Сядзіба Дмахоўскіх

Сядзіба Дмахоўскіх — сядзіба ў вёсцы Забалоцце Мёрскага раёна Віцебскай вобласці.

Сядзіба
Сядзіба Дмахоўскіх
55°40′30″ пн. ш. 27°26′51″ у. д.HGЯO
Краіна  Беларусь
Вёска Забалоцце
Дата пабудовы 1742 год
Map

Гсторыя

правіць
 
Бібліятэка на месцы сядзібнага дома Дмахоўскіх
 

У канцы XVII ст. сядзіба належала Гірждам (Гірждавічам). У 1742 годзе яны пабудавалі сядзібу, якая з невялікімі зменамі захавалася да нашага часу. У 1743 годзе яе набывае сям’я Дмахоўскіх, якія жылі тут да 1939 года.

Калі пад час знаходжання Напалеона ў Глыбокім Забалацце наведаў генерал граф Антоні Друт, ён застаў сядзібу цалкам спустошаную салдатамі арміі Мюрата. Засаромеўшыся ўчынку сваіх суайчыннікаў, ён пакінуў на дошцы цудам уцалелага пісьмовага стала наступны запіс: «3 вялікім жалем знайшоў гэты будынак спустошаны маімі землякамі, бязмерна шкадую, што асобы, якія тут жылі, вымушаны былі пакінуць сваё паселішча — 20 ліпеня 1812 года».

Сядзіба даваеннай Польшчы была аб’яўлена помнікам архітэктуры, дзе ўсялякія перабудовы забараняліся. Апошнім уладальнікам Забалацця быў Уладзіслаў Дмахоўскі.

Да 1939 года стаяў лямус, пабудаваны таксама ў 1742 годзе, аб чым сведчылі лічбы на адной з бэлек.

Архітектура

правіць
 

Двор быў пабудаваны на высокім падмурку з вялікіх палявых валуноў. Перад парогам ляжала каменная пліта з надпісам «1742 год» — час будаўніцтва. Пад домам месціўся вялікі склеп для захоўвання розных запасаў. Драўляныя сцены звонку былі ашаляваны дошкамі, прыбітымі вертыкальна цвікамі мясцовага кавальскага вырабу. Чатырохсхільны дах спачатку быў пакрыты саломай, якая пазней заменена гонтай. У пачатку XIX ст. будынак упрыгожыў дабудаваны перад уваходам порцік на двух парах калон, высунутых перад галоўным фасадам, і двух танейшых пілонах пры сцяне. Перакрыццё порціка ўпрыгожыў карніз кубікамі, у трохкутным франтоне з’явілася паўкруглае акно ў выглядзе разыходзячыхся промняў.

Прыступкі былі зроблены з часаных валуноў, як і падмурак. Будынак меў адзін комін, да якога на гарышчы былі пракладзены дымаходы ад усіх печаў.

Дом па ўнутранай планіроўцы дзяліўся на дзве часткі, якія звязвалі вялікія сені. Справа ад уваходу быў самы вялікі пакой з двума вокнамі, які ў апошнія дзесяцігоддзі служыў сталовай. Прылягаючы пакой з адным акном быў спальняй. Квадратны пакой налева ад сяней — гульнёвы, побач з якім таксама месцілася спальня. 3 боку агарода ля сталовай знаходзілася вялікая спальня, а побач з ёй — жылыя памяшканні. Усюды столь перакрывалі бэлькі, сцены пабелены, падлога з лакіраваных дошак. Толькі ў сенях падлога была з цэглы.

Будынак ацяпляўся вялікімі мураванымі печамі. У левым гульнёвым пакоі знаходзіўся прыгожы камін з калонамі ў стылі класіцызму. Але ўжо ў сярэдзіне XIX ст. ён не выкарыстоўваўся па прызначэнні, а служыў замест алтара для адпраўлення імшы ў родным доме архібіскупам магілёўскім Казімірам Дмахоўскім (1780—1851).

Вакол дома месціліся сад і агарод плошчай 4 гектары. Тут раслі старыя дубы, ліпы, клёны, бярозы. Асаблівай пашанай быў акружаны пірамідальны дуб, пасаджаны мітрапалітам Дмахоўскім. Насупраць гаспадарчых пабудоў усяго за 200 метраў пачынаўся стары яловы бор, у якім штогод чаплі закладвалі каля 80 гнёздаў. Гэта было практычна адно ва ўсёй Еўропе гняздоўе такіх памераў. Але пад час безуладдзя 1917—1920 гадоў мясцовыя жыхары знішчылі лес, зніклі і птушкі.

Літаратура

правіць
  • Ермалёнак, В. Радзіма скульптара і мітрапаліта [Генрыка Дмахоўскага] / В. Ермалёнак // Краязнаўчая газета. — 2003. — № 14 (лістапад).
  • Сядзіба ў Забалацці // Памяць : гісторыка-дакументальная хроніка Міёрскага раёна / рэдкал. Г. М. Маняк [і інш.]. — Мн., 1998. — С. 568—569.
  • Усадьба Заболотье // Очарование Миорского края = Сharm of Myory region / cост. В. А. Ермалёнок, П. И. Боголей; фото О. В. Молодечкин. — Новополоцк, 2007. — С. 10-11.