Сямён Гаўрылавіч Зорыч

Сямён Гаўрылавіч Зорыч (1743 або 1745 — 1799) — рускі вайсковы дзеяч, адзін з фаварытаў імператрыцы Кацярыны II.

Сямён Гаўрылавіч Зорыч
Партрэт Сямёна Гаўрылавіча Зорыча. Расія. Канец 18 ст. Дзяржаўны Эрмітаж (Санкт-Пецярбург)
Партрэт Сямёна Гаўрылавіча Зорыча. Расія. Канец 18 ст. Дзяржаўны Эрмітаж (Санкт-Пецярбург)
Нараджэнне 1745
Смерць 1799
Адукацыя
Дзейнасць ваенны
Прыналежнасць Расійская імперыя
Званне генерал-лейтэнант
Бітвы
Узнагароды
ордэн Святога Георгія IV ступені ордэн Мяча ордэн Белага арла ордэн Святога Станіслава
Лагатып Вікісховішча Медыяфайлы на Вікісховішчы

Біяграфія правіць

Паходзіў з сербскага роду Нараджычаў. Быў прывезены ў Расію афіцэрам Максімам Зорычам, які ўсынавіў яго, і ўжо ў дзевяцігадовым узросце залічаны ў гусарскі полк. Да 15 гадоў меў чын вахмістара, быў паранены, пабываў у прускім палоне. У 1769—1770 гг. камандаваў перадавымі часцямі расійскай арміі ў руска-турэцкай вайне, праявіў гераізм пры абароне р. Дубец у маі 1770 г., а ў ліпені 1770 г. трапіў у турэцкі палон, дзе знаходзіўся 5 гадоў.

У 1775 г., па вяртанні ў Расію, стаў ад’ютантам Пацёмкіна і з яго пратэкцыі быў прадстаўлены Кацярыне II. У жніўні 1777 г. узяты ў флігель-ад’ютанты да імператрыцы, месяцам пазней стаў генерал-маёрам і прызначаны шэфам Ахтырскага гусарскага палка. Знаходзіўся пры Кацярыне да мая 1778 г., калі выклікаў незадавальненне імператрыцы празмерным захапленнем картачнай гульнёй, а незадаволенасць Пацёмкіна — нежаданнем лічыцца з яго інтарэсамі. Быў звольнены ў адстаўку з вялікай узнагародай — 7 тысячамі сялян, пасяліўся ў падораным яму Кацярынай II мястэчку Шклове, дзе на свае сродкі заснаваў Шклоўская высакароднае вучылішча. Вялікую вядомасць меў заснаваны Зорычам прыгонны тэатр. Кацярына II некалькі разоў гасцявала ў Зорыча ў Шклове.

У перыяд валадарання Сямёна Зорыча ў Шклове працавалі разнастайныя мануфактуры, якія працавалі пераважна на мясцовай сыравіне, абслугоўвалі патрэбы вотчыннага двара і выраблялі прадукцыю на продаж. Канатная мануфактура (1790—99) вырабляла канаты і пражу з ільняной кудзелі і пянькі. У 1797 годзе працавала звыш 50 чалавек, выпушчана канатаў агульнай даўжынёй 10 тысяч сажаняў[1]. Парусінавая мануфактура (1794—1845) вырабляла тонкае і паруснае палатно з ільняных і пяньковых нітак. Працавалі таксама шаўкаткацкая (1781—99), гарбарная (1794—98) і суконная (1781—1809) мануфактуры[1]. Пасля смерці Кацярыны Павел I вярнуў Зорыча на службу, узвёў у генерал-лейтэнанты і даў у камандаванне Ізюмскі полк. Але Зорыч хутка заблытаўся ў фінансавых справах палка і ў 1797 г. быў адпраўлены ў адстаўку. Грашовыя цяжкасці і пажар у Шклове, які амаль цалкам знішчыў вучылішча, паскорылі яго смерць. Выхаванцы вучылішча былі ў 1801 г. пераведзены ў Маскву і склалі Першы маскоўскі Кадэцкі корпус.

У 2007 годзе ў Шклове пастаўлены помнік Сямёну Зорычу.

Зноскі

  1. а б Лён 2009, с. 159.

Літаратура правіць

  • Бантыш-Каменский. «Словарь достопамятных людей» (т. II, изд. 1836);
  • Карнович. «Замечательные богатства русских людей»;
  • Душан Мартиновић. Генерали из Црне Горе у руској војсци. — Подгорица, 2002.
  • Лён (руск.) / сост. Л. В. Ловчая; под общ. ред. И. А. Голуба; худож. В. В. Котович. — Минск: Беларус. Энцыкл. імя П. Броўкі, 2009. — 168 с.: ил..

Спасылкі правіць