Універсаль (Universal, іншыя назвы — мондалінгва, інверсаль) — схематычная апастэрыёрная мова, распрацаваная ў 1923—1928 гадах Г. І. Мураўкіным (Берлін) і Л. І. Васілеўскім (Харкаў). Мова ўжывае слоўнік і граматыку эсперанта, але ў ёй значна павялічаны ўзровень апрыёрнасці на розных узроўнях моўнай структуры, у адрозненне ад іншых эсперантоідаў.

Фанетыка, арфаграфія правіць

Падчас стварэння алфавіта быў узяты за аснову Міжнародны фанетычны алфавіт, да лацінскіх літар дабаўлены сімвалы ø, ə, ʒ, ŋ, ʃ. Ужываюцца таксама надрадковыя знакі — для даўгаты і назалізацыі галосных, палаталізацыі зычных. Афрыкаты пішуцца дыграфамі — ʦ, ʣ, ʧ, ʤ. Націск звычайна ставіцца на галосным перад канчатковым зычным (як у іда), але можа зрушвацца, вызначаючыся падчас напісання. Падвойныя зычныя падзяляюцца галоснай ə, якая не ўплывае на месца націску.

Словаўтварэнне правіць

У мове няма прынцыповага адрознення паміж словаўтварэннем і словазмяненнем. Тымі ж самымі сродкамі магчыма сфарміраваць і лексічныя, і граматычныя значэнні ад асноў, якія належаць розным марфалагічным катэгорыям. Акрамя атрыманай у спадчыну ад эсперанта аглютынацыі, таксама ўжываюцца:

  • уласцівы некаторым апрыёрным лінгвапраектам (напрыклад, сольрэсоль) спосаб утварэння антонімаў шляхам інверсіі асновы (fino — канец, nifo — пачатак; bona — добры, noba — благі; produ — ствараць, dorpu — спажываць) ці, для складаных слоў, аднаго з каранёў (simpatu — спачуваць, mispatu — адносіцца з непрыхільнасцю);
  • складанне асноў, у якіх дапускаюцца скарачэнні (dennedo -> dendo — суткі, evnedo -> evno — вечар, evdeno -> evdo — раніца);
  • поўная ці частковая рэдуплікацыя асноў для ўтварэння множнага ліку назоўнікаў (толькі ў тым выпадку, калі на гэта не паказвае кантэкст) і займеннікаў, перадачы насычанасці прызнака і шматлікасці дзеяння;
  • мадыфікатарам e у якасці прэфікса і суфікса утвараюцца формы мінулага і будучага часу адпаведна для ўсіх частак мовы (ebela — які быў некалі прыгожым, urbeo — будучы горад);
  • непрадуктыўная, маючая толькі мнеманічны сэнс, дэрывацыя пры дапамозе унутранай флексіі (lina — доўгі, lana — шырокі, lona — высокі; valdo — лес, veldo — савана, vildo — стэп).

Марфалогія, сінтаксіс правіць

Прыметнікі не дапасуюцца да назоўнікаў паводле роду і ліку, але іх флексіі назалізуюцца ў вінавальным склоне, што з’яўляецца факультатыўным пры звычайным парадку слоў. Прынцып функцыяналізму мовы універсаль вызначае падпарадкаванне марфалогіі сінтаксісу і граматыцы. Прынцып прагматызму і эканоміі дыктуе патрабаванне факультатыўнасці граматычных форм і пазбаўлення ад усялякай збыткоўнасці.

Літаратура правіць