Францішак Аляшкевіч
Францішак Аляшкевіч (4 кастрычніка 1889 — 1943) — каталіцкі святар заходняга абраду, дзеяч беларускага хрысціянскага руху XX стагоддзя, душпастыр.
Францішак Аляшкевіч | |
---|---|
Адукацыя | |
Нараджэнне |
4 кастрычніка 1889 |
Смерць | 1943 |
Біяграфія
правіцьНарадзіўся ў в. Дзядолайці Ашмянскага павета Віленскай губерні. Паходзіў з сялянскай сям’і: бацькі — Язэп і Марыяна (з дому Каспяровічаў) Аляшкевічы. У кнізе метрык Сольскага касцёла прозвішча Аляшкевіч запісана як Аляхновіч. Паводле пашпарта і рэвізскіх казак — Аляшкевіч, у іншых дакументах — Ляшкевіч.
У маі 1907 года вытрымаў экзамен на званне аптэкарскага вучня пры экзаменацыйнай камісіі Маскоўскай навучальнай акругі. У 1909—1914 гадах вучыўся ў Віленскай духоўнай каталіцкай семінарыі. На правах сябра ўваходзіў у беларускі гурток студэнтаў семінарыі. Пасвячоны ў святары ў 1914 годзе. Душпастырскую дзейнасць пачаў у тым жа годзе. Працаваў у парафіях Віленскай дыяцэзіі (мястэчка Канстанцінаў Надвілейскага дэканата), пробашчам у мясцовасці Удзял Глыбоцкага дэканата (1917—1939).
Удзельнічаў у працы 1-га з’езда беларускіх каталіцкіх святароў у Мінску (24—25 мая 1917 года). Сябра саюза ксяндзоў-беларусаў. Матэрыяльна падтрымліваў беларускія каталіцкія перыядычныя выданні («Krynica», «Chryścijanskaja Dumka»). У ліку 15 святароў ад імя беларускага каталіцкага духавенства Заходняй Беларусі падпісаў мемарыял, прадстаўлены 19 мая 1925 года на агульнапольскай канферэнцыі біскупаў.
Выступаў за шырокае ўвядзенне беларускай мовы ў дадатковых набажэнствах на заходнебеларускіх абшарах. Звяртаўся да вернікаў з казаннямі на беларускай мове. Прыхільнік Беларускай хрысціянскай дэмакратыі. Памёр у 1943 годзе.
Спасылкі
правіць- На Вікісховішчы пакуль няма медыяфайлаў па тэме, але Вы можаце загрузіць іх
- Электронная Энцыкляпэдыя. Беларускія рэлігійныя дзеячы XX ст. Аляшкевіч Францішак .