Шастакі (Дрыбінскі раён)
Шастакі́[1] (трансліт.: Šastaki, руск.: Шестаки) — вёска ў Дрыбінскім раёне Магілёўскай вобласці. Уваходзіць у склад Первамайскага сельсавета.
Вёска
Шастакі
| ||||||||||||||||||||||
Геаграфія
правіцьЗнаходзіцца за 23 кіламетры на паўднёвы захад ад Дрыбіна, 51 кіламетр ад Магілёва, 40 кіламетраў ад чыгуначнай станцыі Цёмны Лес на лініі Орша — Крычаў.[2]
Рэльеф раўнінны. На ўсходзе мяжуе з лесам. Транспартныя сувязі па мясцовай дарозе праз вёскі Кароўчына, Барадзенкі, гарадскі пасёлак Дрыбін і далей па шашы Горкі — Расна.[2]
Гісторыя
правіцьЗа 2 кіламетры на паўднёвы захад ад вёскі, за 0,5 кіламетра на паўднёвы ўсход ад вусця безыменнага ручая (левага прытока Басі) знаходзіцца помнік археалогіі — стаянка каменнага веку. Гэта сведчыць пра засяленне мясцін з глыбокай старажытнасці. [2]
Згадваецца крыніцамі з 1604 года як Шастакі — сяло ў Бардзілаўскім войтаўстве Магілёўскай эканоміі Аршанскім павеце ВКЛ. У 1636 годзе сяло таго ж войтаўства і эканоміі, 15 валок зямлі. У 1742 годзе вёска Магілёўскай эканоміі, 20 валок зямлі, 41 дым, млын, карчма. [2]
Пасля першага падзелу Рэчы Паспалітай з 1772 года ў складзе Расійскай імперыі, у Магілёўскай губерні (з 1778 года Магілёўскае намесніцтва, у 1796 — 1802 у Беларускай губерні), з 1777 года ў Чавускім павеце. У 1785 годзе вёска, 56 двароў, 417 жыхароў, уладанне В. Я. Чычагава. У 1897 г. вёска ў Чэрнеўскай воласці, 79 двароў, 564 жыхары, меліся школа граматы, ветраны млын, капліца. У 1909 годзе 87 двароў, 666 жыхароў. [2]
З 26 красавіка 1919 года ў Гомельскай губерні РСФСР, з 4 мая 1922 года ў Магілёўскім павеце, з 9 мая 1923 года да 30 чэрвеня 1923 года ў Нічыпаравіцкай воласці З 20 жніўня 1924 года ў Кароўчынскім сельсавеце Лупалаўскага раёна Магілёўскай акругі БССР. З 2 сакавіка 1931 года ў Дрыбінскім, з 8 ліпеня 1931 года ў Чавускім, з 12 лютага 1935 года і з 29 снежня 1989 года зноў у Дрыбінскім раёнах, з 24 чэрвеня 1960 года да 20 чэрвеня 1966 года ў Первамайскім сельсавеце. [2]
У 1926 годзе хутары, 94 двары, 558 жыхароў, працавала хата-чытальня (з 1924 года). У 1940 годзе вёска, 102 двары, 511 жыхароў. [2]
У Вялікую Айчынную вайну з ліпеня 1941 года да 24 чэрвеня 1944 годзе пад акупацыяй Германіі. Падчас акупацыі спалена 8 двароў, акупанты загубілі 6 жыхароў, 19 чалавек вывезлі на прымусовыя работы ў Германію, 47 вяскоўцаў загінулі на фронце. [2]
З 1960 года вёска ў складзе саўгаса «Першамайскі», з 1 сакавіка 1961 года ў саўгасе «Кароўчына» (цэнтр — вёска Кароўчына). У 1985 годзе 100 гаспадарак, 176 жыхароў, меліся фермы буйной рагатай жывёлы і свінагадоўчая, бібліятэка, магазін. У 1998 годзе 58 гаспадарак, 89 жыхароў. [2]
З 30 мая 2001 года вёска ў складзе КСУП «Саўгас «Кароўчына» (цэнтр — вёска Кароўчына), працаваў магазін. У 2004 годзе 34 гаспадаркі, 46 жыхароў. У 2007 годзе 29 гаспадарак, 36 жыхароў. [2] У 2009 — 29 жыхароў.
