі.
Ксёндз Робак з плачам рукі цалаваў Суддзёвы,
А пан Суддзя туліўся да яго бяз слова.
(Адам Міцкевіч Пан Тадэвуш, Кніга 8, Заезд).

Прыходзіцца дзядзькам Тадэвушу і малодшым братам Яцаку Сапліцы, якога ніколі не бачыў. Вучыўся ў езуіцкай школе, але адукацыю здабыў у час дзесяцігадовай службы ў бацькі Падкаморага — Ваяводы. У маладосці быў закаханы ў Марту Грачэшанку, дачку Войскага. Пасля яе смерці не звязваўся з ніводнай жанчынай. Клапоціцца пра выхаванне Тадэвуша і разам з Таліменай з'яўляецца апекуном Зосі. За забойства Стольніка Гарэшкі ягоным братам атрымаў замак Гарэшкаў.

З'яўляецца добрым гаспадаром, уласнаручна даглядае ўсю маёмасць. Не крыўдзіць сялян, клапоціцца пра іх зямлю, не перагружае іх празмернай працай:

«Пан свету знае, колькі працаваць нам трэба.
Калі яго работнік, сонца, сыдзе з неба,
Пара і селяніну падавацца з поля»,-
Так пан Суддзя казаў заўжды...

— Адам Міцкевіч, Пан Тадэвуш, Кніга 1, Гаспадарка. 200—204

Не кажа сялянам кланяцца «у калені». Часам сядае з імі за адным сталом, згодна старому звычаю. Бароніць старыя шляхецкія парадкі і не любіць іншаземшчыны, прытрымліваецца старых звычаяў, шануе гасцей, ладзіць паляванні і банкеты на стары манер. Патрыёт, прыхільнік ідэі паўстання, шчыра радуецца навіне аб падрыхтоўцы да вайны, дапамагае шляхце пасля бітвы з маскалямі, з радасцю прымае гасцей (польскіх легіянераў). Яго недахопамі з'яўляецца палкасць і звадніцтва, якія можна заўважыць падчас спрэчкі за замак.

Магчымым прататыпам персанажа быў дзядзька Адама Міцкевіча, суддзя Мернард Растоцкі, у маёнтку якога будучы паэт пэўны час гадаваўся пасля смерці бацькі ў 1812 годзе.[1]

У спектаклі «Пан Тадэвуш» рэжысёра Мікалая Пінігіна (2014) ролю суддзі Сапліцы выконвалі Генадзь Аўсяннікаў і Аляксандр Падабед[2].

Зноскі

Шаблон:Пан Тадэвуш