Традыцыйныя вясельныя звычаі Дубровенскага раёна

У гэтай старонкі няма правераных версій, хутчэй за ўсё, яе якасць не ацэньвалася на адпаведнасць стандартам.

Традыцыйныя вясельныя звычаі Дубровенскага раён — элемент нематэрыяльнай культурнай спадчыны Беларусі.

У вясельнай традыцыі Дубровеншчыны да нашага часу захаваліся некаторыя звычаі ў выглядзе гульняў, песняў, жартаў, прымеркаваныя да розных этапаў традыцыйнага вяселля. Усе яны закліканы запраграмаваць жыццё маладой сям’і ў ладзе, дабрабыце, ўзаемаразуменні і павазе паміж сабой, са сваякамі і з усёй супольнасцю. Дзеля гэтага ў першы дзень вясельны поезд вітаюць не толькі ўдзельнікі ўрачысасці, але і чужыя людзі. Звычай мае мясцовую назву «Драць зайца» і ўключае сустрэчу маладых з кветкамі і хлебам-соллю на перагароджанай дарозе, жартоўныя песні з патрабаваннем выкупу, спрэчкі са сватам. Вясёлыя стасункі ўдзельніка ў вяселля і тых, хто жыве побач выбудоўваюцца падчас звычаю наступнага дня «Ганяць маладую на ваду», калі ўсе з жартамі і гульнямі ходзяць да бліжэйшага вадаёма. Сімвалічнае пазбаўленне ад усяго злога адбываецца падчас гульні «Ганяць сучку», у якую перапранаецца адна са здольных да пераўвасаблення жанчын. Усё лепшае, што павінна атрымаць маладая сям’я, сімвалізуе «рагаты» каравай, якім адорваюць маладых, а дадатковыя «рогі» (яблыневыя галінкі, упрыгожаныя цестам, папяровымі кветкамі, слодычамі) хросная маці «прадае» гасцям за шчодрае ўзнагароджанне або дасціпны язычэнні. Вяселле часта завяршаюць «пабряхушкі», вясёлыя спеўныя спрэчкі гасцей, і «пасахі», невялікія булачкі з макавым начыннем, што дораць гасцям на развітанне. Комплекс вясельных звычаяў, які захаваўся ў Дубровенскім раёне ў жывой форме даносіць архаічныя сэнсы вяселля, мае багата прадстаўлены смехавы тэатральна-гульнёвы пачатак, цесна звязаны з вераваннямі і перакананнямі, якія аказалі ўплыў на духоўнае развіццё беларускага народа. Звычаі практыкуюцца многімі жыхарамі раёна падчас правядзення вяселляў. Носьбіты перакананы ў неабходнасці зберажэння мясцовых традыцый вясельных звычаяў, перадачы іх наступным пакаленням, лічаць іх цікавай і важнай часткай сваёй культурнай спадчыны. Удзельнікі народнага фальклорнага калектыву «Кудзеліца» ДУК «Раённы цэнтр народнай творчасці і культурна-дасугавай дзейнасці Дубровенскага раёна» спяваюць песні падчас сустрэчы вясельнага «поезда». Носьбітамі каравайнага абрада зараз з’яўляецца сям’я каравайніцы Тамары Сіняковай з в. Ляды Дубровенскага раёна і ўдзельнікі народнага клуба нацыянальнай кухні і беларускай гульні «Дубровенскія прысмакі»[1].

