Тхеравада

Тхерава́да (палі: theravāda, санскр.: थेरवाद, літаральна «вучэнне старэйшын») — рэлігійна-філасофская школа і адзін з галоўных канцэптуальных напрамкаў будызму. Шырока распаўсюджана ў такіх краінах, як Шры-Ланка, Тайланд, Лаос, М'янма, Камбоджа.

Будысцкія манахі кормяць рыбін, Лаос

ГісторыяПравіць

Тхеравада лічыцца найстарэйшай з існуючых школ у будызме. Рознагалоссі паміж вучнямі Будды пачаліся адразу пасля яго смерці, і ўжо з 486 г. да н. э. будысты ладзілі супольныя рады для высвятлення наспелых пытанняў. На трэцяй радзе, якая адбылася каля 348 г. да н. э. манах Махадэва прапанаваў 5 пунктаў для абмеркавання вучэння аб архатах[1], якія ў выніку прывялі да расколу паміж фракцыямі Махасангіка («Вялікая сангха») і Стхавіра («старэйшыны»)[2]. Сучасныя даследчыкі сумняваюцца ў існаванні Махадэвы і мяркуюць, што спрэчка была выклікана адносінамі да манаскага ладу жыцця, паколькі ў тэкстах Стхавіры сцвярджаюцца больш жорсткія правілы.

Частка прыхільнікаў Стхавіры стварылі «дактрыну аналіза» Вібхаджавада. Падчас кіравання Ашокі будызм і прыхільнікі Вібхаджавады атрымалі дзяржаўную падтрымку. Каля 246 г. да н. э. манах Махінда[3], якога прылічаюць да сыноў Ашокі, прынёс дактрыну аналіза ў кляштар Махавіхара ў Анурадхапуры на востраве Шры-Ланка. Гэта галіна Вібхаджавады атрымала назву Тамрапарнія (літаральна «з Шры-Ланкі»), а яшчэ пазней з IV ст. н. э. — Тхеравада. Іншыя галіны Вібхаджавады з цягам часу перасталі існаваць.

Прыкладна ў сярэдзіне V ст. палійскія тэксты Тхеравады з’явіліся на тэрыторыі М’янмы, дзе дагэтуль распаўсюджвалася вучэнне Махаяна. Аднак толькі ў XI ст. Тхеравада атрымала там дзяржаўную падтрымку і выціснула Махаяну. Да XIII ст. Тхеравада і Махаяна адначасова распаўсюджваліся ў Тайландзе. У выніку рэформ валадара Рамакхамхаенга Тхеравада стала дзяржаўнай формай шанавання Буды. У Камбоджу Тхеравада трапіла разам з Тамаліндам, сынам мясцовага валадара Джаявармана VII (11221218 гг.), які навучаўся ў Махавіхары і ўкараніў «вучэнне старэйшын» сярод кхмераў[4]. У 1329 г. кхмерскі місіянер Фрамаха Пасарман прынёс вучэнне Тхеравады ў Лаос[5] і схіліў на свой бок валадара Фа Нгума.

Вонкавы ўплыўПравіць

Тхераваду часам атаесамляюць з Хінаянай, што не зусім верна. Тэрмін «Хінаяна» быў прыдуманы прыхільнікамі Махаяны, каб падкрэсліць абмежаванасць сваіх апанентаў. Ён мае абразлівы характар[6]. Гэта атаесамленне нарадзілася ў выніку таго, што сярод апанентаў былі прадстаўнікі старых школ, з якіх захавалася толькі Тхеравада. Аднак нішто не паказвае, быццам тэрмін «Хінаяна» першапачаткова тычыўся менавіта Тхеравады. Яна развівалася ўдалечыні ад спрэчак, што вяліся падчас станаўлення Махаяны.

У 1 тысячагоддзі н. э. вучэнні Тхеравады і Махаяны канкуравалі сярод будыстаў Шры-Ланкі і Паўднёва-Усходняй Азіі. Вынікам канкурэнцыі былі дэбаты, але таксама імкненне да гарманізацыі дзейнасці двух напрамкаў. Напрыклад, яно адчуваюцца ў каментарах «Вісуддхімага»[7] манаха Будагхосы ў V ст., а таксама ў існаванні эзатэрычных практык[8] у Тхеравадзе.

Асаблівасці вучэнняПравіць

Асноўнай крыніцай веравучэння Тхеравады з’яўляецца «Трыпітака» ў форме палійскага канона. Толькі ён прызнаецца кананічным. Традыцыйна мова палі больш пераважная, чым санскрыт. Акрамя таго існуюць каментары, найбольш вядомыя з якіх «Вісуддхімага», апавяданні пра жыцці Буды, даведнікі, у тым ліку на мясцовых мовах. Аднак яны не маюць кананічнага характару. Дзякуючы гэтаму захоўваецца адзіная дактрына. У адрозненні ад Махаяны ў Тхеравадзе няма істотных унутраных адрозненняў.

Тхеравада падкрэслівае індывідуальнае прасвятленне. Яе ідэал стаць архатам, які ўсвядоміў прасвятленне і вызваліўся ад цыклу нараджэнняў і смерцяў. Істотным адрозненнем ад Махаяны з’яўляецца тлумачэнне анатман (прыроды самога сябе) як вызвалення ад памылкі аб існаванні асабістага Я для далейшага дасягнення нірваны[9]. Такім чынам прасвятленне адбываецца толькі дзякуючы намаганням канкрэтнага чалавека.

Асноўны сродак прасвятлення — медытацыя. Вылучаюць 2 яе асноўныя разнавіднасці[10]:

  • Віпасана (літаральна «погляд унутр»), засяроджаная на саманазіранні цела і думак, іх узаемнай сувязі, яснае разуменне таго, што адбываецца менавіта так, як адбываецца
  • Саматха (літаральна «спакой») — стан, у якім розум знаходзіцца ў стане супакою, засяроджаны толькі на адным прадмеце

У Тхеравадзе саматха — толькі дадатковы інструмент. Галоўная роля адвозіцца стану віпасана, які дазваляе разбурыць сцяну ілюзіі, паступова ўсвядоміць вышэйшую рэчаіснасць і такім чынам дасягнуць нірваны.

Зноскі

СпасылкіПравіць