З 20 лістапада 2013 года — у складзе Кароўчынскага сельсавета.[3]
У вёсцы існуе мемарыяльны комплекс памяці землякоў-удзельнікаў Вялікай Айчыннай вайны. Пасаджаны 82 маладыя дубы і столькі ж прозвішчаў на мемарыяльнай пліце. 7 мая 2016 года адкрыты мемарыяльныя дошкі ў гонар землякоў, якія вызначыліся ў гады Вялікай Айчыннай вайны: Міхаіла Фраловіча Сафонава, Дзмітрыя Гаўрылавіча Сухаварава. [4]
У 2019 годзе пачалося будаўніцтва драўлянага праваслаўнага храма. 7 лістапада 2021 года архіепіскап Магілёўскі і Мсціслаўскі Сафроній здзейсніў чын вялікага асвячэння храма ў гонар святых мучанікаў і вызнаўцаў Гурыя, Самона і Авіва. [5]
Планіроўка
правіцьАснову планіроўкі вёскі складаюць 3 прамалінейныя, паралельныя паміж сабой вуліцы, арыентаваныя з паўднёвага захаду на паўночны ўсход. Паміж імі папярочныя вуліцы. На цэнтральнай вуліцы сярод жылой забудовы размяшчаюцца драўляныя грамадскія будынкі. Забудова двухбаковая, шчыльная. Жылыя дамы драўляныя, сядзібнага тыпу. На паўночна-заходняй ускраіне вытворчы сектар. [2]
Насельніцтва
правіць- 1742 год — 41 дым
- 1785 год — 56 двароў, 417 жыхароў
- 1897 год — 79 двароў, 564 жыхары
- 1909 год — 87 двароў, 666 жыхароў
- 1926 год — 94 двары, 558 жыхароў
- 1940 год — 102 двары, 511 жыхароў
- 1985 год — 100 гаспадарак, 176 жыхароў
- 1998 год — 58 гаспадарак, 89 жыхароў
- 2004 год — 34 гаспадаркі, 46 жыхароў
- 2007 год — 29 гаспадарак, 36 жыхароў
- 2009 год — 29 жыхароў
Вядомыя асобы
правіць- Міхаіл Фролавіч Сафонаў (1925—1996) — удзельнік Другой Сусветнай вайны, поўны кавалер ордэна Славы.
Славутасці
правіць- Храм Гурыя Самона і Авіва (2021)
- Мемарыяльны комплекс памяці землякоў-удзельнікаў Вялікай Айчыннай вайны
Зноскі
- ↑ Назвы населеных пунктаў Рэспублікі Беларусь: Магілёўская вобласць: нарматыўны даведнік / І. А. Гапоненка і інш.; пад рэд. В. П. Лемцюговай. — Мн.: Тэхналогія, 2007. — 406 с. — ISBN 978-985-458-159-0. (DJVU). Сустракаецца таксама варыянт Шыстакі́
- ↑ а б в г д е ё ж з і к Шастакі // Гарады і вёскі Беларусі: Энцыклапедыя. Т. 3, кн. 1. Брэсцкая вобласць / рэдкал.: Г. П. Пашкоў (дырэктар) і інш. — Мн.: Беларуская Энцыклапедыя імя Петруся Броўкі, 2006. — С. 629. — 4 000 экз. — ISBN 985-11-0373-X.
- ↑ Решение Могилевского областного Совета депутатов от 20.11.2013 г. № 23-1 «Об изменении административно-территориального устройства некоторых административно-территориальных единиц Могилевской области» – Pravo.by (руск.). pravo.by. Праверана 5 чэрвеня 2024.
- ↑ вёска, Савецкая. В деревне Шестаки Дрибинского района были открыты мемориальные доски в честь земляков, отличившихся в годы Великой Отечественной войны (руск.) . dribin.by (7 мая 2016). Праверана 5 чэрвеня 2024.
- ↑ 8.11.2021 | Навіны | Афіцыйны партал Беларускай Праваслаўнай Царквы . church.by. Праверана 5 чэрвеня 2024.
Спасылкі
правіць- На Вікісховішчы ёсць медыяфайлы па тэме Шастакі (Дрыбінскі раён)