Універсалглот (Universalglot, Universal Glot, Universal-Sprache ці Universal) — праект міжнароднай дапаможнай мовы, які быў апублікаваны ў 1868 годзе ў горадзе Бар-ле-Дзюк і Парыжы Жанам Піра. Мова з’яўляецца апастэрыёрнай з дэталёва выпрацаванай структурай, простай марфалогіяй, створанай пад уплывам раманскіх і германскіх моў.

Піра так вызначыў прынцыпы, паводле якіх ён сканструяваў мову: «Я выбраў з кожнай жывой мовы словы, найбольш вядомыя і знаёмыя, і рабіў гэта перш за ўсё тады, калі вымаўленне з’яўляецца найбольш лёгкім. Лацінская мова дае найбольшую колькасць такіх словаў…». Не толькі карані былі ўзяты з натуральных моў, але таксама канчаткі і дэталі граматыкі, якія робяць мову падобнай да еўраклонаў, але з германскімі элементамі.

Асобныя элементы Універсалглота ўжо ўтрымлівалі добрыя ідэі, якія былі выкарыстаны ў пазнейшых праектах моў, напрыклад, суфікс -in- для словаў са значэннем жаночага полу: son — сын, sonin — дачка.

Праект Піра не прыцягнуў увагі грамадства. Існуюць толькі асобныя апісанні мовы ў інтэрлінгвістычнай літаратуры.

Марфалогія правіць

Назоўнікі і прыметнікі не змяняюцца па склонах і ліках.

Дзеясловы змяняюцца ў часе, утвараючы пры дапамозе -e цяперашні час, -ed — прошлы час, -rai — будучы час: I pregate — я прашу; I pregated — я прасіў; I pregatrai — я папрашу. Інфінітыў утвараецца пры дапамозе -en (pregaten).

Асабовыя займеннікі маюць назоўны і вінавальны склоны.

Узоры тэкстаў правіць

Men senior, i sendeevos un gramatik e un verbbibel de un nuov glot nomed Universal glot. In futur i scriptarai evos sempter in dit glot. I pregate evos responden ad me in dit self glot.

Пераклад: Мой спадар, я дасылаю вам граматыку і слоўнік новай мовы пад назвай Універсалглот. У будучым я буду заўсёды пісаць да вас на гэтай мове. Прашу вас адказаць мне на гэтай мове.

Ben dai, Meni senior, i ese inkanted reinkontraen evos; I habe vided evos her in London, e ditdai nos finde enos in Skotland. Dikt me ex ke land vos ese. Un ex enos ese Ruser e du ese Italier e el quatli ese Deutsch; ma nos pote toti parlen insamel, den nos parle el Universal glot.

Пераклад: Добры дзень, спадар, я ўзрадаваны зноў сустрэць вас; я бачыў вас ужо ў Лондане, а сёння сустракаю вас у Шатландыі. Скажыце мне, з якой вы краіны. Адзін з нас — рускі, два — італьянцы, а чацвёрты — немец; але мы ўсе можам размаўляць паміж сабой, таму што мы размаўляем на ўніверсалглоце.