Трыянонскі дагавор
Трыянонскі мірны дагавор быў складзены паміж краінамі-пераможцамі ў Першай сусветнай вайне і пацярпелай паражэнне Венгрыяй. Падпісаны 4 чэрвеня 1920 года ў Вялікім Трыянонскім палацы Версаля. Набыў моц 26 ліпеня 1921.
Дагавор юрыдычна афармляў становішча, якое фактычна склалася ў басейне Дуная пасля вайны. У выніку была зафіксавана страта Венгрыяй значных тэрыторый:
- Трансільванія і ўсходняя частка Баната былі далучаны да Румыніі
- Харватыя, Бачка і заходняя частка Баната ўвайшлі ў склад Каралеўства сербаў, харватаў і славенцаў
- Славакія і Падкарпацкая Русь увайшлі ў склад Чэхаславакіі
- Бургенланд быў перададзены Аўстрыі.
- Колькасць венгерскай арміі абмяжоўвалася 35-ю тысячамі салдатаў і яна павінна была быць наёмнай.
Трыянонскі дагавор, у выніку якога Венгрыя пазбавілася 2/3 тэрыторыі і насельніцтва (у тым ліку 3 мільёнаў этнічных венграў), 88 % лясных рэсурсаў, 83 % вытворчасці чыгуну і 67 % банкаўска-крэдытнай сістэмы, быў успрыняты ў Славакіі і Румыніі як аднаўленне справядлівасці, а ў самай Венгрыі — як нацыянальная трагедыя. Рэваншызм стаў адной з асноўных рыс міжваеннай дыктатуры Міклаша Хорці. Па выпадку заключэння дагавора ў краіне была абвешчана нацыянальная жалоба, усе афіцыйныя сцягі прыспушчаны аж да 1938 года. У школах вучні кожны дзень перад урокамі чыталі малітву аб ўз'яднанні Радзімы.
Пры актыўнай падтрымцы нацысцкай Германіі, Трыянонскі дагавор быў перагледжаны ў 1938—1940 гг.; былі прыняты Венскія арбітражы, паводле якіх Венгрыя вярнула сабе частку страчаных у 1920 г. земляў — поўнач Трансільваніі, поўдзень Славакіі і Закарпацкую Украіну. У 1941 г. у склад Венгрыі ўвайшла частка захопленай Германіяй Югаславіі (Ваяводзіна).
Пасля Другой сусветнай вайны ўсе гэтыя рашэнні былі адменены, і Венгрыя ў наш час ізноў існуе ў межах, вызначаных Трыянонскім дагаворам. За іх межамі застаюцца значныя нацыянальныя венгерскія меншасці (секеі ў Румыніі, гл. Венгерская аўтаномная вобласць, венгры Славакіі, Аўстрыі, Ваяводзіны, Украіне — галоўным чынам у Закарпацці). Пытанне суайчыннікаў час ад часу дыскутуецца ў палітыцы і 1990—2000-х гадоў — сур'езна ці ў папулісцкіх мэтах.
Літаратура
правіць- Мерников А. Г., Спектор А. А. Всемирная история войн. — Минск., 2005.
Спасылкі
правіць- Тэкст дагавора (англ.)