Шкуратоўскае падняцце

Шкурато́ўскае падня́цце (ад назвы вёскі Шкураты ў Брагінскім раёне) — тэктанічная структура ў Брагінскім раёне Гомельскай вобласці, ва ўсходняй скляпеністай частцы Хойніцкага пахаванага выступу Прыпяцкага прагіну, на мяжы з Брагінскім выступам. Выяўлена сейсмаразведкай у 1972 годзе і вывучана па паверхні фундамента і падсалявых дэвонскіх адкладах.

Па паверхні фундамента і падсалявых адкладах Шкуратоўскае падняцце — найбольш высокая паўднёва-ўсходняя частка чатырохвугольнага блока (10×6 км), абмежаванага скідамі амплітудай 400—1400 м і апушчанага на 400—500 м адносна Брагінскага выступу, Лубенікоўскага і Мікуліцкага блокаў, якія прылягаюць да яго на ўсходзе, поўначы і захадзе і паднятага на поўдні на 300 м адносна Астраглядскага блока. Скідамі паўночна-заходняга распасцірання Шкуратоўскае падняцце разбіта на паўднёвы і паўночны блокі. Паўднёвы блок апушчаны на 600 м адносна паўночнага, у яго межах паверхня падсалявых адкладаў апускаецца на паўночны захад ад адзнакі -1800 да -2100 м. У межах паўночнага блока паверхня падсалявых адкладаў апускаецца на поўнач ад -1200 да -2400 м. Па міжсалявых адкладах будова падняцця не вывучана, на большай частцы яны размытыя. Па паверхні верхнефаменскай саляноснай тоўшчы вывучаны два структурныя насы, якія прымыкаюць з захаду да зоны выкліньвання саляноснай тоўшчы. Яны раздзелены неглыбокім апусканнем і ўскладнены малаамплітуднымі падняццямі, якія не маюць выразнай сувязі з падсалявымі. Па падэшве каменнавугальных адкладаў падняцце не выражана. Сфарміравалася ў познафранскі і фаменскі час позняга дэвону.

Літаратура правіць