Экстраардынарны прафесар
Экстраардынарны прафесар (лац.: professor extraordinarius) — пасада ў сістэме вышэйшай адукацыі Германіі і шэрагу іншых краін, чыя навукова-адукацыйная сістэма арганізавана па германскім узоры. У шырокім сэнсе абазначае асобу, якая мае навуковую ступень (часцей за ўсё хабілітаванага доктара), працуе на прафесарскай пазіцыі ў вышэйшай навучальнай установе, але не мае яшчэ ўласна навуковага звання прафесара.
У пачатку ХХ стагоддзя сярэдняя зарплата ардынарнага прафесара ў Германіі была ў два разы больш, чым у экстраардынарнага, і ў дзевяць разоў больш, чым у прафесара (выкладчыка), які толькі пачынаў сваю навукова-педагагічную кар'еру. Экстраардынарны прафесар не кіраваў кафедрай і не з'яўляўся членам вучонага савета факультэта. Сёння паспяховыя нямецкія даследчыкі часта спачатку займаюць пазіцыю экстраардынарнага прафесара ў сваім універсітэце, каб з часам атрымаць пасаду ардынарнага прафесара ў іншым універсітэце.
У Расіі першы экстраардынарны прафесар з'явіўся ў Маскоўскім універсітэце ў 1766 годзе.
У Польшчы да 2018 года для абазначэння падобнай пасады ўжываўся нацыянальны адпаведнік надзвычайнага прафесара (польск.: profesor nadzwyczajny), а з 2018 года выкарыстоўваецца найменне прафесара вучэльні (польск.: рrofesor uczelni). Таксама каб адрозніваць звычайных і надзвычайных прафесароў у Польшчы склалася традыцыя для звычайных прафесараў зазначаць гэта перад навуковай ступенню і прозвішчам (польск.: Prof. dr hab. Jan Nowak), а для надзвычайных прафесараў — пісаць гэта ўжо пасля прозвішча з абавязковым зазначэннем ВНУ, якая працаўладкавала навукоўца на гэтую пасаду (польск.: dr hab. Jan Nowak, prof. UJ).