Тканка
Тканка — сукупнасць клетак, якія звязаныя агульным паходжаннем і выконваюць агульныя функцыі. Вывучэннем тканак займаецца навука гісталогія.
Паняцце тканкі
правіцьЧалавечае цела развіваецца з адной клеткі — аплодненага яйка — зіготы. Яно дзеліцца некалькі разоў і утварае мнагаклетачны зародак. У зародку з пакалення ў пакаленне, выяўляюцца адрозненні ў структуры і фізіялогіі клетак. Такім чынам, у мнагаклетачным зародку паступова дыферэнцыруюцца розныя тыпы клетак.
Усе клеткі маюць некаторыя агульныя рысы — яны ядуць, дыхаюць, растуць, дзеляцца і іншае. Тым не менш, яны з’яўляюцца спецыялізаванымі для выканання пэўных відаў дзейнасці лепш, чым іншыя. Напрыклад, цягліцавыя клеткі адаптаваны, каб скарачацца, рэцэптары — каб успрымаць раздражняльнікі, залозістыя — вызваляць рэчывы — сакрэты і да т.п.
Клеткі, якія спецыялізуюцца на адным родзе дзейнасці, аб’ядноўваюцца ў тканкі. Набор клетак з аналагічнай структурай і функцыяй, разам з міжклетачным рэчывам завецца тканкай.
Тканка раслін
правіцьТканка раслін — сістэма клетак структурна і функцыянальна ўзаемазвязаных адна з адной і звычайна падобных па паходжанні.
Утваральныя тканкі даюць пачатак усім пастаянным раслінным тканкам. Яны забяспечваюць пастаянны рост раслін. Клеткі ўтваральных тканак жывыя, невялікія, з тонкай абалонкай, густой цытаплазмай і буйным ядром, з дробнымі, амаль не бачнымі вакуолямі. Яны здольны доўгі час дзяліцца і забяспечваць рост расліны ў даўжыню і таўшчыню. Утваральныя тканкі размяшчаюцца ў розных частках расліны. На верхавінах парасткаў і кончыках каранёў знаходзяцца верхавінкавыя ўтваральныя тканкі. За кошт іх сцябло і корань растуць у даўжыню. У таўшчыню карані і сцёблы разрастаюцца дзякуючы бакавой утваральнай тканцы — камбію.
Покрыўныя тканкі пакрываюць звонку ўсе органы раслін. Яны ахоўваюць тканкі, якія ляжаць пад імі, ад уздзеяння тэмпературы, мікраарганізмаў, механічных пашкоджанняў. Праз покрыўныя тканкі адбываецца выпарэнне вады і газаабмен з навакольным асяроддзем. Да покрыўных тканак належаць эпідэрміс, перыдэрма і корка.
Эпідэрміс пакрывае лісты, маладыя сцёблы, пялёсткі кветак і плады. Ён складаецца з аднаго слою жывых, шчыльна прыціснутых адна да адной клетак, паміж якімі размешчаны вусцейкі. Знешнія абалонкі клетак эпідэрмісу часта патоўшчаны і пакрыты тонкім слоем воску.
У дрэў і кустоў к восені маладыя сцёблы з зялёных становяцца карычневымі. Гэта звязана з тым, што расліны рыхтуюцца да зімы і эпідэрміс мяняецца на больш трывалую покрыўную тканку — перыдэрму. Яе ўтварае коркавы камбій, які знаходзіцца пад эпідэрмісам. Вонкі ён адкладвае клеткі спецыяльнай тканкі — корку а ўнутр — жывыя клеткі, якія забяспечваюць камбій пажыўнымі рэчывамі. Патоўшчаныя абалонкі клетак корку з цягам часу становяцца непранікальнымі для вады і газаў. Пры гэтым змесціва клетак адмірае. Менавіта гэтыя мёртвыя клеткі і выконваюць ахоўную функцыю.
У большасці дрэў праз некалькі гадоў перыдэрму на ствалах пачынае мяняць яшчэ больш надзейная шматслойная покрыўная тканка — корка. Яна складаецца з адмерлых тканак. Паколькі ствалы дрэў штогод патаўшчаюцца, паверхня коркі растрэскваецца. Прыкладам можа служыць бяроза, у якой белая перыдэрма (бяроста) знізу ствала змяняецца чорнай коркай з трэшчынамі. Корка надзейна ахоўвае ствалы ад рэзкіх змен тэмпературы, пашкоджанняў жывёламі і г. д.
Механічныя тканкі выконваюць у целе расліны апорную функцыю. Яны забяспечваюць здольнасць супраціўляцца парывам ветру, струменям дажджу, снежным бурам і г. д. Дзякуючы механічным тканкам не ламаюцца галіны, не рвуцца лісты, дрэвы часцей захоўваюць сваю крону. Клеткі механічных тканак маюць патоўшчаныя сценкі. Яны могуць быць жывымі або мёртвымі. Жывыя механічныя тканкі размяшчаюцца ў маладых растучых частках расліны — чаранках лістоў, травяністых сцёблах. Найбольшую трываласць сцёблам раслін надаюць мёртвыя, моцна выцягнутыя ў даўжыню клеткі — валокны.
Праводзячыя тканкі забяспечваюць паступленне ў расліну вады і раствораных у ёй рэчываў, а таксама адток прадуктаў фотасінтэзу. Дзякуючы праводзячым тканкам усе органы раслін звязаны ў адзіную сістэму. Гэта складаныя тканкі, якія ўтвараюцца з некалькіх тыпаў клетак. У іх склад уваходзяць праводзячыя элементы, механічныя валокны і парэнхімныя клеткі. Праводзячыя тканкі бываюць двух тыпаў: ксілема і флаэма.