Кароткае апісанне элемента:

правіць

У вясельнай традыцыі Дубровеншчыны да нашага часу захаваліся некаторыя звычаі ў выглядзе гульняў, песняў, жартаў, прымеркаваныя да розных этапаў традыцыйнага вяселля. Усе яны закліканы запраграмаваць жыццё маладой сям’і ў ладзе, дабрабыце, ўзаемаразуменні і павазе паміж сабой, са сваякамі і з усёй супольнасцю. Дзеля гэтага ў першы дзень вясельны поезд вітаюць не толькі ўдзельнікі ўрачысасці, але і чужыя людзі. Звычай мае мясцовую назву «Драць зайца» і ўключае сустрэчу маладых з кветкамі і хлебам-соллю на перагароджанай дарозе, жартоўныя песні з патрабаваннем выкупу, спрэчкі са сватам. Вясёлыя стасункі ўдзельнікаў вяселля і тых, хто жыве побач выбудоўваюцца падчас звычаю наступнага дня «Ганяць маладую на ваду», калі ўсе з жартамі і гульнямі ходзяць да бліжэйшага вадаёма. Сімвалічнае пазбаўленне ад усяго злога адбываецца падчас гульні «Ганяць сучку», у якую перапранаецца адна са здольных да пераўвасаблення жанчын. Усё лепшае, што павінна атрымаць маладая сям’я, сімвалізуе «рагаты» каравай, якім адорваюць маладых, а дадатковыя «рогі» (яблыневыя галінкі, упрыгожаныя цестам, папяровымі кветкамі, слодычамі) хросная маці «прадае» гасцям за шчодрае ўзнагароджанне або дасціпныя зычэнні. Вяселле часта завяршаюць «пабряхушкі», вясёлыя спеўныя спрэчкі гасцей, і «пасахі», невялікія булачкі з макавым начыннем, што дораць гасцям на развітанне. Комплекс вясельных звычаяў, які захаваўся ў Дубровенскім раёне ў жывой форме даносіць архаічныя сэнсы вяселля, мае багата прадстаўлены смехавы тэатральна-гульнёвы пачатак, цесна звязаны з вераваннямі і перакананнямі, якія аказалі ўплыў на духоўнае развіццё беларускага народа. Звычаі практыкуюцца многімі жыхарамі раёна падчас правядзення вяселляў. Носьбіты перакананы ў неабходнасці зберажэння мясцовых традыцый вясельных звычаяў, перадачы іх наступным пакаленням, лічаць іх цікавай і важнай часткай сваёй культурнай спадчыны[2].

Паходжанне элемента:

