Халасты́ радо́к — незарыфмаваны вершаваны радок у рыфмаваным творы. Халастымі бываюць няцотныя радкі паўбелага верша, напісанага чатырохрадкоўямі, і гэта з'яўляецца яго асноўнай прыметай. Халастыя радкі могуць ужывацца і ў іншых строфах. Так, у вершы П. Панчанкі «Коні», напісаным трохрадкоўямі, трэція радкі ва ўсіх строфах — халастыя радкі:

Дзівіліся мы, і дзівіліся фрыцы:
Такое ў сне толькі можа прысніцца
На сене духмяным.
З-пад лесу на поўдзень, нібы ў пагоні,
Імчаліся коні, бяз коннікаў коні,
Па лузе вячэрнім.

Рэгулярныя халастыя радкі — уласцівасць некаторых усходніх відаў строф: газэлі (першыя радкі двухрадкоўяў), рубаі (трэція радкі чатырохрадкоўяў) і інш. Асаблівы эфект узнікае пры неспадзяваным, непрадбачаным з'яўленні халастых радкоў на фоне зарыфмаваных. У гэтым выпадку парушаецца інерцыя рыфмовага чакання, на халасты радок і перш за ўсё на яго апошняе слова звяртаецца найбольшая ўвага.

Літаратура правіць