Чужая бацькаўшчына

«Чужая бацькаўшчына» — раман пісьменніка Вячаслава Адамчыка, напісаны ў 1977 годзе. Першая кніга тэтралогіі, куды ўвайшлі таксама раманы «Год нулявы», «І скажа той, хто народзіцца», «Голас крыві брата твайго».

Чужая бацькаўшчына
Аўтар Вячаслаў Адамчык
Мова арыгінала беларуская
Дата напісання 1977
Электронная версія

Дзеянне рамана адбываецца ў Заходняй Беларусі ў міжваеннай Польшчы, напярэдадні вайны з Германіяй і ажыццяўлення сацыяльных перамен. Часткова ў творы выкарыстаны асабісты досвед аўтара, які нарадзіўся ў апісваных мясцінах на Навагрудчыне.

У цэнтры твора выступае сям’я Корсакаў, жыхары вёскі Верасава. Стары Улас, удавец — сур’ёзны, паважлівы і разам з тым вельмі душэўны, дэлікатны чалавек. Яго дачка Алеся (па мужы Мондрая) — зусім іншы чалавек, прыгажуня, якая прагнула лепшае долі, чымся жыццё ў вёсцы, аднак была вымушаная выйсці замуж паводле прынцыпу «сцерпіцца — злюбіцца». Рана засталася ўдавой і жыве ў хаце свекрыві[1].

Імполь — маладзён, які наймаецца да Мондрых малаціць збожжа. Закахаўшыся ў яго, Алеся намагаецца стварыць шчаслівую сям’ю, якой ёй так не хапала ў першым шлюбе[1].

Алесін брат, Міця — носьбіт дабра і святла ў атмасферы паняверкі і змроку. Ён, у адрозненне ад свайго асяроддзя, прагне навукі і культуры. Веды, набытыя ім у польскай школе, не адхіляюць, але абвастраюць у ім успрыманне беларускага[1].

У «Чужой бацькаўшчыне» В. Адамчык выкрывае меркантыльнасць, уласніцтва, прагу нажывы, бездухоўнасць.

Узнагароды

правіць

За раман «Чужая бацькаўшчына» пісьменнік быў узнагароджаны Літаратурнай прэміяй імя Івана Мележа (1980), а за трылогію «Чужая бацькаўшчына», «Год нулявы», «І скажа той, хто народзіцца» атрымаў у 1988 годзе Дзяржаўную прэмію імя Якуба Коласа.

У культуры

правіць

Паводле рамана ў 1982 годзе зняты аднайменны фільм рэжысёра Валерыя Рыбарава.

Зноскі

  1. а б в Вячаслаў Адамчык — Чужая бацькаўшчына (Кароткі змест / Краткие содержания). Праверана 20 жніўня 2015.