Ксілема — гэта тканка, па якой у расліне ад каранёў да лістоў перамяшчаецца вада з растворанымі ў ёй рэчывамі. Водаправодзячымі элементамі ксілемы з’яўляюцца трахеіды і сасуды. Трахеіды больш прымітыўныя. Гэта мёртвыя, выцягнутыя ў даўжыню, вузкія, завостраныя на канцах клеткі. Вада па трахеідах рухаецца павольна, пранікаючы з клеткі ў клетку праз тонкія непатоўшчаныя ўчасткі бакавых клетачных сценак. Сасуды — больш дасканалыя водаправодзячыя элементы. Сасуд утвараецца з цэлага раду кароткіх і шырокіх мёртвых клетак, размешчаных адна над адной. Папярочныя сценкі гэтых клетак разбураюцца і ўтвараюць адтуліны.
Флаэма — гэта тканка, па якой ад лістоў да іншых органаў расліны перамяшчаюцца раствораныя арганічныя рэчывы, што ўтварыліся ў выніку фотасінтэзу. Праводзячымі элементамі флаэмы ў большасці раслін з’яўляюцца сітападобныя трубкі. Яны складаюцца з ланцужка жывых клетак спецыяльнай будовы. У папярочных сценках клетак сітападобных трубак ёсць мноства вельмі дробных адтулін. Праз іх цяжы цытаплазмы праходзяць у суседнія клеткі. Па гэтых цяжах з клеткі ў клетку актыўна праводзяцца арганічныя рэчывы. Каля сітападобных трубак размяшчаюцца клеткі-спадарожніцы. Яны паскараюць правядзенне прадуктаў фотасінтэзу па сітападобных трубках.
Асноўная тканка, або парэнхіма, складае большую частку цела расліны. Парэнхіма займае прастору паміж іншымі тканкамі. Яна ёсць ва ўсіх органах расліны. Клеткі парэнхімы жывыя, больш або менш акруглай формы, танкасценныя. Парэнхіма можа выконваць розныя функцыі. Фотасінтэзуючая парэнхіма ўдзельнічае ў фотасінтэзе. У клетках запасаючай парэнхімы назапашваюцца і захоўваюцца арганічныя рэчывы. Яны расходуюцца раслінай у працэсе яе росту. У раслін пустынь і паўпустынь развіваецца ваданосная парэнхіма (сакавітыя сцёблы кактусаў, лісты агавы, алоэ і інш.). У многіх водных і балотных раслін у каранях, сцёблах, лістах утвараецца паветраносная парэнхіма. Паміж яе клеткамі ёсць вялікія міжклетнікі, запоўненыя паветрам.
У раслін тканку вывучае анатомія раслін.
Тканка жывёл і чалавека
правіцьУ адпаведнасці з асоўнымі саматычнымі функцыямі арганізма адрозніваюць 4 тыпы тканкі: эпітэлій, злучальная тканка, мышачная тканка, нервовая тканка. Развіццё (гістагенез) кожнага тыпу — вынік дыферэнцыроўкі — станаўлення рыс спецьіялізацыі ў клетак-папярэдніц, дэтэрмінаваных у эмбрыягенезе для развіцця пэўнай тканкі. Звычайна адна тканка ці некаторыя яе спецыялізаваныя клеткі ажыццяўляюць спецыфічныя для кожнага арганізама функцыі. Комплексы клетак тканкі што працуюць сумесна, утвараюць у органах шматлікія структурна-функцыянальныя адзінкі (напр., нефрон).
Будова тканкі аднаго тыпу (асабліва найбольш высокаспецыялізаванай нервовай) можа значна адрознівацца ў розных частках арганізма, а таксама ў арганізмаў рознага сістэмнага становішча. У ніжэйшых мнагаклетачных функцыі тканкі не так строга вызначаюцца, як у вышэйшых. Эвалюцыя арганізмаў прывяла да спецыялізацыі клетак і ўзаемаабумоўленасці іх функцыянавання ў шматгканкавай сістэме. У эксперыменце можна забяспечыць жыцце і размнажэнне тканкі па-за арганізмам (гл. культура тканкі).
У жывёл тканку вывучае гісталогія.
Гл. таксама
правіцьЛітаратура
правіць- Леанцюк А. С. Тка́нка // Беларуская энцыклапедыя: У 18 т. Т. 15: Следавікі — Трыо / Рэдкал.: Г. П. Пашкоў і інш. — Мн. : БелЭн, 2002. — Т. 15. — С. 471. — 10 000 экз. — ISBN 985-11-0035-8. — ISBN 985-11-0251-2 (т. 15).
- Біялогія: вучэб. дапам. для 7-га кл. агульнаадукац. устаноў з беларус. мовай навучання / пад рэд. В. М. Ціхамірава; пер. з рус. мовы Г. І. Кулеш. — Мінск: Нар. асвета, 2010. — 199 с. : іл. ISBN 978-985-03-1340-9.
- Біялогія: вучэб. дапам. для 9-га кл. устаноў агульн. сярэдн. адукацыі з бел. мовай навучання / М. В. Машчанка, А. Л. Барысаў; пер. з рус. мовы В. У. Клімко. — 3-е выд. — Мн.: Нар. асвета, 2011. ISBN 978-985-03-1531-1.