правіць

Сучасныя носьбіты гульнявой традыцыі кажуць, што яна даўняя, бо так рабілі іх бацькі і дзяды, і таму яны таксама так робяць. У кнізе «З крыніц спрадвечных», 1997 года выдання, Уладзімір Мінаевіч Сысоў распавядае пра звычай з вясельнага абраду «Лавіць зайца»(лакальнае — «Драць зайца») і адзначае, што звычай гэты паходзіць з вельмі старажытных часоў. У былыя часы дзяўчыну за пэўны выкуп прадавалі ў сям’ю хлопца. Але калі маладыя кахаліся або хлопец умеў выкрасці спадабаўшуюся яму прыгажуню, што найбольш верагодна ў перыяд племяннога суіснавання нашых продкаў, калі дзяўчыну з аднаго племя не заўсёды маглі аддаць замуж у другое, то такога жаніха называлі зайцам. Тады браты дзяўчыны, або іншыя яе родзічы садзіліся на коней і імкнуліся вылавіць такога ўцекача-зайца, каб узяць, зразумела ўжо сілаю, хоць які выкуп за сястру: адабраць коней, грошы ці іншыя каштоўныя рэчы. Звычайна новую сям’ю сустракалі хлебам-соллю і святой вадою, каб ёй добра жылося, тым самым выказваючы сваю любоў, цярпенне і добрыя пачуцці да маладзёнаў. Верагодна, сённяшні варыянт існавання гульні «Драць зайца» з’яўляецца трансфармацыяй звычаю, апісанага У. Сысовым, бо, па-першае, знакавым элементам гульні ў абодвух выпадках з’яўляецца выкуп, і, па-другое, іх можна суаднесці паводле атрыбутаў (хлеб, соль). Пра вясельны «рагаты» каравай адзіная на раёне каравайніца, Тамара Емельянаўна Сінякова, кажа так: «Звычай Ляднянскага вясельнага каравая сыходзіць сваімі каранямі ў глыбокую старажытнасць. Даўней у вёсцы Ляды Дубровенскага раёна Віцебскай вобласці для шчаслівага сямейнага жыцця сваякі нявесты прыносілі ў ахвяру карову. І зараз ад гэтай ахвяры ў Лядах захаваліся толькі „рогі“ — яблыневыя галінкі, абкручаныя цестам, запечаныя ў печцы, пафарбаваныя яечным жаўтком, упрыгожаныя кветкамі з папіроснай бумагі, бусамі і „пасаджаныя“ на каравай». У родзе Тамары Емельянаўны па частцы выпечкі майстрыхай была яе бабуля Домна Яхімаўна Сінякова, маці бацькі, 19.01.1911 г. н., жыхарка в. Ляды. А яна ў сваю чаргу пераняла майстэрства выпечкі каравая ў сваёй бабулі. Па словах другага носьбіта, Гарзуевай Таццяны Уладзіміраўны, якая нарадзілася ў в. Станіславова Дубровенскага раёна, а зараз жыхаркі г. Дуброўна, абрад прыгатавання рагатага каравая і адорвання ім маладых падчас вяселля існуе на Дубровеншчыне ўжо даўно. У вёсцы Станіславова таксама жыла каравайніца Макарава Таццяна Прохараўна. Пачыналі каравай выпякаць накануне вяселля. Каравайніца прыходзіла ў хату, або прыходзілі да яе дружкі нявесты, якія ёй дапамагалі (рабілі шышачкі, падносілі муку, ізюм (кіравала працэсам менавіта каравайніца). Пачыналі вымешваць каравай з самай раніцы: замешвалі цеста, рабілі ўсе фігуркі з цеста, і пакідалі цеста на печы каб яно падыходзіла на дзень. Вечарам пачыналі выпякаць сам каравай, абмотвалі цестам адну яблыневую ветку, запякалі ветку, бусікі і ўкрашалі імі каравай. Па ўспамінах Таццяны Уладзіміраўны, каравай атрымліваўся вельмі вялікі, даходзіў аж да 6-8 кілаграмаў. Потым каравай адносілі ў тое месца, дзе было вяселле і адорвалі ім маладых на другі дзень. Гэта рабіла хросная маці, якая за гэта брала грошы. Потым гэтыя грошы ішлі карвайніцам за працу. Вялікую ветку пакідалі маладым, яна захоўвалася ў маладых доўгі час ў якасці абярэга. Працяг другога дня вяселля паўсюдна на Падзвінні быў амаль цалкам гульнявы. Такім ён і застаецца ў побыце сучаснай вёскі паўночнага рэгіёна Беларусі. Так, на Дубровеншчыне дагэтуль «ганяюць сучку»(вясельная гульня, у якой непасрэдна задзейнічаны госці і галоўныяе персанаж — «сучка»). Паводле аповяда знаўцы мясцовых абрадаў, жыхаркі в. Ляды Дубровенскага раёна Зінаіды Лесніковай (1914 г. н.): «…раней у Дуброўне на трэці дзень вяселля — ў панядзелак вечарам збіраліся ў хату, дзе жыла нявеста, яе бацькі і жаніх, свідзецелі, блізкая радня. Садзіліся за стол, выпівалі чарку-другую. У гэты час нехта з гасцей пераадзяваўся ў „сучку“: надзяваў кажух навыварат, шапку… Можна цэп павесіць! Хто што прыдумаець?. Больш смялейшыя вешалі на тое месца, ну, мо знаеце, на якое, моркву, дзве цыбулі, нават шпрыцоўку з вадой. „Сучка“ залазіла пад стол і паводзіла сябе там, як хоча: кусала, шчыпала гасцей, хлястала па нагах крапівай. Госці спачатку трохі палохаліся. Потым пачыналі смяяцца, кідаць „сучцы“ косці, кускі кілбас. Потым выганялі яе з-пад стала і ганялі па хаце. Яна кусалася, брызгала са шпрыцоўкі — мачыла ўсіх. Галоўнае — і прыдурвалася, як толькі здолее прыдумаць. Потым „сучку“ выганялі з хаты і далей гулялі, пілі, елі. Ну, во так!». З гісторыі вядома, што раней нявесту часта прымушалі рабіць розную работу, каб убачыць, якая атрымаецца з яе гаспадыня. Нявеста павінна была сячы дровы, насіць ваду, месці падлогу, прычым усе стараліся ёй перашкодзіць, пакуль жаніх не выкупіць яе ад гэтага занятку. Пэўна, з тых часоў, крыху трансфармаваўшыся, і дайшла да нас гульня «Ганяць маладу на ваду»[3].

