Традыцыйная тэхналогія ткацтва «кажушком»

Тэхналогія ткацтва «кажушком» была шырока распаўсюджана ў Маларыцкім краі (цяпер — Маларыцкі раён Брэсцкай вобласці) і выкарыстоўвалася для вытворчасці народнага адзення («маларыцкага строю»).

Гаворка ў асноўным ідзе пра чатырохнітовую тэхніку ткацтва, у выніку якой атрымлівалі аднабаковае перапляценне на аснове саржавага, якое па-мясцоваму называлася «кажушок». У тэхналогіі ткацтва «кажушком» характэрнай рысай з’яўляецца тое, што ўточная нітка ўтварае адначасова ўзор і фонавае палатно. Пры разбурэнні ўзору парушаецца структура і самой тканіны. Тэхналогія ткацтва «кажушком» дазваляе ткаць не толькі аднакаляровыя, але і шматкаляровыя тканіны. Тым не менш, тканіна застаецца аднаўточнай, узор нельга аддзяліць ад карэннай тканіны.

Узор «кажушком», як і ўсякі «нітавы» ўзор, закладваецца перш за ўсё ў запраўцы кроснаў. Для таго, каб атрымаць як мага больш узораў на аснове адной запраўкі, ужываліся розныя варыянты ходу па «панажах». Тэхналогія маларыцкай запраўкі «кажушком» дазваляе атрымаць чатыры тэхналогіі ткацтва, дзякуючы ходу па «панажах». Арнамент на тканіне набіраецца іголкаю і выконваецца пры дапамозе «дошчачак».[1]

Гісторыя правіць

Ткацтва «кажушком» з’яўляецца характэрным элементам ў вытворчасці рэгіянальнага варыянту жаночага беларускага народнага касцюма, распаўсюджанага на тэрыторыі Маларыцкага раёна. Для яго характэрны буйны геаметрычны арнамент, насычаны каларыт, пабудаваны на палучэнне чырвонага, белага і часам чорнага колераў, а таксама — багатыя кампазiцыі аздаблення, якiя запаўняюць верхнiя і нiжнія часткi рукавоў, манжэты, фартушкi, паясное адзенне. З вытканых «кажушком» тканін выраблялі кашулі, андаракі і паясы.[2]

З цягам часу традыцыйны спосаб ткацтва «кажушком» быў страчаны і з ім можна было пазнаёміцца ў захаваўшыхся ўзорах аўтэнтычнага касцюма. У 2011 годзе тэхналогія была адноўлена народным майстрам Рэспублікі Беларусь Сцепанідай Аляксееўнай Сцепанюк. Сёння гэта практыка прерадаецца моладзі праз навучанне ў Дамах фальклору і народнай творчасці Брэсцкага рэгіёну.

Ахоўны статус правіць

У 2023 годзе традыцыйная тэхналогія ткацтва «кажушком» атрымала статус нематэрыяльнай гісторыка-культурнай каштоўнасці і была ўключана ў Дзяржаўны спіс гісторыка-культурных каштоўнасцей Рэспублікі Беларусь (шыфр — 13БК000169).[3]

Зноскі правіць

  1. Ігнацюк К.. Традыцыйная тэхналогія ткацтва «кажушком» на тэрыторыі Маларыцкага раёна .
  2. Заруцкі С.А. Асаблівасці захавання тэкстыльных традыцый у Маларыцкім раёне // Вучоныя запіскі Брэсцкага ўніверсітэта : зборнік. — 2020.
  3. Інвентар НКС. www.living-heritage.by. Праверана 9 красавіка 2024.