Тэрмарэгуляцыя — рэгуляванне ў арганізме працэсаў утварэння і аддачы цяпла.

Утварэнне цяпла ў арганізме адбываецца за кошт біяхімічных працэсаў, якія ідуць у сэрцы, печані, нырках і іншых органах. Значна ўзрастае выпрацоўка цяпла ў выніку работы шкілетных мышцаў. Утворанае ў арганізме цяпло выводзіцца галоўным чынам праз скуру.

Пры павышэнні тэмпературы навакольнага асяроддзя абмен рэчываў у арганізме рефлекторна паніжаецца, што вядзе да памяншэння цеплапрадукцыі. Паніжэнне знешняй тэмпературы стымулюе рэцэптары, якія ўспрымаюць холад. У выніку рэфлекторна ўзмацняецца скарачэнне мышцаў, і павышаецца цеплапрадукцыя. Прыкладам могуць быць дрыжыкі, якія з'яўляюцца праявай рэгуляцыі тэмпературы цела шляхам павышэння цеплаўтварэння ў мышцах.

Чым ніжэйшая тэмпература атмасфернага паветра і чым вышэйшая хуткасць яго руху, тым больш арганізм губляе цяпла. Цеплааддача ўзмацняецца яшчэ больш, калі ў вонкавым паветры пры нізкай тэмпературы і ветры шмат вадзяной пары. У памяншэнні цеплааддачы і захаванні цяпла вялікае значэнне мае падскурны тлушчавы слой. Чым больш тлушчу ў падскурнай аснове, тым лепш арганізм захоўвае тэмпературу цела.

Пры паніжэнні тэмпературы навакольнага асяроддзя крывяносныя сасуды скуры рэфлекторна звужаюцца. Колькасць крыві, якая працякае па іх, памяншаецца, і адпаведна памяншаецца аддача цяпла з паверхні цела. Пры гэтым забеспячэнне крывёй унутраных органаў узрастае, што дазваляе захоўваць цяпло ўнутры арганізма.

Пры павышэнні тэмпературы навакольнага асяроддзя адбываецца расшырэнне крывяносных сасудаў скуры і, як вынік, павелічэнне колькасці цыркулюючай у іх крыві. Гэта садзейнічае страце арганізмам цяпла. Калі тэмпература паветра вышэйшая за тэмпературу цела, расшырэнне сасудаў скуры не можа ўзмацніць цеплааддачу. У гэтым выпадку тэмпература цела застаецца ранейшай дзякуючы ўзмацненню потааддзялення. На выпарэнне 1 г поту затрачваецца 2437 Дж энергіі, у выніку чаго арганізм ахалоджваецца. Чым паветра цяплейшае і сушэйшае, тым хутчэй выпараецца пот. У атмасферы, насычанай вадзяной парай, выпарэнне прыпыняецца. Таму чалавек адчувае сябе некамфортна ў вільготным паветры нават пры параўнальна невысокай тэмпературы (каля +30°С).

Для нармальнай жыццядзейнасці чалавеку неабходна падтрымліваць тэмпературу цела ў межах 36-37 °С. Гэта дасягаецца тэрмарэгуляцыяй. Падтрыманне пастаяннай тэмпературы цела забяспечваецца нейрагумаральнымі механізмамі рэгуляцыі. Важная роля ў тэрмарэгуляцыі належыць гіпаталамусу. Яго ядры кантралююць працэсы цеплааддачы і цеплаўтварэння. Разбурэнне гіпаталамусу суправаджаецца стратай здольнасці падтрымліваць пастаянную тэмпературу цела. Гумаральныя фактары тэрмарэгуляцыі — біялагічна актыўныя рэчывы — рэгулююць узровень цеплапрадукцыі і цеплааддачы праз змяненні інтэнсіўнасці абменных працэсаў у клетках і тканках арганізма.

Літаратура правіць

  • Машчанка М. Біялогія: вучэб. дапам. для 9-га кл. устаноў агульн. сярэдн. адукацыі з бел. мовай навучання / М. В. Машчанка, А. Л. Барысаў; пер. з рус. мовы В. У .Клімко. — 3-е выд. — Мн.: Нар. асвета, 2011. ISBN 978-985-03-1531-1.

Гл. таксама правіць