Мадэлі перадачы элемента ў супольнасці:
правіць

На сённяшні час існуе некалькі мадэляў перадачы элемента: — у сям’і праз непасрэдны ўдзел у вяселлі; — ад пакалення да пакалення (у гульнях удзельнічаюць як дарослыя, так і дзеці, таму яны засвойваюцца малодшым пакаленнем); — праз сродкі масавай інфармацыі; — праз выпуск розных буклетаў, дэманстрацыю відэафільмаў; — праз удзел у святах, фестывалях народнай творчасці Багатая на традыцыі, абрады Дубровенская зямля нарадзіла некалькі маштабных святаў. Адным з іх з’яўляецца абласны конкурс вясельных абрадаў «Вялікая вясельніца». Гэта адно з шэрагу раённых святаў, якое адлюстроўвае разнастайнасць і самабытнасць абрадаў вяселля Дубровеншчыны. Удзельнікі, носьбіты традыцыі, спяваюць аўтэнтычныя вясельныя песні, дэманструюць абрады, прапануюць вясельныя экспанаты свайго раёна, якія захаваліся да сённяшняга часу (ручнікі, іконы, абутак, вопратку, упрыгожванні маладых і інш).

Пагрозы для існавання і перадачы элемента:
правіць

З цягам часу страціліся тэксты песень, якія суправаджалі каравайны абрад і пеліся падчас правядзення вясельных гульняў. Сучасныя носьбіты традыцыі памятаюць толькі некаторыя з іх. Вясельны «рагаты» каравай служыць у сям’і абярэгам. Галінкі захоўваюцца шмат гадоў у засушаным выглядзе як захавальнікі шчасця і любові ў доме." На жаль, — кажа Тамара Емельянаўна, — ў наш час нярэдка замест каравая маладзёны раздаюць гасцям зроблены невядома кім і дзе на заказ вялікі вясельны торт, аздоблены кветкамі з крэмам, фігуркамі жаніха і нявесты. Вельмі шкада, што забываецца людзьмі сапраўдны вясельны абрад. Некалі падрыхтоўка, выпечка і ўручэнне каравая на вяселлі было чуць ці не галоўнай дзеяй"[4].

Крыніцы

правіць
  1. Традыцыйныя вясельныя звычаі Дубровенскага раёна . ГУ «Витебский областной методический центр народного творчества».
  2. Традыцыйныя вясельныя звычаі Дубровенскага раёна Віцебскай вобласці . Жывая спадчына Беларусі: інвентар нематэрыяльнай культурнай спадчыны.
  3. Традыцыйныя вясельныя звычаі Дубровенскага раёна Віцебскай вобласці . Жывая спадчына Беларусі: інвентар нематэрыяльнай культурнай спадчыны.
  4. Традыцыі і сучасны стан культуры і мастацтваў / уклад. Ю.В. Пацюпа. — Мн.: Права і эканоміка, 2013. — С. 66–70, 155–159. — 209 с. — ISBN 978-985-552-237-0.