Украінскае грамадска-культурнае аб’яднанне Брэсцкай вобласці

Украінскае грамадска-культурнае аб’яднанне Брэсцкай вобласці (УГКА БВ)  (укр.: Українське громадсько-культурне об'єднання Берестейської області)— грамадская і культурна-асветніцкая арганізацыя ўкраінцаў Берасцейшчыны. Існавала з 1990 па 1999 гады.

Гісторыя правіць

Створана 18 лютага 1990 года ў Брэсце. Нязменны кіраўнік арганізацыі Мікалай Казлоўскі. У склад Рады арганізацыі ў розныя часы ўваходзілі такія вядомыя грамадскія дзеячы і краязнаўцы, як Вячаслаў Панкавец, Георгій Мусевіч, Мікола Ячнік, Пятро Тарасюк, Аляксей Германовіч, Арсень Цяцярук, Міхаіл Петруковіч і іншыя. У 1995 г. частка сяброў таварыства заснавала «Асвету Берасцейшчыны» імя Т. Шаўчэнкі.

Друкаваны орган — газета «Голос Берестейщини». Таварыства было арганізатарам сустрэч з насельніцтвам з дапамогай інфармацыйных стэндаў, ініцыятарам канцэртаў украінскіх гуртоў, выдавала матэрыялы пра гісторыю і культуру краю. Дзякуючы намаганням членаў арганізацыі, а таксама прафесарска-выкладчыцкага складу Брэсцкага дзяржаўнага ўніверсітэта на філалагічным факультэце апошняга была адкрыта спецыяльнасць «Украінская мова і літаратура».

Падчас перарэгістрацыі грамадскіх аб’яднанняў у 1999 годзе Рэспубліканская камісія па перарэгістрацыі грамадскіх аб’яднанняў адмовіла таварыству ў перарэгістрацыі (рашэнне № 29 ад 24 верасня 1999 г.). Афіцыйнае спыненне дзейнасці звязана з рашэннем упраўлення юстыцыі Брэсцкага аблвыканкама No 2456 ад 12 лістапада 1999 г.

Мэты і задачы правіць

Мэты і задачы згодна са Статутам:

  1. Актыўна падтрымліваць далейшую дэмакратызацыю грамадства.
  2. Імкнуцца да гарманізацыі міжнацыянальных адносін на аснове паважлівых, добразычлівых адносін да інтарэсаў людзей розных нацыянальнасцей, якія сумесна пражываюць на Берасцейшчыне.
  3. Садзейнічаць захаванню і ўмацаванню дружбы і добрых адносін паміж беларускім і ўкраінскім народамі.
  4. Усяляк садзейнічаць этнакультурнаму адраджэнню Берасцейшчыны.
  5. Садзейнічаць захаванню і далейшаму развіццю ўкраінскай мовы, украінскай культуры, народных традыцый, а таксама распаўсюджванню і паглыбленню ведаў аб сваім паходжанні і гісторыі сярод насельніцтва краю.
  6. Прасіць улады ўсіх узроўняў улічваць украінскую этнічную прыналежнасць карэннага насельніцтва дадзенага рэгіёна пры рэалізацыі на тэрыторыі Брэсцкай вобласці законаў Рэспублікі Беларусь аб нацыянальных меншасцях, мовах, культуры, народнай адукацыі і інш.

Гл. таксама правіць

Літаратура правіць

  • Козловський М., Українське відродження на Берестейщині у 80-90-х роках XX століття — Слов’янськ, 2006 — 43 с.