Фёдар Пятровіч Шчэпа

баярын клецкі і пінскі

Фёдар Пятровіч Шчэпа — баярын клецкага князя Івана Васілевіча і пінскага князя Фёдара Іванавіча Яраславічаў.

Фёдар Пятровіч Шчэпа
Род дзейнасці арыстакрат

Біяграфія правіць

Служыў яшчэ клецкаму князю Івану Васілевічу Яраславічу, атрымаў ад яго пацвярджэнне на адну купленую зямлю ў сяле Лукавец і наданні зямлі ў сяле Навадворац, чатырох гарадскіх зямель, дзвюх зямель у сяле Якшычы, трох «чалавек» у іншых частках Клецкага княства, двух «чалавек» у сяле Лукавец.[1]

Шчэпа быў сведкам актаў князёў Івана Васілевіча і Фёдара Іванавіча Яраславічаў у 1507, 1515, 1520 гадах. Пры гэтым яго статус не быў высокі, пасярэдзіне мясцовага баярства, вышэй яго пісаліся баяры Долмат Андрэевіч, Міхайла Дзмітравіч Шарап, Івашка Фёдаравіч Палазовіч, Рыгор Іванавіч Бруяка, а ніжэй — яго брат Алеша, Матфей Грычынавіч і Алехна Някрас.[2]

На Вялікдзень 1511 года князь Фёдар Іванавіч пацвердзіў Шчэпе ўсе бацькоўскія наданні і дадаткова вызваліў аднаго яго «чалавека» ад вартаўнічай павіннасці, даў «зямлю» ў Лукаўцы, сенажаці ў Навадворцы, месца ў Клецкім замку пад будаўніцтва «харом», двор у клецкім вакольным горадзе («у паркане») і гарод каля горада. Гэты дакумент князь Фёдар напісаў уласнаручна. У 1515 годзе князь абмяняў са Шчэпай свае поле і сенажаці ў Навадворцы на яго поле і сенажаці ў Лукаўцы.[3]

На думку Аляксандра Грушы, магчыма, князь Фёдар Іванавіч асабліва ставіўся да Фёдар Шчэпы.[1]

Шчэпа меў маёнткі і ў Пінскім павеце. Частку іх атрымаў ад першай жонкі — Марыны Юхнаўны Анцушкавічоўны — Гогалеў дварэц, двор у Жабчычах з дварышчамі ў розных сёлах, выслужаныя яе продкамі ў вялікіх князёў Вітаўта і Жыгімонта. Пэўны час распараджаўся і маёнткамі другой жонкі — Святохны Грычыны, але яна перажыла Шчэпу і перадала свае маёнткі роднаму брату Гаўрыле Грычыне.[1]

На Попіс 1528 года баярын Фёдар Шчэпа ставіў з сваіх маёнткаў у Пінскім павеце 3 «коней», з маёнткаў у Клецкім — 2 «коней», то-бок меў 40 «службаў» падданых і быў адным з багацейшых баяр у колішніх уладаннях князя Фёдара Іванавіча Яраславіча.[2]

У першым шлюбе меў сына Івана.

Крыніцы правіць

  1. а б в Груша 2021, с. 59.
  2. а б Груша 2021, с. 58.
  3. Груша 2021, с. 58-59.

Літаратура правіць