Лубенікоўскае падняцце

Лубеніко́ўскае падня́цце (ад назвы вёскі Лубенікі ў Брагінскім раёне) — тэктанічная структура ў Брагінскім і Хойніцкім раёнах Гомельскай вобласці, на ўсходзе паўночнага схілу Хойніцкага пахаванага выступу Прыпяцкага прагіну, на мяжы з Брагінскім выступам. Выяўлена сейсмаразведачнымі работамі. Выдзяляецца па паверхні фундамента, падсалявых, міжсалявых і верхнесаляносных дэвонскіх адкладах.

Па паверхні фундамента і падсалявых адкладах Лубенікоўскае падняцце — трохвугольны блок паменамі 12×16×21 км. На паўднёвым усходзе падняцце аддзяляецца разломам паўночна-ўсходняга распасцірання ад Мікуліцкага і Шкуратоўскага блокаў. На поўначы разлом субшыротнага распасцірання амплітудай 200—1000 м аддзяляе Лубенікоўскае падняцце ад Паўночна-Хойніцкага і Майскага блокаў. Паверхня падсалявых адкладаў апускаецца на поўнач ад адзнак -1000 да -2400 м. Па паверхні міжсалявых адкладаў блокавы характар падняцця захоўваецца, яно становіцца больш пакатым. Па паверхні верхнефаменскай саляноснай тоўшчы найбольш высокай частцы Лубенікоўскага падняцця адпавядае структурны нос паўднёва-ўсходняга распасцірання, які прымыкае на паўднёвым усходзе да зоны выкліньвання саляноснай тоўшчы. У заходняй апушчанай частцы блока невялкае Усходне-Хойніцкае падняцце, у паўночнай — Паўднёва-Майская сінкліналь. Па падэшве карбону Лубенікоўскае падняцце невыразнае. Сфарміравалася падняцце ў познафранскі і фаменскі час позняга дэвону.

Літаратура правіць