Трохгучча

(Пасля перасылкі з Трохгучнасць)

Трохгучча — акорд, які складаецца з трох гукаў, якія можна размясціць па тэрцыях.

Утварэнне трохгучча правіць

Састаўныя гукі трохгучча называюцца асноўным (пазначаецца 1), тэрцавым (пазначаецца ³) і квінтавым (пазначаецца 5) тонамі, у залежнасці ад таго, якое месца яны займаюць у асноўным становішчы (будучы размешчанымі па тэрцыях).

  • Асноўным тонам (прымай) называецца той гук трохгучча, які ў сціснутым распалажэнні знаходзіцца ўнізе.
  • Тэрцавым тонам (тэрцыяй) называецца той гук трохгучча, які ў сціснутым распалажэнні знаходзіцца пасярэдзіне.
  • Квінтавым тонам (квінтай) называецца той гук трохгучча, які ў сціснутым распалажэнні знаходзіцца ўверсе.

Гэтыя назвы, пакуль гаворка ідзе аб дадзеным акордзе, уласцівыя нотам незалежна ад іх узаемнага размяшчэння (формы трохгучча).

Кожнае трохгучча змяшчае ў сціснутым распалажэнні 2 тэрцыі (ніжнюю і верхнюю) і адну квінту ў выніку. У залежнасці ад якасці гэтых інтэрвалаў трохгуччы дзеляцца па сваёй структуры на чатыры тыпы:

  • вялікае (мажорнае) трохгучча (на малюнку 1) змяшчае ў сціснутым распалажэнні вялікую тэрцыю знізу, малую тэрцыю зверху і чыстую квінту ў выніку;
  • малае (мінорнае) трохгучча (на малюнку 2) змяшчае ў сціснутым распалажэнні малую тэрцыю знізу, вялікую тэрцыю зверху і чыстую квінту ў выніку;
  • павялічанае трохгучча (на малюнку 3) змяшчае ў сціснутым распалажэнні 2 вялікія тэрцыі і павялічаную квінту ў выніку;
  • паменшанае трохгучча (на малюнку 4) змяшчае ў сціснутым распалажэнні 2 малыя тэрцыі і паменшаную квінту ў выніку.

Вялікае і малае трохгучча з’яўляюцца кансанансамі і ў першую чаргу могуць прымяняцца як устойлівыя танічныя акорды. Павелічанае і паменшанае трохгучча з’яўляюцца дысананснымі.

Звароты трохгучча правіць

Зваротам трохгучча называецца такі яго від, у якім ніжнім гукам з’яўляецца тэрцавы або квінтавы тон асноўнага трохгучча. Трохгучча можа быць трох відаў, кожны з якіх адрозніваецца ад папярэдняга тым, што ніжні гук узняты на актаву вышэй. Гэта аперацыя таксама называецца зваротам. Трэці зварот прыводзіць да вяртання да пачатковай формы трохгучча — асноўнага віду, размешчанага на актаву вышэй:

  • трохгучча (асноўны від) — з асноўным тонам у ніжнім голасе.
  • секстакорд (або першы зварот трохгучча) — зварот з тэрцавым тонам у ніжнім голасе. У класічнай гармоніі секстакорд пазначаецца лічбай 6.
  • квартсекстакорд (або другі зварот трохгучча) — зварот з квінтавым тонам у ніжнім голасе. Квартсекстакорд пазначаецца лічбамі 4 і 6 (або 6 і 4). У ім, як і ў секстакордзе, крайнія гукі ўтвараюць сексту, а прыкметай з’яўляецца наяўнасць чыстай кварты ў аснове.